Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка павіншаваў Мадуру зь «пераканаўчай» перамогай


Нікалас Мадура сьвяткуе перамогу, але ня супраць пераліку галасоў

Нікалас Мадура сьвяткуе перамогу, але ня супраць пераліку галасоў

У той час як апазыцыйны кандыдат на выбарах у Вэнэсуэле патрабуе пераліку галасоў, Лукашэнка віншуе зь перамогай стаўленіка Уга Чавэса.

Як паведамляе прэсавая служба Лукашэнкі, беларускі кіраўнік павіншаваў Нікаласа Мадуру зь «пераканаўчай перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах у Баліварыянскай Рэспубліцы Вэнэсуэла».

«Мы ўсім сэрцам і душой балелі за прадаўжальніка справы вялікага палітыка дваццатага і дваццаць першага стагоддзяў — Камандантэ Уга Чавэса. Выбар, зроблены вэнэсуэльскім народам, сьведчыць аб велізарным даверы і прызнаньні Вашых выдатных заслуг у абароне і падтрымцы дзяржаўных інтарэсаў Вэнэсуэлы», — напісаў Лукашэнка Мадуру.

Аляксандар Лукашэнка запрасіў Нікаласа Мадуру наведаць Беларусь з афіцыйным візытам у любы зручны час.

Адначасова з заявай наконт вынікаў выбараў выступіла і МЗС Беларусі:

«Вынікі выбараў не выклікаюць сумневаў і зьяўляюцца сьведчаньнем падтрымкі насельніцтвам краіны курса, які быў узяты папярэднім лідэрам Вэнэсуэлы Уга Чавэсам».

Тым часам кандыдат ад апазыцыі Энрыке Капрылес адмовіўся прызнаваць вынікі выбараў.

«Патрэбна дэталёвае пералічваньне гэтага працэсу перад краінай і перад усім сьветам», — заявіў Капрылес.

Паводле ягоных слоў, афіцыйна абвешчаныя папярэднія вынікі выбараў не адлюстроўваюць рэальную сытуацыю ў краіне.

Згодна з папярэднімі зьвесткамі, Мадура апярэдзіў свайго канкурэнта Энрыке Капрылеса на 300 тысяч галасоў.

Мадура набраў 50,8%, а Капрылес — 49,1%.

Выступаючы перад сваімі прыхільнікамі, Мадура заявіў, што вітаў бы пералічваньне галасоў, бо ня мае сумневаў у сваёй перамозе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG