Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Добрае здароўе часта спалучаецца з прывабным маладжавым выглядам. Амэрыканская доктарка з Сан Францыска Молі Робертс, прэзыдэнт Асацыяцыі комплекснай мэдыцыны ЗША, дае парады, як паводле дэталяў зьнешнасьці распазнаць праблемы са здароўем.

Апухлыя ногі

Ногі могуць апухаць ад вывіху ці расьцяжэньня, ад інфэкцый. Затрымку вадкасьці у ніжніх канечнасьцях таксама часам выклікаюць цяжарнасьць, атлусьценьне ці некаторыя лекі. Яшчэ адной істотнай праблемай можа быць сардэчная недастатковасьць, калі сэрца дрэнна пампуе кроў.

Стомленыя вочы

Мяшкі і цёмныя кругі пад вачыма, як правіла, верная прыкмета многіх бяссонных начэй. Але калі і сон не дапамагае, то варта зірнуць на свой рацыён. Паводле доктаркі Робэртс, прычынай назапашваньня вадкасьці пад вачыма можа быць і празьмернае ўжываньне солі.

Сухая скура

Кожнаму час ад часу скура перасыхае: ад зімовага паветра ці занадта гарачага душу. Але ў некаторых выпадках перасохлая, далікатная скура зьяўляецца прыкметай абязводжваньня ці сур’ёзных праблем са здароўем. Напрыклад, пры дыябэце паверхня скуры можа цярпець з-за недахопу пажыўных рэчываў. Пры атэрасклерозе скуры можа не хапаць кіслароду, бо маленькія артэрыі, якія яго пераносяць, могуць закупорвацца. Тады на целе ўзьнікаюць сухія бліскучыя плямы.

Валасы на целе

Сындром полікістозных яечнікаў часта бывае прычынай павышанага росту валасоў у жанчын дзетароднага ўзросту. Больш за 70% жанчын з гэтай хваробай адзначаюць залішні рост валасоў на твары, грудзях, жываце, сьпіне, руках або нагах.

Маршчыны

Хоць маршчыны з гадамі прыходзяць непазьбежна, яны таксама могуць быць прыкметай астэапарозу, ці разрэджваньня коснай тканкі. Новыя дасьледаваньні паказваюць сувязь паміж зьяўленьнем маршчын і станам касьцей у жанчын на пачатку мэнапаўзы. Прыход маршчын таксама прысьпешвае курэньне ці частае знаходжаньне на сонцы.

Выпадзеньне валасоў

Сухія і тонкія валасы ў жанчын могуць быць прыкметай паніжанай або падвышанай актыўнасьці шчытападобнай залозы. Просты аналіз крыві можа праверыць, ці мае ваша цела нармальны ўзровень колькасьць гармонаў шчытападобнай залозы.

Патрэсканыя вусны

Патрэсканыя або сухія вусны могуць быць рэакцыяй на лекі, прыкметай алергіі або пэўнай прафэсіі ( музыкант духавых інструмэнтаў). Трэшчыны ў кутах рота могуць быць сымптомам сындрому Шэгрэна, які азначае парушэньні імуннай сыстэмы.

Дрэнныя зубы і дзясны

Дрэнны рот сыгналізуе ня толькі яго дрэнную гігіену. Стан роту таксама гаворыць шмат аб стане сэрца і костак. Выпадзеньне зубоў можа сыгналізаваць астэапароз.

Вялікія рукі і ногі

Могуць быць клясычнай прыкметай акрамэгаліі, або гарманальнага парушэньня ў дарослых, калі гіпофіз выпрацоўвае зашмат гармону росту.

Радзімкі

Многія зь іх бываюць бяскрыўднымі, асабліва ў людзей са сьветлай скурай. Рызыку ракавага захворваньня скуры нясуць радзімкі ў дыямэтры большыя за
6 мм, асымэтрычныя, з няправільнай мяжой ці тыя, якія мяняюць свой колер.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG