Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары памежных вёсак: Нам патрэбны ня толькі гандаль


Памятны знак у мястэчку Індура Гарадзенскага раёну
Памятны знак у мястэчку Індура Гарадзенскага раёну
У мястэчку Індура, што за 20 кілямэтраў ад Горадні, мясцовыя жыхары добра памятаюць абяцаньні ўладаў адкрыць памежную 50-кілямэтровую зону, каб людзі маглі бязь візы наведваць суседнія Польшчу і Літву, а палякі і літоўцы, якія таксама жывуць у 50-кілямэтровай зоне, бязь візаў езьдзілі б у Беларусь.

Цяпер жыхары памежнага рэгіёну ставяцца да гэтых абяцаньняў скептычна, ад пытаньняў часта адмахваюцца. Але размовы не перапыняюць, бо тэма, відаць, для іх надзённая.

Спадарыня. «Што з гэтага, што ведаем пра гэтую зону, але ніхто для нас яе ня робіць».

Карэспандэнт: «А як думаеце — чаму?»

Спадарыня: «Ня ведаю, нешта ціха. Можа, баяцца ўжо нейкай спэкуляцыі настолькі, ці што яны там…»

Спадар Ян: «А чаму „карту паляка“ спрабуюць забараніць? Ну навошта яны гэта робяць, яны што, даюць гэтую „карту“? Бачыце, якая ў іх сыстэма. І што тут скажаш? Улада ў нас такая, але што пра іх казаць…»

Да нашае размовы далучаецца спадар Лявон:

Лявон: «Так яно добра было б, каб гэта сабраўся выйшаў і пайшоў, ці во на ровар сеў. Праўда, на „ровэжэ“ — то для мяне горы паявіліся. Але купіць там таньней усё можна. Во мая дачка часта езьдзіць, то прывозіць мне „Сьняданак турыста“. У нас такая кансэрва каштуе 15 тысяч, а там — 7 тысяч на нашыя грошы».

Карэспандэнт: «А ці ёсьць у вас радня ў Польшчы?»

Лявон: «Тут усе маюць радню, мы ж некалі ў адной дзяржаве жылі…»

Спадарыня: «Калі не радню, то знаёмых і сяброў дакладна ўсе там маюць. У мяне, да прыкладу, дачка ў Польшчы жыве».

Спадар Ян дадае, што ня толькі родныя — наагул людзі з Польшчы вельмі рэдка сюды прыяжджаюць, бо зрабіць у іх беларускую візу — настолькі ж вялікі клопат, як і польскую ў нас.

Ян: «Некалі гандлявалі і адны, і другія, езьдзілі, бо гэта памежная зона. І з Баброўнікаў, і з Кузьніцы, і ўсім было добра. А цяпер што?.. Трэба яго ўжо прыбіраць, тады, можа, нешта наладзіцца…»
Індурская вуліца
Індурская вуліца

У Алекшыцах, за 14 кілямэтраў ад Індуры, людзі таксама хацелі б бязь візаў езьдзіць у Польшчу, але і тут пануе скептычны настрой. Гаспадыня прыватнае крамы, спадарыня Тацяна, таксама вельмі хоча, каб запрацавала памежная зона. Пытаюся ў яе: ці не баіцца яна за свой бізнэс і ці не загубіць яго канкурэнцыя?

Спадарыня: «Я думаю, што мы б лепей запрацавалі. Бо можна было б і па тавар зьезьдзіць, і адтуль больш людзей прыяжджала б. Хто б мог, там бы нешта набываў. Але думаю, што і ад мяне б куплялі, бо было б таньней. А так трохі складана з таварам…»

Спадар Яўген кажа, што ня столькі бізнэсу чакаюць людзі ад гэтае зоны, колькі аднаўленьня страчаных сувязяў паміж людзьмі.

Яўген: «І ня тое што гадамі, а вякамі мы жылі разам. І за царамі, і за палякамі, і нават пры першых саветах яшчэ была Беластоцкая вобласьць. Гэта толькі пасьля 1946–47 году нас разьдзялілі».
Сінагога ў Індуры — помнік архітэктуры, які развальваецца на вачах
Сінагога ў Індуры — помнік архітэктуры, які развальваецца на вачах

Спадар Яўген упэўнены, што для адкрыцьця памежнай зоны праблемаў у беларусаў няма. Іншая справа, што ўлады чыняць перашкоды штучна.

Яўген: «Гэта ж вядомая справа. Страх трымае нашыя ўлады, баяцца, што людзі пачнуць кантактаваць, убачаць, як там жывуць, на што здольная дэмакратыя. Ну бо інакш — чаго баяцца? Баяцца за людзей, што паедуць і будуць менш глядзець БТ, а стануць больш гаварыць адкрыта».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG