Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 1759 годзе гаспадар дому пад назвай «Нью-Плэйс» у ангельскім горадзе Стратфардзе-на-Эйване правялебны Фрэнсіс Гастрэл загадаў зруйнаваць сваё жытло. «Бо ўсё ходзяць і ходзяць, — сказаў ён са злосьцю сапраўднага пурытаніна. — У вокны зазіраюць, цагліны са сьцяны выкалупваюць... А чаго ходзяць? Тэатар тут ім, ці што?»

Таму і хадзілі, таму і калупалі, ужо тады, а мелі б машыну часу, дык і фатаграфаваліся б — бо менавіта ў гэтым доме 23 красавіка 1616 году памёр самы вялікі з ангельскіх драматургаў і паэт, роўных якому знойдзецца няшмат. Чалавек, творы якога ставяць і чытаюць ужо чатырыста гадоў, вучаць на памяць, перакладаюць і цытуюць — паводле некаторых зьвестак, ён наогул другі ў сьвеце паводле цытаванасьці пасьля Бібліі. Аўтар, здольны і цяпер выклікаць сьлёзы ня менш горкія і прысмак у роце ня менш даўкі, чым на мяжы тых далёкіх стагодзьдзяў, што яшчэ раз даводзіць веліч боскай задумы (Госпад быў вялікі біяхімік). І для гэтага нават не абавязкова даваць Рамэа джып, а Джульеце стрынгі — яны і ў тым, старамодным антуражы глядзяцца цяпер цалкам сучасна. Ўільям Шэксьпір, геній-самавучка, чалавек якога не было.

Чытаць усе гэтыя дасьледаваньні, што цягнуцца сумнай чарадою ажно з XIX стагодзьдзя, займальна і гідкавата: не пісаў, ня жыў, ня меў, не прыцягваўся. Ды ён наогул пісаць ня ўмеў, гэты ваш ці то Шаксьпер, ці то Шустэр, ці то наогул Схакесьпеарэ — вы толькі зірніце на ягоны почырк (эх, ня бачылі яны почырку Чэхава). Ня граў у «Глобусе» перад самай патрабавальнай у Лёндане публікай, якая стоячы пацягвала эль, грызла арэхі і пакідала пасьля сябе памаранчавы кілім з апэльсінавых шкурак. Не напісаў свае п’есы, дзе даўжыня рэплік пралічана такім чынам, каб актор, які меўся ў наступнай сцэне прамаўляць з балькона, пасьпеў падняцца за гэты час угару. Але ж і праўда: Шэксьпір, як вядома, пакінуў у сваім тэстамэнце жонцы другі (!) па якасьці ложак у доме, дочкам — фунты, а нам — загадку: чаму ў тым тэстамэнце ні слова няма пра рукапісы, кнігі, ганаровыя граматы і выразкі з газэтаў з ухвальнымі рэцэнзіямі? Там усё пра грошы ды пра грошы, ды пра той недарэчны ложак. І ні слова пра літаратуру.

Зрэшты, загадка, ці быў ён аўтарам сваіх санэтаў, п’есаў і хронік, не такая ўжо цікавая. У параўнаньні з пытаньнем, як ён напісаў такое, усіх гэтых «Макбэтаў», «Генры» і «Гамлетаў» — сын пальчатачніка, бедны актор, што гучала ў пачатку яго кар’еры як гучала слова «футбаліст» сто гадоў таму. Не сканчаўшы ніякіх унівэрсытэтаў і школаў маладога пісьменьніка. Вядома, можна сказаць, што сакрэт Шэксьпіра такі самы, як і ў любой літаратуры — па-першае, ён быў магам, а па-другое, пісаў пра рэчы, што яднаюць каралёў, пальчатачнікаў, крытыкаў і футбалістаў: каханьне, здрада, сьмерць, вернасьць, апантанасьць. Дзюма-бацька, упершыню пабачыўшы на сцэне Гамлета, расчуліўся так, што параўнаў свае адчуваньні з шчасьцем сьляпога, якому дараваны зрок, і радасьцю Адама раніцай пасьля ягонага стварэньня. «...Ён драматычны, як Карнэль, камічны, як Мальер, філёзаф, як Гётэ, і жарсны, як Кальдэрон. У ім столькі тыпаў, колькі маюць у сабе творы ўсіх названых драматургаў, разам узятых... Ён стварыў больш за ўсіх, за выключэньнем самога Бога».

Бірнамскі лес з дванаццаці трагедый, шаснаццаці камэдый, шасьці гістарычных хронік, ста пяцідзесяці чатырох санэтаў і лексыкону на пятнаццаць тысяч словаў ідзе на сумніўцаў шэксьпіравага таленту шчыльнай сьцяною. Той гэта Шаксьпер ці ня той, але асоба, якую мы лічым такой, безумоўна, перамагла ўсіх скептыкаў яшчэ пры жыцьці. Герб Шэксьпіра, залаты шчыт са срэбнай дзідай упоперак, упрыгожвае надпіс «Не бяз права» — і чамусьці не-не, а прымроіцца ў канцы гэтай фразы нейкі смайлік, вось такі — ;)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG