Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліна Качаткова: Быць праваабаронцам для пісьменьніка карысна


Паліна Качаткова

Паліна Качаткова

Імя Паліны Качатковай многія звыклі атаясамліваць з праваабарончай дзейнасьцю, з цэнтрам «Вясна», дзе яна шмат гадоў працавала.

Таму яе кніга прозы «Матылі» для шмат каго сталася неспадзяванкай. Штодзённае знаходжаньне на вастрыі чужога болю — ці спрыяе гэта мастацкай творчасьці? Ці лёгка напісаць кнігу супольна з аўтарам, які знаходзіцца за кратамі? Аўтарка кнігі — госьцем «Вольнай студыі».

— Паліна, калісьці даволі даўно, гадоў дваццаць таму, выйшаў у сьвет зборнік кароткай прозы пад назвай «Перад тваімі вачыма», дзе былі надрукаваныя два твае апавяданьні. З тае пары я чакаў тваю кнігу. Чаму так доўга давялося чакаць?

— І я з тае пары чакала. І нарэшце дачакалася. Адно з тых даўніх апавяданняў — «На вакзале» — мне і цяпер вельмі сымпатычным падаецца. А чаму так доўга... Гэта пытаньне да выдаўцоў. Я ня ведаю, чаму ў мяне дагэтуль не было кнігі. Я ня ведаю, як так атрымалася, што яна адносна нядаўна выйшла. Можа, у мяне лёгкая ступень аўтызму ці сацыяльная наіўнасьць, але я сапраўды ня ведаю, як выходзяць кнігі, што пісьменьніку трэба для гэтага рабіць. Летась да мяне падышоў Барыс Пятровіч і прапанаваў выдаць кнігу ў сэрыі «Кнігарня пісьменьніка». Я даслала тэкст, і кніга вышла.

— «Матылі» ўваходзілі ў лонг-ліст сёлетняй прэміі Гедройца. Шчыра кажучы, я не спадзяваўся, што ты станеш ляўрэаткай, але мне было проста прыемна бачыць там тваё імя, як і імёны Андрэя Федарэнкі і Алены Брава. У маіх вачах гэта падвышала саму прэмію. Калі журы цябе адсеяла, ты перажывала?

— Я не перажывала. Гэта іншае пачуцьцё. Я была вельмі зьдзіўленая
Мяне абурыла тое, што ўжо другі год сярод ляўрэатаў прэміі Гедройца няма жанчынаў — гэта гендэрная дыскрымінацыя
кнігамі, якія трапілі ў шорт-ліст. Мяне абурыла тое, што ўжо другі год сярод ляўрэатаў прэміі Гедройца няма жанчынаў — гэта гендэрная дыскрымінацыя, якая вельмі характэрная для нашага традыцыйнага грамадзтва. Хаця ў гэтым годзе на прэмію намінавался кніга Алены Брава «Рай даўно перанаселены», якая вартая прэміі. Сёлетні ляўрэат Уладзімер Някляеў у інтэрвію Радыё Свабода сказаў, што прэмія дае дадактовую энэргію для творчасьці. Думаю, гэтую энэргію мусяць атрымліваць ня толькі літаратурныя «цяжкавагавікі». Энэргія патрэбная і тым аўтарам, якія аніякіх прэмій ніколі ў жыцьці не атрымлівалі.

— Калі чытаў тваіх «Матылёў», я зразумеў, што падабенства прозы і паэзіі яшчэ і ў адсутнасьці лішніх словаў. Ад каго ў цябе такі выкшталцоны ляканічны стыль?

— Ад маці, напэўна, ад маці. Мая маці вельмі адчуальная да словаў. І лічыць, што я гавару шмат лішняга. Таму, пішучы, я вельмі ашчадна стаўляюся да пабудовы сказа, старанна падбіраю менавіта тое слова, якое патрэбнае. Таму і пішу вельмі марудна. Для мяне гэта цяжкі працэс. Я мысьлю вобразамі, але не атрымліаю задавальненьня ад пераносу гэтых вобразаў на паперу. Я заўсёды імкнулася пісаць так, каб праз словы, сынтаксычныя канструкцыі ствараць іншую рэальнасьць. Каб заставалася ўражаньне, як ад сьненьня. Быццам прачынаесься, а ўсё ня можаш адысьці ад сну, працягваеш думаць пра тое, што прысьнілася. Нібыта ў сьне было ўсё, як і на яве, а ўсё ж іначай. Мной вельмі мала напісана, бо я хачу, каб тэксты не былі пустымі. На вокладцы «Матылёў прыводзіцца цытата: «Ёсьць словы, якія ня варта гаварыць». Гэта, дарэчы, сказана маёй маці. Так яна мне гаворыць.

— «Матылі» якраз і падабаюцца мне сваёй мовай — не плястмасавай, не дыстыляванай, як часам бывае ў сучасных творцаў. Роўнай, як дыханьне. А як ты ставісься да трасянкі, на якой маладыя пісьменьнікі пішуць цэлыя кнігі?

— У штодзённым жыцьці, у размовах і перапісцы (напрыклад, па скайпе) я сама часам карыстаюся трасянкай. Вядома, каб я была чараўніцай і магла рабіць цуды, то зрабіла б так, каб усе гаварылі на выкшталцонай беларускай мове. На жаль, сёньня трасянка — гэта частка нашай рэчаіснасьці. Але кніг на трасянцы я не чытала. Сама пісаць на ёй ні ў якім разе не пляную. Але на побытовым узроўні, паўтаруся, трасянка цалкам дапушчальная.

— На сайце kаmunikat.org я з задавальненьнем прачытаў твой раман «Паэт» — пра Максіма Багдановіча. На жаль, ён існуе пакуль толькі ў электронным выглядзе. Пра Багдановіча, як мне падаецца, вядома літаральна ўсё. Ці засталіся для цябе нейкія неадкрытыя таямніцы ў ягоным жыцьцяпісе?

— Насамрэч пра Максіма Багдановіча мы вельмі мала ведаем. Жыцьцё яго — таямніца. Архіў паэта быў страчаны падчас Другой сусьветнай вайны. Памятаю, як у 10-ай клясе перад самымі выпускнымі іспытамі я пачала чытаць кнігу Міхася Стральцова «Загадка Багдановіча». Кніга захапіла мяне, постаць Багдановіча была прыцягальнай, таямнічай і містычнай, а ўсё загадкавае, таямнічае і містычнае мяне заўсёды вабіла. Багдановіч так і застаўся загадкай, хаця і зразумела, што я ведаю пра Багдановіча значна больш, чым шэраговы чытач. Вядома, што ў 20-я гады, калі ў Інбелкульце апрацоўвалі архіў паэта, перададзены ягоным бацькам, Адамам Багдановічам, праца была ня скончаная. Людзі, якія займаліся архівам, былі рэпрэсаваныя. Ня выйшаў і заплянаваны трэці том Збору твораў, у якім мусіла быць перапіска паэта... Для мяне асабіста таямніцай застаецца сяброўства Максіма Багдановіча з Дыядорам Дзябольскім, якому прысьвечаны верш «Быць можа, пуціна жыцьця / лягла пярсьцёнкам, друг. / I я ў краіне забыцьця / ня раз раджаўся, як дзіця, / прайшоўшы поўны круг». У часы сталінскіх рэпрэсій Дыядор Дзябольскі быў арыштаваны як сябра таемнай суполкі ілюмінатаў. Ён цікавіўся астраноміяй, яны з Максімам Багдановічам часта гаварылі пра зоркі, і таму ў вершах паэта Багдановіча шмат зорак і камэтаў. Дыядор Дзябольскі пасьля вызваленьня зь лягеру напісаў вельмі кранальныя ўспаміны пра Максіма Багдановіча, але шмат што засталося і па-за ўспамінамі. Менавіта пра гэтае сяброўства я і паспрабавала распавесьці ў рамане «Паэт».

— Я вельмі паважаю тых пісьменьнікаў, якія апрача сваіх рыхтуюць да выданьня кнігі тых, хто сам гэтага зрабіць ня можа. У тваім выпадку я маю на ўвазе літаратуразнаўчую кнігу Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя беларушчынай». Складана было працаваць з аўтарам, які знаходзіцца ў турме?

— Мне было прыемна працаваць зь Бяляцкім, нягледзячы на тыя ўмовы,
Цяпер мы з Алесем Бяляцкім працягваем сумесную працу — пішам кнігу пра Літаратурны музэй Максіма Багдановіча ў Менску
у якіх ён сёньня знаходзіцца. Мы ўсе ў пэўным сэнсе ў турме, нават тыя, хто на волі. Кнігу «Асьвечаныя беларушчынай» Алесь Бяляцкі плянаваў выдаць да свайго 50-годзьдзя. Ён пачаў яе рабіць, але не закончыў, бо 4 жніўня 2011 году быў арыштаваны. Я дапамагла Алесю закончыць. Праца ішла праз ліставаньне. І лісты акуратна даходзілі, апрача карэктуры, якая так і ня трапіла на вычытку аўтару. Цяпер мы з Алесем Бяляцкім працягваем сумесную працу — пішам кнігу пра Літаратурны музэй Максіма Багдановіча ў Менску, дзе амаль дзесяць гадоў ён быў дырэктарам, а я — супрацоўніцай.

— Бяляцкі ў турме ўжо амаль год з паловай. Як ты лічыш, ці дастаткова беларускае грамадзтва праяўляе сваю салідарнасьць зь ім?

— Бяляцкі цягам 15 гадоў дапамагаў людзям. Я гэта бачыла на свае вочы. І сёньня чым болей будзе аб’ектыўнай інфармацыі пра Алеся, тым лепей. Гэта вельмі важна ў кантэксьце той кампаніі шальмаваньня, якая вядзецца супраць яго ў дзяржаўных СМІ — пачынаючы ад БТ і ОНТ да раённых газэтаў. Алесь ведаў, што можа трапіць у турму — за абарону правоў чалавека. Зрэшты, ён ведаў, што можа трапіць за краты, яшчэ з 1983 году, калі пачаў прымаць удзел у моладзевых суполках, якія ставілі сабе за мэту незалежнасьць Беларусі. Падчас у працы ў «Вясьне» Алесь аказваў рэальную дапамогу людзям. І цяпер, калі ён за кратамі, любая праўдзівая інфармацыя зьяўляецца падтрымкай для Алеся. Гэта тое, чым мы можам яму дапамагчы. І тут няма абмежаваньняў.

— Нядаўна ўсе сайты абляцела сэнсацыя — знойдзеныя невядомыя сцэнары Ўладзімера Караткевіча. Я ведаю, што і ты займаесься сцэнарапісаньнем. Гэта патрэба душы, ці нешта менш прыемнае?

— Мне, вядома ж, хацелася б быць такой паветранй феяй, якая ўсё робіць дзеля патрэбаў душы. Але так не атрымліваецца, хаця я імкнуся спалучаць. Я супраць сьмяротнага пакараньня, таму пішу сцэнары па гэтай тэме. Я хачу,
Я супраць сьмяротнага пакараньня, таму пішу сцэнары па гэтай тэме
каб людзі даведаліся і зразумелі, як гэта жахліва. Большасьць людзей выступае за сьмяротнае пакараньне, але мала хто ведае, як яно адбываецца. Да таго ж, у краінах з дыктатарскім рэжымам сьмяротнае пакараньне можа выкарыстоўвацца для расправы з палітычнымі апанэнтамі, а таксама для зьнішчэньня сьведкаў злачынства ўладаў. Я не пішу сцэнары пра тое, што мне не цікава. Апошні зацьверджаны сцэнар — «Людвіка». Фільм пра Людвіку Кардзіс — адданую беларуску, якая спрабуе адрадзіць беларускі музэй у сучаснай Вільні, пра повязь часоў і пераемнасьць пакаленьняў віленскіх беларусаў. Пра трагічныя лёсы беларускіх дзячоў і беларускай культуры на сучасным этапе, калі ў самой Беларусі пануе аўтарытарны рэжым Лукашэнкі.

— Ты шмат гадоў займалася праваабарончай дзейнасьцю ў цэнтры «Вясна». Быць праваабаронцам для пісьменьніка карысна? У сэнсе знаходжаньня сюжэтаў і г.д.

— Вельмі карысна. Асабліва ў пляне засваеньня гуманістычных і антыталітарных каштоўнасьцяў. Пісьменьнік мае магчымасьць атрымаць пэўны сфакусаваны погляд на жыцьцё. Падчас працы ў праваабарончым цэнтры «Вясна» мы з Тацьцянай Равяка і Тацьцянай Сьнітко зрабілі дакумэнтальную кнігу «Трагэдыя на Нямізе». Тады да нас зьвярталася бацькі загінулых, яны апавядалі свае гісторыі. І было б вельмі крыўдна і несправядліва, каб усё гэта бясьсьледна зьнікла. Так што праваабарончая дзейнасьць дае шмат. У мяне апошнім часам узьнікла такая думка — добра было б правесьці нейкі сэмінар для пісьменьнікаў, дзе патлумачыць ім, што такое правы чалавека. Бо часам у інтэрнэт-дыскусіях з удзелам пісьменьнікаў узровень ксэнафобіі проста зашкальвае. Іх стаўленьне да меншасьцяў (самых розных) выглядае нецывілізаваным.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG