Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Паводка. «Палешукі сядзяць у хатах да апошняга»


У затопленым двары ў Хваенску, Жыткавіцкі раён. Фота Віктара Драчова, AFP

У затопленым двары ў Хваенску, Жыткавіцкі раён. Фота Віктара Драчова, AFP

Цёплае надвор’е паскорыла разьлівы рэк па ўсёй Беларусі. Па зьвестках Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, паводкаю й талай вадою ў рэспубліцы на 15 красавіка падтоплены звыш 250 жылых дамоў, 1137 падворкаў, 966 гаспадарчых пабудоваў.

Асабліва складаная сытуацыя з паводкай у басэйне Прыпяці — у Гомельскай і Берасьцейскай абласьцях.

Ад сёньняшняга дня з прычыны паводкі спынены заняткі ў школе-садку вёскі Хлу́пін Жыткавіцкага раёну:

«Дзеці цяпер ня вучацца — вада. У школу толькі ў рыбацкіх ботах — у кароткіх ня дойдзеш. Дзеткі пакуль дома, а там як будзе, ня ведаю. Калі доўга будзе стаяць вада, то, магчыма, у Азяраны будуць вазіць ці яшчэ куды».

Паўсотні школьнікаў і 16 выхаванцаў дзіцячага садку адпушчаныя пакуль на трохдзённыя канікулы.

Заліло ў Хлупіне й фэльчарска-акушэрскі пункт. Па мэдычную дапамогу вяскоўцы ходзяць цяпер да лекара дадому.
Кот скача ў вадзе, вёска Хваенск, Жыткавіцкі раён Гомельскай вобласьці

Кот скача ў вадзе, вёска Хваенск, Жыткавіцкі раён Гомельскай вобласьці


Ніжэй па цячэньні Прыпяці не даехаць на машыне да вёсак Таргашы́н і Белін — яны адносяцца да Петрыкаўскага раёну.

Агулам у гэтых вёсачках жыве каля трох дзясяткаў чалавек.

80-гадовы пэнсіянэр Аркадзь зь вёскі Белін апавёў, што людзі апынуліся, па сутнасьці, на выспах — наўкола вада:

«Вакол вада — няма куды рухацца. Невядома, ці хлеб прывязуць? Старшыня сельскага савету тэлефанаваў, казаў: можа, як даставім. Але ня ведаю. Яшчэ ў пятніцу да нас даяжджалі — мала вады было. А за гэтыя тры дні багата вады прыбыло, і цяпер прыбывае — па 5–6 сантымэтраў за суткі. Узровень ужо высокі, дык яна далёка заходзіць. Словам, кругом перамыла, і мы як на выспачцы. У нас тут тры хаты, а празь пераліў — ізноў дзьве».
Муж з жонкай плывуць па вуліцы вёскі Верасьніца на Жыткавіччыне

Муж з жонкай плывуць па вуліцы вёскі Верасьніца на Жыткавіччыне


Аркадзь Максімавіч кажа, што яны з жонкай могуць сьпячы хлеб і самі. Але ў вёсцы жывуць зусім старэнькія кабеты, як 90-гадовая Ева Корзун ці амаль такога ж веку Вольга Занкевіч — яны не трымаюць ніякай гаспадаркі, дык ім і такім, як яны, надзвычай патрэбны падвоз прадуктаў:

«У нас ёсьць нейкі запас, а вось у суседзяў — няма ні сала, ні малака. Ім трэба абавязкова прадукты. Мая суседка тут, Ева Максімаўна, ёй 90 гадоў, — яна й малако купляе, апроч хлеба».

Сам спадар Аркадзь бядуе, што лодкі няма. Колішняя састарэла, а новай не прыдбаў, бо пасьля 1999 году не было вялікага разводзьдзя, а цяпер ужо й сілы ня тыя, каб лодку справіць. Аднак перасяляцца стары нікуды пакуль не зьбіраецца:

«Мы пакуль седзімо на месцы — у нас тут грудок, дзе мы сядзім. Можа, вады ў хаце й ня будзе. Праўда, са склепа вада выгнала — бульбу паднялі наверх. Яшчэ кабанчыка трымаем, коніка. Будзе на гнаі конік стаяць — высока натоптана, то будзе стаяць на гнаі. І кабанчык на гнаі будзе стаяць».
Выспачка для парсюxка ў Сьня́дзіне

Выспачка для парсюxка ў Сьня́дзіне


Старшыня Галубіцкага сельскага савету Ўладзімер Аляксандраў кажа, што палешукі да апошняга не пакідаюць свае хаты. І калі ўжо паводка заліе падлогу, толькі тады клічуць на дапамогу. А яе, бывае, ня так і проста аказаць нават ратавальнікам:

«Машынай не паедзеш, бо вады шмат. І катэрам не заўсёды паедзеш, бо гэта ня мора — дзесьці бераг, дзесьці балота, кусты, дрэвы. Карацей, ані верхам, ані нізам. Усё пад вадою — уся пойма кілямэтраў на шэсьць. Яны толькі кажуць, што нас дзеці забяруць, а самі сядзяць да апошняга, ажно пакуль вада ў хату ня зойдзе. А потым кажуць: хлопцы, нясіце нас на сьпіне! Учора так адну сям’ю вынесьлі ў вёсцы Сьня́дзін».
XS
SM
MD
LG