Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Неяк ў менскім офісе Радыё Свабода ўручалі прыз пераможцу радыйнага конкурсу. Прызам быў сучасны прымач. А атрымліваў яго сьціплы спадар сярэдняга веку. Не грамадзкі актывіст, не заўзятар палітычных форумаў, ня ўдзельнік якіх-кольвек суполак. Проста работнік невялікай фірмы, на пасадзе кшталту загадчыка склада.

– Я за пятнаццаць гадоў працы ў фірме ні разу нікому не казаў, што слухаю Радыё Свабода. Я ўвогуле ніколі не выказваў свае погляды. Ну такі я чалавек – ціхі, можа крыху баязьлівы, – сарамліва ўсьміхаўся наш пераможца. – І вось аднойчы слухаю ў сябе на складзе перадачу, а тут нечакана для мяне заходзіць дырэктар. Я разгубіўся. Але гляджу, што і ён разгубіўся. Дырэктар тады зьдзіўлена так кажа: дык і ты слухаеш Радыё Свабода, а я думаў, толькі я адзін у нас такі!

***

Vitali Tsyhankou: – Як для гісторыі абазначыць той канцэптуальны разлом, які існуе сёньня сярод апазыцыі? Можа, «дыялёжнікі» і «санкцыяністы»?

Stefan Eriksson: – Калі чытаеш СМІ і ФБ, у галаву, на жаль, прыходзіць думка, што гэтая зіма хутка яшчэ ня скончыцца... Добрыя людзі, мабыць, варта трохі падумаць перад тым, як вінаваціць усё і ўсіх акрамя вас саміх?

Andrei Aliaksandrau: – Пакуль мы ўсе будзем прызначаць адзін аднаго ворагамі, «агентамі рэжыму» і проста паўдуркамі, ня мае аніякага значэньня, якую новую дэклярацыю прамовіць з нагоды Беларусі Брусэль.

Тры цытаты з нагоды той шквальнай дыскусіі, якая разгарнулася ў заангажаваных у незалежніцкую дзейнасьць колах:

Зянон Пазьняк: – Чарговая тройка рэжымнай «апазыцыі» засьведчыла сваю падтрымку курсу на «дыялёг» Брусэля з антыбеларускім рэжымам.

***

У мяне ёсьць знаёмы піяршчык. Чалавек неверагоднай харызмы. Неяк ён працаваў над прасоўваньнем аднаго беларускага харчовага брэнду. Як па мне, дык спажываць той прадукт не было ніякай магчымасьці, настолькі ён быў нізкаякасны па вызначэньні: паводле тэхналёгіі вырабу.

Піяршчык распавядаў пра сакрэты свайго майстэрства. Я слухаў і сьмяяўся зь людзей, якія так лёгка вераць у што заўгодна.

Празь некаторы час зноў закранулі тэму харчовага брэнду, і я за пару хвілін на столькі пагрузіўся ў тэму новай якасьці прадукту, што ў той жа вечар набыў, пакаштаваў, і выплюнуў – нічога не зьмянілася. Я быў шакаваны, што ведаючы нюансы тэхналёгіі прасоўваньня, атрыманыя зь першых вуснаў, павёўся як самы неабазнаны пакупнік.

– Разумееш, – тлумачыў пасьля прыяцель, – я калі працую, цалкам пагружаюся ў тэму, я сапраўды веру ў тое, што кажу, і што раблю. Таму ў мяне атрымліваецца пераканаўча.

У беларускай інфармацыйнай прасторы я ведаю толькі двух пэрсанажаў, якія да канца вераць у тое, што гавораць – гэта Пазьняк і Лукашэнка.

Але ўсё менш людзей вядуцца як неабазнаныя пакупнікі: прадукты і спосабы іх прасоўваньня маральна састарэлі. А новыя «піяршчыкі» не зьяўляюцца.

***

«Усё згібела! Нацыянальная ідэя рушыцца! На 25-га выйшла як ніколі мала людзей! На 26-га прыйдзе яшчэ меней! Нам усім гамон!» – чуваць на розных нацыянальна-арыентаваных пляцоўках сеціва.

«Вакол адны гэбісты!», «Усе, хто не з намі – альбо здраднікі, альбо агенты!» – робяць выснову сярод іншых людзі, якія стаялі каля вытокаў нацыянальнага Адраджэньня канца 1980-х – пачатку 1990-х.

Беларуская грамадзкая зіма зацягнулася ня толькі ў вершалінах улады. Новыя незалежныя асяродкі амаль не ствараюцца. А калі зьяўляюцца новыя ініцыятывы ў сацыяльнай ці культурнай сфэры, яны трымаюцца асобна: каму хочацца яднацца з тымі, хто за тры сэкунды можа запісаць цябе ў здраднікі ці агенты?

***

На адным мерапрыемстве сабраліся малазнаёмыя людзі, а адна кабета дык і зусім прыйшла ўпершыню. Мова мерапрыемства – расейская. Пад фінал дайшло да песьняў. Тая кабета кажа так сабе няўпэўнена, з асцярогай: «А можна я па-беларуску засьпяваю?». Усе нечакана для яе прыязна падтрымалі. Я падумаў, зараз будзе папулярны фольк: «Купалінка», «Цячэ вада ў ярок»...

І тут я пачуў песьню Андрэя Мельнікава «Дзьверы адчыні, каханая мая...». Таго самага Мельнікава, куміра нацыянальна-арыентаванай моладзі першай паловы 1990-х. Калі я пачаў падпяваць, надышоў час зьдзіўляцца кабеце: «Я чула гэту песьню адзін раз ад выпадковых знаёмых, гадоў дваццаць таму. І больш ніколі не сустракала нікога, хто б ведаў аўтара (забылася імя) і ягоныя песьні».

Андрэй Мельнікаў так і застаўся кумірам пэўнага – закрытага – асяродку, а песьня ягоная гуляла дваццаць гадоў па ўсёй беларускай прасторы, дзе бывала кабета, у ананімным варыянце.

За дваццаць гадоў кабета так больш і не сустрэлася з тымі людзьмі – з нацыянальна-арыентаванымі. Як, магчыма, і пераможца конкурсу дагэтуль ціха слухае Радыё Свабода, як і ягоны дырэктар – сам-насам з прымачом...

Я ўпершыню публічна загаварыў па-беларуску ў 1988-м, калі ўладкоўваўся на летніх вакацыях на падпрацоўку. Гэта былі раскопы Сьвятадухаўскай царквы ў Менску. Кіраўнік, які афармляў мяне на працу, задаваў простыя пытаньні: дзе вучуся, ці ёсьць мэдычная даведка і дазвол ад бацькоў. Пытаньні задаваліся па-беларуску, і калі я глядзеў у вочы гэтага чалавека, у мяне язык не павярнуўся адказаць па-расейску. Гэтым чалавекам быў Зянон Пазьняк.

Сёньня, праз дваццаць пяць гадоў пасля той сустрэчы, мяне менш за ўсё цікавіць, чый бок возьме Брусэль: «дыялёжнікаў» ці «санкцыяністаў»?

Паралель між учора і сёньня я бачу ў дыялёгу ў грамадзкім транспарце між мамай і дзіцём – малодшым школьнікам:

– Мама, а ты ведаеш, што слова фартэпіяна прыйшло ў беларускую мову з францускай?

– Цікава, а як гэтае слова ў расейскую трапіла? :) – Хоча патроліць мама.

– Атрымліваецца, што прыйшло зь беларускай мовы.

Лягічныя высновы дзяцей мадэлююць будучыню – цьвердзяць брытанскія вучоныя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG