Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дывэрсія ў Траецкім


У дзевяностыя гады мінулага стагодзьдзя выступы беларускамоўных рок-гуртоў open air, пад шэра-блакітным менскім небам зусім не былі нейкай рэдкай зьяваю. Напрыклад, адным з такіх месцаў запомніцца Парк Чалюскінцаў зь ягонымі разьбітымі лаўкамі, густым кустоўем і амаль пушчанскімі гушчарамі, у якім так добра пілося, курылася, цалавалася, білася, чыталася, размаўлялася пра ўсё на сьвеце і — слухалася розныя рокі. Рок па вакацыях, да вакацыяў, падчас вакацыяў... неяк так называліся тыя фэстывалі ў самых розных месцах, карацей, суцэльнае «Pretty vacant». «Новае неба», «Уліс», «Крама» і, вядома, легендарная «Мроя», што неўзабаве музычна зьменіцца амаль да непазнавальнасьці, зрабіўшыся ня менш легендарным... легендарнымі... легендарнай... ным... нам... ну, карацей, НРМ. На чале зь Лявонам Вольскім, чалавекам, дзякуючы якому гэтыя няўклюдныя радкі пішуцца цяпер менавіта па-беларуску, а ня, скажам, на тамбоўскім дыялекце вялікамагучай мовы.

Такія канцэрты пад адкрытым небам успрымаліся юнай публікай як нешта само сабой зразумелае для часоў незалежнасьці і яшчэ вэгетарыянскага лукашызму. Лявона вітаў стракаты натоўп, у якім былі і нацыянальна сьвядомыя студыёзусы, і пэтэвэшнікі з ускраін, і інтэлектуалы, будучыя і былыя, і прадстаўнікі ўсіх менскіх субкультураў, і проста аматары «патусіць на чалюсьцях». Немалы, трэба сказаць, натоўп, што лямантаваў «Давай, Лявон!» і з зайздрасьцю паглядваў на тых абраных, хто быў знаёмы з мрайчукамі-энэрамаўцамі яшчэ ў васьмідзясятыя. Наўрад ці нехта з тых нэафітаў здагадваўся, што ўпершыню «Мроя» грала на адкрытымі паветры ў цэнтры гораду яшчэ ў 1984-м. У часы ня менш легендарныя — і да нядаўніх часоў незаслужана ігнараваныя.

22 красавіка 1984 году, калі на набярэжнай Сьвіслачы ў Траецкім прадмесьці ладзілася выстава маладых мастакоў, так званая «Выстава аднаго дня» ў межах тыдня выяўленчага мастацтва, на ганку кнігарні «Вянок» выступіла з цалкам беларускамоўнай праграмай тады яшчэ зусім не такая знакамітая «Мроя». Для Менску гэта было нешта абсалютна новае: на ганку, беларускамоўнае і ў такім выглядзе...

Як можна вычытаць у «Бібліятэцы Свабоды», у Лявона тады былі вельмі доўгія валасы — ня проста доўгія, а Вельмі Доўгія. Уладзімер Давыдоўскі перад войскам пастрыгся, але валасы меў пафарбаваныя ў радыкальны чорны колер. Алег Дземідовіч таксама пафарбаваўся — у жоўты. Усё гэта — выгляд, колеры, мова, музыка — было наўпроставым выклікам таму грамадзтву, у якім толькі за валасы цягалі ў міліцыю, прымусова стрыглі, вырывалі завушніцы, выключалі з камсамолу і ставілі на ўлік. А за мову па-за гета маглі і артыкул уляпіць. Грамадзтву, на вяршыні якога сядзеў сьмяротна хворы Чарненка з добрымі каматознымі вачыма і замілавана чытаў свой любімы верш: «Выхажу адзін я на дарогу...» А тут усё як адна сплянаваная ідэалягічная дывэрсія: валасы, рок, Траецкае, мастакі, мова, «Майстроўня». У год Орўэла, у дзень нараджэньня Леніна. Гісторыя аднаго цуду, як напісаў Сяргей Дубавец. Некалькі сотняў чалавек вакол кнігарні «Вянок», гіпі і панкі, і ніхто ня ведае слова «Крамбамбуля».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG