Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбухі у Бостане: 3 загінулых, 17 у крытычным стане


Ад выбухаў загінулі 3 чалавекі, у тым ліку 8-гадовы хлопчык, пацярпелых, па апошніх дадзеных, ужо 176. Стан 17 параненых - крытычны.

Каля трох гадзінаў дня ў панядзелак 16 красавіка (каля 19-й паводле менскага часу), на фінішнай лініі традыцыйнага Бостанскага марафону, адначасна адбыліся два выбухі. Яны былі магутнымі, выбуховыя прыстасаваньні былі закладзеныя на адлегласці 50-100 мэтраў адзін ад другога.

Іншых выбуховых прыладаў знойдзена не было. Пра гэта ва аўторак на прэсавай канфэрэнцыі паведаміў агент Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў Рычард Дэлар'ер, які ўзначальвае расьсьледаваньне прычынаў і акалічнасьцяў трагедыі.

Адказнасьць за выбухі пакуль ніхто на сябе не ўзяў, затрыманых па справе няма. Расьсьледаваньне працягваецца.

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама назваў выбухі ў Бостане «баязьлівым актам тэрору». Выступаючы ў аўторак, Абама, аднак, адзначыў, што пакуль не ясна, хто стаіць за выбухамі - ці дзейнічаў адзін чалавек, або група, ці ідзе гаворка пра замежныя арганізатараў і выканаўцаў. Абама паабяцаў, што вінаватыя будуць злоўленыя і прыцягнутыя да адказнасьці.

Міністар абароны ЗША Чак Хэйгел назваў выбухі "жорсткім тэрактам". Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў ЗША абвясьціла, што новай пагрозы тэракту ў Бостане няма.

Сусьветныя лідэры і кіраўнікі вядучых міжнародных арганізацый асудзілі тое, што адбылося ў Бостане. У прыватнасьці, як адзначыў генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун, гэты акт гвалту асабліва жудасны тым, што адбыўся на мерапрыемстве, закліканым зьяднаць людзей з усяго сьвету.

Грамадзяне Беларусі не пацярпелі ад выбухаў у Бостане. Пра гэта паведаміў беларускі МЗС са спасылкай на атрыманую па гарачай лініі мэрыі Бостана інфармацыю.




XS
SM
MD
LG