Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Порна на МузТВ — хуліганства або піяр канала


Магілёўскія журналісты шукаюць сьляды затрыманага супрацоўніка «БелМузТВ», якога вінавацяць у тым, што ён паставіў у эфір канала парнаграфічны ролік. Ураджэнцам Магілёва назваў затрыманага прадстаўнік Сьледчага камітэту.

Магілёўскі журналіст Алесь Буракоў быў пазаштатным супрацоўнікам абласной студыі тэлебачаньня ў 1998-2002 гадах. Ён рыхтаваў моладзевыя ток-шоў.

Буракоў кажа:

«Я высьветліў, што гэты хлопец у дзяржаўнай Тэлерадыёкампаніі „Магілёў“ не працаваў. Не працаваў ён і на прыватнай тэлевізіі „Магілёў-2“. Што да кіраўніка „БелМузТВ“ Аляксандра Капёнкіна, то яго я яшчэ засьпеў на магілёўскім тэлебачаньні. Ён разам зь Ягорам Рыбаковым зьехаў у Менск на „Белтэлерадыёкампанію“. Спадар Капёнкін мог узяць хлопца, якога затрымалі, і не з тэлебачаньня. Проста ён ягоны знаёмец, альбо чыйсьці пратэжэ. Затрыманы хлопец на канале не выконваў нейкіх творчых функцыяў, а толькі тэхнічныя. Я сумняваюся, што яму праплацілі за ўчыненае, потым зачынілі канал. Я лічу, што гэта было хуліганства, якое прывяло (ён можа і сам таго не чакаў) да такіх наступстваў».

Яшчэ адзін журналіст Дзяніс Васількоў таксама заяўляе, што ў магілёўскім прафэсійным асяродзьдзі пра таямнічага Ўладзімера ня чулі:

«Ён адразу неяк зь Менску пачаў працаваць. Я меў гутаркі з відэаінжынэрамі, апэратарамі. Усе яны цьвердзяць, што ня ведаюць хто ён такі. Пра прозьвішча, то я чуў — «Самсонаў». У Магілёве ёсьць Уладзімер Самсонаў, але ён вядомы спартовец у настольным тэнісе. Мы прапрацоўваем наступную тэму: «Калі расьсьледаваньне справы будзе адбывацца марудна, а потым усё спусьцяць на тармазах, то гэта піяр канала. І калі затрыманаму дадуць умоўны тэрмін, то гэта зноў жа піяр чыстай вады. Шмат людзей упершыню даведаліся пра канал „БелМузТВ“ пасьля таго, як прачыталі, што на ім паказалі парнаграфічны ролік, таму вэрсію пра піяр выключаць нельга».

13 красавіка на канале «БелМузТВ» прыкладна ў 15:50 цягам 10 хвілін дэманстравалася жорсткае порна. Па гэтым факце 14 красавіка была заведзеная крымінальная справа супраць тэхнічнага супрацоўніка канала ўраджэнца Магілёва, 1985 году нараджэньня, які жыве апошнім часам у Менску. Сьледчы камітэт кваліфікаваў ягоныя дзеяньні як «публічную дэманстрацыю матэрыялаў парнаграфічнага зьместу з выкарыстаньнем сетак электрасувязі агульнага карыстаньня».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG