Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
У суботу прыкладна ў 15:50 пасьля музычнага кліпа «Ляпіса Трубяцкога» ў эфіры тэлеканалу «БелМузТВ» цягам прыкладна 10 хвілін дэманстравалася жорсткае порна. Абураныя гледачы патэлефанавалі ў службу тэхнічнай падтрымкі, і трансьляцыю спынілі.

Як магло такое здарыцца, якія наступствы чакаюць супрацоўніка «БелМузТВ», ці ёсьць пагроза закрыцьця тэлеканалу?

Паводле афіцыйнай вэрсіі, 13 красавіка ўдзень супрацоўнік «БелМузТВ» паставіў ролік з парнаграфіяй, выйшаў з пакоя, зачыніў мэталічныя дзьверы і зламаў ключ. Ахоўніку сказаў, што выйшаў пакурыць, і зьнік. Калі абураныя тэлегледачы патэлефанавалі ў службу тэхнічнай падтрымкі, давялося ламаць дзьверы, каб спыніць трансьляцыю і выклікаць міліцыю.

Дырэктар тэлеканалу «БелМузТВ» Аляксандар Капёнкін афіцыйна выбачыўся перад гледачамі. Гэта прагучала і ў эфіры, і паведамляецца на сайце «БелМузТВ». Дырэктар лічыць, што гэта — удар і па глядацкай аўдыторыі, і па іміджы канала. Што да асобы тэхнічнага супрацоўніка, які паставіў відэа, Аляксандар Капёнкін распавёў, што працаваў той на канале з жніўня 2012 году, чалавек ён даволі закрыты, замкнёны, але да працы ставіўся адказна.

Афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту па Менску Аляксандар Герасімаў паведаміў Радыё Свабода, што крымінальную справу завялі яшчэ ў нядзелю. Падазраваны — тэхнічны супрацоўнік каналу, ураджэнец Магілёва, 1985 году нараджэньня, пражывае апошнім часам у Менску. Зь месца здарэньня ён зьнік. Справа заведзеная паводле часткі 2 артыкула 343, бо Сьледчы камітэт кваліфікаваў ягоныя дзеяньні як «публічную дэманстрацыю матэрыялаў парнаграфічнага зьместу з выкарыстаньнем сетак электрасувязі агульнага карыстаньня»:

«Падчас апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў сёньня ўначы, прыблізна ў 0 гадзін 45 хвілін, падазраваны быў затрыманы ў Магілёве супрацоўнікамі Ўпраўленьня наркакантролю і супрацьдзеяньня гандлю людзьмі ГУУС Менгарвыканкаму і УУС Магілёўскага аблвыканкаму. Адразу ж ён быў дастаўлены ў Менск. Цяпер зь ім праводзяцца сьледчыя дзеяньні.

Папярэдне ён патлумачыў свой учынак дэпрэсіўным, прыгнечаным станам, які ў яго ўзьнік пасьля спрэчкі зь дзяўчынай».
Сьледчы камітэт папярэджвае, што за распаўсюд парнаграфіі ў глябальнай сетцы інтэрнэт таксама «сьвеціць» артыкул 343

Маладому чалавеку пагражае ад 2 да 4 гадоў пазбаўленьня волі. Да таго ж некаторыя надзвычай актыўныя гледачы спрабавалі разьмясьціць відэа, якое дэманстравалася па «БелМузТВ», у сацыяльных сетках. Сьледчы камітэт папярэджвае, што за распаўсюд парнаграфіі ў глябальнай сетцы інтэрнэт таксама «сьвеціць» артыкул 343, частка 2 Крымінальнага кодэксу і такія ж самыя тэрміны — ад 2 да 4 гадоў пазбаўленьня волі.

Начальнік прававога ўпраўленьня Міністэрства інфармацыі Тацяна Бондар паведаміла Радыё Свабода:

«Пакуль гэтае пытаньне не падлягае абмеркаваньню. То бок пакуль яшчэ зьбіраюцца доказы, факты, гэта будзе вывучацца, аналізавацца, і толькі потым кіраўніцтвам будзе прынятае рашэньне. То бок два магчымыя варыянты: ануляваньне пасьведчаньня і вынясеньне пісьмовага папярэджаньня».

Карэспандэнтка: «А ў іх не было папярэджаньня ў гэтым годзе?»

«Не, сёлета не было. За парушэньне заканадаўства — гэта першая мера, якая прымяняецца. Але якое канкрэтна будзе пакараньне за гэтае парушэньне вынесена Міністэрствам інфармацыі, гэтае пытаньне яшчэ ў стадыі абмеркаваньня».

Карэспандэнтка: «А гэта першы такі прэцэдэнт? Не было яшчэ такіх выпадкаў?»

«Прынамсі за час маёй працы не было такіх выпадкаў».

Паводле Закону аб СМІ, сродак масавай інфармацыі ў адпаведнасьці з заканадаўствам можа быць закрыты пры наяўнасьці некалькіх папярэджаньняў на працягу году. Цяпер канал «БелМузТВ» працуе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG