Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віленская пракуратура абураецца заявамі паліцыі аб самагубстве Вайніцкага


Віленская акруговая пракуратура абураная цьверджаньнямі віленскай паліцыі, нібыта беларускі грамадзкі дзяяч Раман Вайніцкі скончыў самагубствам, адчуўшы небясьпеку з-за прамантачваньня грошай, атрыманых ад Эўразьвязу.

Супрацоўнік пракуратуры Роландас Імбрасас, які курыруе справу Вайніцкага, выказаў абурэньне пазыцыяй паліцыі, якая палягае ў тым, што пацярпелы скончыў жыцьцё самагубствам: «Цікава, як можна ўчыніць самагубства з завязанымі рукамі і нагамі ды залепленым ротам. Гэта вельмі цікава». Пра гэта паведамляе партал balsas.lt.

Праўда, пракурор адмовіўся падаць іншыя вэрсіі, аднак запэўніў, што чалавек ня можа забіць сябе, калі ў яго зьвязаныя рукі.

Ёсьць меркаваньне, што цьверджаньнем пра самагубства паліцыя спрабуе закрыць справу, якая зайшла ў тупік. Хоць крыніцы парталу balsas.lt паведамляюць аб затрыманых, пракурор Р.Імбрасас абвергнуў гэта, цьвердзячы, што кола падазраваных было выяўленае, але затрымліваць некага зь іх не было падставаў.

Сябры забітага паведамілі парталу, што Вайніцкі быў унікальнай асобай і ніяк ня мог скончыць самагубствам з-за растраты грошай ЭЗ: «У яго было нямала ворагаў. Можа, грошы і былі прычынай ягонай сьмерці, аднак гэта ніяк не было самагубства, нехта яму дапамог».

Цела Вайніцкага 6 сакавіка сёлета знайшла жонка, не дачакаўшыся мужа з падвалу. Ён ляжаў на падлозе з завязанымі рукамі і нагамі і залепленым ротам.

Экспэрты не знайшлі на целе відавочных сьлядоў гвалту, заўважаныя былі толькі некалькі кровападцёкаў і драпін, якія, паводле начальніка Віленскай акруговай паліцыі Кястуціса Ланчынскаса, маглі ўзьнікнуць ад ляжаньня на падлозе. «Пакуль што няясная і сапраўдная прычына сьмерці. Вядома, што Вайніцкі памёр ад спыненьня сэрца. Аднак чаму яно спынілася, яшчэ высьвятляецца», — сказаў Р.Імбрасас.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG