Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чавэс — учора, Мадура — сёньня


Амэрыка Дыяс Нуньес
Амэрыка Дыяс Нуньес

З абраньнем новага прэзыдэнта дачыненьні паміж Вэнэсуэлай і Беларусьсю будуць толькі паглыбляцца і пашырацца, заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску амбасадар Вэнэсуэлы Амэрыка Дыяс Нуньес.

Ён не пацьвердзіў, але і не абверг інфармацыю пра тое, што Менск вінен Каракасу грошы за нафту. Амбасадар сказаў, што і ў Вэнэсуэлы ёсьць запазычанасьць перад Беларусьсю за будоўлю жытла і прамысловых аб’ектаў.

Грунтоўна перагледзець дачыненьні з Іранам, Кубай, Беларусьсю і яшчэ некалькімі краінамі-ізгоямі абяцаў у выпадку перамогі кандыдат ад апазыцыі на выбарах у Вэнэсуэле Энрыке Капрылес. А ці прысутнічала беларуская тэматыка ў перадвыбарчай кампаніі новага прэзыдэнта і ці знаёмы зь ім асабіста амбасадар Нуньес? — спытаў вэнэсуэльскага дыплямата карэспандэнт Свабоды:

«Я асабіста знаёмы зь Нікаласам Мадурам з 1999 году, калі мы абодва былі сябрамі Ўстаноўчай нацыянальнай асамблеі. Я таксама ведаю, што наш новы прэзыдэнт вучыўся разам з маім старэйшым сынам на Кубе. Ён некалькі гадоў узначальваў Міністэрства замежных спраў Вэнэсуэлы і неаднойчы прыяжджаў у Беларусь разам з былым прэзыдэнтам Уга Чавэсам.

Мадура заявіў, што палітыка Уга Чавэса будзе працягвацца. А гэта азначае, што курс на супрацу з нашымі стратэгічнымі партнэрамі, сярод якіх ёсьць і Беларусь, будзе працягвацца».

Амбасадар ня даў дакладнага адказу на пытаньне, ці сапраўды Беларусь вінная Вэнэсуэле 2,8 мільярда даляраў за атрыманую адтуль нафту. Ён заявіў, што ніякіх прэтэнзіяў і патрабаваньняў Вэнэсуэла не выстаўляе. Бліжэйшым часам (пакуль дакладная дата невядомая) мае адбыцца паседжаньне вэнэсуэльска-беларускай камісіі высокага ўзроўню. І Вэнэсуэла мае запазычанасьць перад Беларусьсю за будаўніцтва жыльля і прамысловае будаўніцтва. На камісіі будуць разглядацца гэтыя пытаньні.

Афіцыйных дадзеных пра запазычанасьць Беларусі Вэнэсуэле няма. Ёсьць толькі інсайдэрская інфармацыя, канстатуе дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман:

Яўген Прэйгерман
Яўген Прэйгерман
«На ўзроўні афіцыйнай статыстыкі ніякай праблемы няма. Але з афіцыйных лічбаў можна рабіць выснову, што тая нафта, якую мы набывалі ў Вэнэсуэле апошнія тры гады, — вельмі непрывабны для Беларусі праект. Калі б мы ўзялі тую ж колькасьць нафты ў Расеі, то зэканомілі б на гэтым некалькі мільярдаў даляраў. Інфармацыя пра запазычанасьць Беларусі прыйшла з інсайдэрскіх крыніцаў. Ніякага афіцыйнага і нават факталягічнага пацьвярджэньня гэтаму няма».

Віктар Карняенка
Віктар Карняенка
«Праз замежнае тэлебачаньне я бачыў, як праводзіліся выбары ў Вэнэсуэле, як да іх рыхтаваліся, якая сучасная тэхніка там ужывалася. І мне было сумна, што мы так далёка ў гэтым сэнсе адсталі ад хаўрусьнікаў», — кажа сустаршыня арганізацыі «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка:

«Беларусь — гэта краіна, дзе не існуе ніякіх выбараў. Нават у параўнаньні з такімі экзатычнымі краінамі, як Вэнэсуэла. Гэта было бачна нават у тых невялічкіх эпізодах, якія былі на тэлебачаньні.

Больш за ўсё непакояць тэндэнцыі ў Беларусі. З кожнай выбарчай кампаніяй, дзеля таго, каб атрымаць неабходны ўладам вынік, уводзяць ва ўжытак новыя рэчы. Каб зрабіць візуальна прывабную карціну, пачалі ўводзіць „каруселі“. Вельмі прыкра, што ў цэнтры Эўропы ёсьць такі ўзор сярэднявечча, дзе народ нічога ня значыць для ўлады».

Паводле папярэдніх дадзеных, Нікалас Мадура набраў 50,7% галасоў, а Энрыке Капрылес — 49,1%. А вось у вэнэсуэльскай амбасадзе ў Менску вынікі галасаваньня значна іншыя: за Мадуру — 53 чалавекі, за Энрыке Капрылеса — 1 чалавек. Так што новага прэзыдэнта Вэнэсуэлы значна болей любяць у Беларусі, чым на ягонай Радзіме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG