Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка скрытыкаваў працу энэргетыкаў, адзначыўшы, што тыя стварылі ўласную «дзяржаву ў дзяржаве» з крымінальным адценьнем.

Па яго словах, непразрыстасьць мэханізмаў фармаваньня коштаў на паслугі цепла- і электразабесьпячэньня, а таксама няспынны рост тарыфаў выклікаюць нэгатыўную рэакцыю як суб’ектаў гаспадараньня, так і насельніцтва, на чым, у сваю чаргу, пачынаюць актыўна спэкуляваць праціўнікі беларускай улады. У зьвязку з гэтым кіраўнік краіны даручыў Камітэту дзяржкантролю правесьці дэталёвую праверку абгрунтаванасьці тарыфаў, якія фармуюцца ў кабінэтах энэргетыкаў.

На нарадзе ў пытаньнях функцыянаваньня беларускай энэргетыкі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што кіраўнікі галіны заснавалі незалежную арганізацыю «з элемэнтамі мафіі і банды»:
Гэта ўжо нейкая свая незалежная арганізацыя з элемэнтамі мафіі і банды

«Што гэта за палёгкі робяцца для Мінэнэрга ў выглядзе заданьняў не такіх напружаных, як для іншых галінаў? Адрозна ад іншых сфэраў, поўная адсутнасьць матэрыяльнай адказнасьці за іх невыкананьне. Энэргетыкі ў нас сфармавалі супольнасьць, якую можна назваць „дзяржавай у дзяржаве“. Гэта ўжо нейкая свая незалежная арганізацыя з элемэнтамі мафіі і банды. Вызначылі ліміты на спажываньне электраэнэргіі і прыроднага газу. Ну што ж, правільна. Але плату за іх перарасход Мінэнэрга забірае ў свой кацёл. То бок выкарыстоўваюць на сваё разуменьне, а ня строга паводле мэтавага прызначэньня на энэргазьберажэньне. Так таксама справа ня пойдзе. Як бачыце, праблемаў больш чым дастаткова».

Лукашэнка падкрэсьліў, што няўзгодненасьць энэргетычнай палітыкі абвастрае супярэчнасьці паміж рознымі галінамі, узмацняючы праблему перакрыжаванага субсыдыяваньня. Па яго словах, дайшло да таго, што прамысловыя прадпрыемствы і арганізацыі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі папросту адмаўляюцца ад паслугаў Міністэрства энэргетыкі і ствараюць магутнасьці, якія дублююць функцыі ведамства. У выніку энэргетычныя структуры становяцца больш стратнымі, а пакрываць свае выдаткі энэргетыкі плянуюць за кошт насельніцтва і бюджэту. «Такая пазыцыя для дзяржавы контрапрадуктыўная», — канстатаваў Лукашэнка.

Колішні кіраўнік жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Менску, эканаміст Іван Анташкевіч сумняецца, што прэзыдэнцкія заявы моцна напалохаюць энэргетыкаў. Па яго словах, пакуль што насельніцтва плаціць за паслугі нават не палову ад рэальнага кошту, так што рост тарыфаў папросту непазьбежны. Адзінае, што ўздымаць плянку сапраўды трэба паступова і з аглядкай на рэальныя прыбыткі людзей:

Іван Анташкевіч

Іван Анташкевіч

«Ну а што яшчэ застаецца? Тарыфы будуць і павінны расьці, пакуль існуюць цяперашнія суадносіны. Урэшце рэшт, мы ж некалі плацілі 50 на 50, але ж тады і заробак быў крыху іншы. Яшчэ раней паціху трэба было штосьці падвысіць, штосьці да лепшых часоў прытрымаць. Але як зрабілі, так зрабілі. Цяпер вось адказваюць. Як ні круці, і праезд будзе даражэць, і той жа бэнзін. Але, па вялікім рахунку, калі гаварыць пра рынак, у нас самі па сабе кошты мізэрныя (маю на ўвазе ў лічбавым выражэньні). Гэта тычыцца і жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, і іншых сфэраў. Цэны яшчэ далёка ня тыя, якія б маглі быць ва ўмовах рынку. Я не кажу пра прадукты харчаваньня, якія разам з важнымі прамысловымі таварамі ўжо даўно як эўрапейскія. Але што да ЖКГ ці таго ж бэнзіну, то гэтыя пазыцыі таньнейшыя, чым у суседніх эўрапейскіх краінах, і пры рынку яны будуць расьці ўгару. Праўда, і пра заробкі нельга забывацца, трэба ж улічваць усе моманты. Адным словам, гэта ўсё адлюстраваньне хваробы нашай эканомікі, праявы складанага пераходнага пэрыяду».

Энэргетыкі спасылаюцца на тое, што мусяць прыстасоўвацца да ўмоваў, якія ім стварыла сама дзяржава. Так, прадстаўніца аб’яднаньня «Белэнэрга» Ніна Грачыха кажа, што да ўвядзеньня лімітаў на спажываньне электраэнэргіі паводле ільготнага тарыфу Беларусь істотна прайгравала партнэрам па Мытным зьвязе, таму сытуацыя папросту прымушае іх заставацца канкурэнтаздольнымі:
Тарыфы для насельніцтва: у Расеі — 7,75 цэнта за кіляват-гадзіну, у Беларусі сярэдні адпускны тарыф складае 3 цэнты

«Усе ведаюць, што Беларусь уступіла ў Мытны зьвяз, і нашы прадпрыемствы сёньня павінны быць канкурэнтаздольныя на рынку адзінай мытнай прасторы. Дык вось некаторая параўнальная дынаміка па тарыфах, якія дзейнічаюць для рэальнага сэктару эканомікі — прамысловасьці — і для насельніцтва. У Расеі тарыф для рэальнага сэктару складае 88,9 цэнта за кіляват-гадзіну, тады як у Беларусі — 13,8 цэнта. Тарыфы для насельніцтва: у Расеі — 7,75 цэнта за кіляват-гадзіну, у Беларусі сярэдні адпускны тарыф складае 3 цэнты. Дык вось, калі параўноўваць тарыфы для насельніцтва і тарыфы для рэальнага сэктару, яны ў корані адрозьніваюцца ў Беларусі ў параўнаньні з Расейскай Фэдэрацыяй».

Аляксандар Лукашэнка абрынуўся на энэргетычную сфэру ў самых розных напрамках яе дзейнасьці. Спыніўшыся на інвэстыцыйных праектах, заявіў, што павальна мае месца завышэньне кошту працаў, заключэньне дамоваў з патэнцыйнымі банкрутамі і пасярэдніцкімі кампаніямі; квітнеюць крадзяжы, адкаты, карупцыя; пашырана практыка набыцьця няякаснага ці нават кантрафактнага абсталяваньня. Як вынік — зрыў тэрмінаў рэалізацыі стратэгічных праектаў. Таксама Лукашэнка адзначыў неэфэктыўнасьць экспарту электраэнэргіі, які не пакрывае першапачатковых выдаткаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG