Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падобна на менскі выбух 4 ліпеня 2008 году – першая думка, якая прыйшла ў галаву, калі прачытаў і ўбачыў кадры тэрарыстычнай атакі ў Бостане. Не мегатэракт кшталту 11 верасьня 2001 году з тысячамі загіблых, самаробныя прыстасаваньні, два і не выбухнулі, нават мэталічныя шарыкі, як ў Менску тады. Выбух у бібліятэцы, які грымнуў неўзабаве пасьля выбухаў на маратоне, наводзіць на думку пра сплянаваную акцыю.

Чыю? Пакуль пэўнага адказу няма. Паведамляецца пра аднаго затрыманага, нібыта ўраджэнца Савудаўскай Арабіі, што робіць праўдападобнай вэрсію пра ісламісцкі сьлед. Прычым, неабавязкова арганізаваны, кіраваны разгалінаванымі і спрактыкаванымі ў забойчым рамястве арганізацыямі кшталту “Аль-Каеды”. Маглі быць і самастойныя радыкалы, жадаючыя адпомсьціць, скажам, за бін Ладэна. Нагодаў знойдзецца. Могуць быць нейкія спэцыфічныя, значныя для радыкалаў, сюжэты, якія і ў галаву ня прыйдуць. У відэазапісу размовы бін Ладэна з нейкім шэйхам, зробленым у Аўганістане пасьля 9/11, лідэр “Аль-Каеды” казаў, што атака на вежы-блізьняты – помста за вайсковую прысутнасьць ЗША ў Савудаўскай Арабіі. Ну а зараз у Аўганістане ідзе вайна, якая заўсёды дае нагоды для нянавісьці.

Выбух у бібліятэцы хутчэй не на карысьць вэрсіі вар’ята-адзіночкі, хаця і яе нельга выключаць. Многія ня вераць у афіцыйную вэрсію выбуху ў менскім мэтро, але знайсьці нейкіх замоўшчыкаў ці арганізатараў, якія б стаялі за сьпіной Брэйвіка, нарвэскія сьледчыя таксама ня здолелі. Той, праўда, быў ідэалягічны вар’ят, але ўсё роўна вар’ят. Ніхто ніякіх замоўшчыкаў ці натхняльнікаў не знайшоў за даволі частымі выпадкамі, калі ў амэрыканскіх школах ці іншых публічных месцах чарговы вар’ят расстрельваў сваіх суграмадзянаў.

Гэта варыянт – у пэўным сэнсе самы горшы. Колькі-небудзь значных тэрактаў у ЗША не было з 11 верасьня 2001 году. На барацьбу з тэрарызмам ЗША патрацілі трыльёны даляраў, яны вялі дзьве вайны, заплацілі жыцьцямі многіх сваіх салдатаў. І няўжо ўсё марна?

Прэм’ер Нарвэгіі пасьля ўчыненага Брэйвікам заявіў, што нарвэскае грамадзтва адкажа на тэракт яшчэ большай адкрытасьцю. Наўрад ці такой будзе рэакцыя Амэрыкі на ўчорашняе злачынства. У Бостане меў месца сьляпы тэрор, яго выканаўца не выбіраў ахвяраў – белыя, чорныя – хто патрапіць, той і падыходзіць.

Паколькі ў адрозьненьні ад злачынства Брэйвіка выканаўца бостанскага нападу невядомы, то адкрываецца шырокае поле для вэрсіяў. І тут карысны дапаможны прыём пошуку – каму выгадна - робіцца пасткай, шляхам у вар’яцкую кансьпіралёгію, якая можа спаборнічаць з вар’яцтвам забойцаў. А можа Абаме тое выгадна? А можа Пуціну? А можа Лукашэнку? А можа трасцы з халерай? Аднесьці магчымыя выгады можна да каго заўгодна. У чым, дарэчы, можа і быць разьлік тэрарыстаў.

Наўрад ці бостанскія выбухі пройдуць, як праходзяць тыя самыя расстрэлы ў школах. Ужо надта падобна на 9/11, хай і ў значна меншым маштабе. Гэта безумоўна будзе мець значныя наступствы. Калі нават размова ідзе пра тэракт вар’ята-адзіночкі, можна чакаць умацаваньня ролі спэцслужбаў і кантролю над грамадзкім жыцьцём, адключэньне мабільнай сувязі ў Бостане пасьля тэракту стала своеасаблівым сымбалем будучага адказу.

Ну а калі ўсё ж такі ісламісцкі сьлед пацьвердзіцца, то наступствы будуць больш шырокія і разнастайныя. Скажам, графік вываду войскаў з Аўганістану можа быць ссунуты на больш позьні тэрмін. Нават на значна больш позьні. Бо тым хлопцам лепш супрацьстаяць пад Кандагарам, чым пад Бостанам.
З Сірыяй больш складана. Бостанскія выбухі могуць мець значныя наступствы як для Башара Асада, гэтак і для яго апанэнтаў. Адзін з лідэраў сірыйскіх паўстанцаў заўважыў, што сьвет не павінен зважаць на даўжыню бародаў яго паплечнікаў. Насамрэч, гэта мела пэўнае значэньне і да Бостана, да 04 /15 , алепасьля яго гэты чыньнік будзе больш складана ігнараваць.

Дык можа ў тым і мэта? Ня ў тым, шаноўнае спадарства. Як адзначаў вэтэран амэрыканскай палітыкі і паліталёгіі Зьбігнеў Бжэзінскі, гісторыя ў значна большай ступені вынік хаосу, чым змоваў. Вось хаос у Бостане ў чарговы раз і кінуў выклік цывілізацыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG