Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня да станцыі Крупкі зь Менску можна дабрацца ўдвая хутчэй, чым раней — дзякуючы нядаўна адкрытаму маршруту да Оршы на швайцарскай «звышэлектрычцы». Крупкі з савецкіх часоў застаюцца буйным перавалачным чыгуначным вузлом. Да станцыі прымыкае 2-тысячны пасёлак з падобнай назвай — Крупскі, але яго не ратуе ўжо і блізкасьць чыгункі. Пра што зь першых крокаў даведаўся ад брыгадзіра чыгуначных рамонтнікаў.

Карэспандэнт: «А папрацаваць ёсьць дзе ў Крупскім ці езьдзіце куды?»

Спадар: «Пазакрывалі ўсё — быў цагляны завод, пякарня свая. А маскоўская шаша — 2 кілямэтры, чыгунка вялікая — і нічога. Завуць Васіль, а прозьвішча ня трэба…» (Сьмяецца.)

У 2011 годзе Міністэрства абароны выставіла на аўкцыён буйную нафтабазу, якая была і асноўным працадаўцам для мясцовых людзей. Яе выкупіла фірма пад назвай «Касьпійбуд». Яна і заахвоціла інвэстараў зь беларуска-расейска-нямецкай кампаніі «ДВЧ-мэнэджмэнт» стварыць на 14 га «прамысловы аб’ект па перапрацоўцы адпрацаваных нафтапрадуктаў». На тэрыторыі базы дагэтуль сотні 68-тонных цыстэрнаў. Пра гэта 2 месяцы таму паведаміў і «вэртыкальны» «Крупскі весьнік». Як я высьветліў на вуліцах Крупскага, ведаюць пра гэта і мясцовыя.

Спадар: «А дзе вайсковая нафтабаза — нейкі прыватнік выкупіў, хоча адкрываць прадпрыемства па перапрацоўцы аліваў. Ужо ў газэце было напісана, што можна здаваць для гэтага адпрацаваную аліву — за літар тысяча. Ніхто ж ня будзе здаваць — лепш выліць!» (Агульны сьмех.)

Спадар: «Будуць набіраць людзей туды — думаю сам пайсьці, кажуць, заробак будзе па 4 мільёны. Я чуў, адпрацоўку алівы будуць пасылаць ім, а яны — перапрацоўваць на машынную аліву. У газэце пісалі, што набяруць да 50 чалавек…»

Пра першае сумненьне вы ўжо пачулі. Зь якіх прыбыткаў будзе існаваць немалое будучае прадпрыемства, прымаючы літар адпрацаванай алівы з усёй краіны за тысячу рублёў, якая да канца году — часу адкрыцьця — можа і ўвогуле зьнікне як купюра?! Па-другое, той жа «Крупскі весьнік» паведаміў, што захоўваньне ядавітых адкідаў, аказваецца, мае на мэце «паляпшэньне экалягічнай сытуацыі ў краіне»! І да таго ж везьці іх будуць аж з Кіпра. Напярэдадні вандроўкі зьвязаўся з начальніцай аддзелу эканомікі Крупскага райвыканкаму спадарыняй Тацьцянай Казлоўскай. Пасьля чаго пытаньняў стала яшчэ больш — поўнай інфармацыяй вэртыкальшчыкі яўна не валодаюць.

Казлоўская: «Як ён можа быць яданебясьпечны, калі дамова зь Міністэрствам аховы прыроды? Без свайго заключэньня яны б проста і не заключылі дамову…»

Карэспандэнт: «А чаму задзейнічаны Кіпр?»

Казлоўская: «Таму што фірма замежная і нам паступаюць замежныя інвэстыцыі…»

Карэспандэнт: «І замежная аліва адтуль будзе паступаць?»

Казлоўская: «Я думаю, што так. Будуць задзейнічаныя рэзэрвуары, што засталіся ад нафтабазы Мінабароны. Я думаю, што нічога такога няма…»

На Крупшчыне бываў ня раз. Знаёмыя паведамілі, што ад мясцовых былі ўжо пратэставыя звароты ў пракуратуру. Іду на пошукі ініцыятараў. Пытаюся ля былой нафтабазы ў ахоўніцы:

Карэспандэнт: «Як дайсьці да цыстэрнаў, дзе людзі жывуць?»

Ахоўніца: «А, ідзіце прама! Каля запраўкі павернеце, і будзе жытло. А ядаў ніякіх няма — мо ня тут. У нас аліву прымаюць. Фірма гэтая год як утварылася…»

Ля аўтобуснага прыпынку, што побач, людзі самі падышлі, убачыўшы мікрафон.

Спадарства: «Во ў склады гэтыя завозяць нейкі яд! Машына стаяла зь нечым ядавітым нядаўна… Справа ў тым, што ўсе шкодныя вытворчасьці павінны быць да 1,5 кілямэтра, а там хаты стаяць за 100 мэтраў. І хто ім дазволіў, незразумела, за які хабар?!»

Карэспандэнт: «А адкуль вы даведаліся пра яды?»

Спадарыня: «Дык там напісана на бочках!»

Нарэшце знаходжу хату «стваральнікаў будучай ініцыятыўнай групы», як сябе называе сямейства Ніковічаў. Настаўніца, спадарыня Сьвятлана, мяне нібы чакала.

Сьвятлана: «Праўда-праўда! Заходзьце сьмела!»

Сьвятлана праводзіць мяне да маці Марыі Сямёнаўны. Тая 13 год адпрацавала ахоўніцай на нафтабазе і ведае там усе хады-выхады.

Ніковіч: «Мамачка родная, з Кіпра ў Крупкі адкіды нейкія будуць прывозіць ад „Боінгаў“! Я стала крычаць, што адкіды ядавітыя будуць перапрацоўвацца. Гэтыя ж цыстэрны даваенныя, іржавыя, стаялі бяз паліва колькі гадоў!»

Карэспандэнт: «А адкуль вы пра гэта даведаліся?»

Ніковіч: «Ад кампутара. А тады ў мясцовай газэце напісалі, што будуць правяраць цыстэрны, чыніць, рыхтавацца. А цыстэрны знаходзяцца ад хат 5 мэтраў, пад зямлёй! Я ахоўнікам працавала гэтых цыстэрнаў: адчыняла браму — і авіяцыйнае паліва прымалі, усе ваенныя запраўляліся толькі тут. Мы ж усе ўзьляцім у паветра і падохнем не сваёй сьмерцю, будзем хварэць усе! Я свайму знаёмаму вайскоўцу патэлефанавала ў Менск — „Ай, ерунда!“ А тады пасьля газэты тэлефануе — будуць перавозіць з Кіпра гэтыя адкіды і перапрацоўваць тут. Дык я кажу — дыхаць нечым будзе, бо лес высеклі па магістралі — таполі, амэрыканскія клёны, як у вяночку быў пасёлак. А чаго высеклі, стала дапытвацца. „А як будзе прыяжджаць Лукашэнка, дык каб хто не напаў!“ Ну ці чулі вы такі цуд?!»

* * *

Перад сустрэчай зь Ніковічамі зайшоў у невялікую крамку з надпісам «Хлеб». Пагутарыў з прадавачкай, спадарыняй Людмілай Бачышчай.

Бачышча: «Дык а вы бочкі бачылі з надпісам „Яд“? Гэта пісакі, што ўсё жыцьцё пішуць! Яна падбухторвала ўсіх — пісаць, пісаць. Ну, побач з населеным пунктам, можа, і нельга такое. А мы нічога ня ведаем…»

Ізноў да размовы ў хаце спадарства Ніковічаў.

Карэспандэнт: «Марыя Сямёнаўна, а людзі ведаюць пра гэта?»

Ніковіч: «Я званіла той, што ў камэрцыйнай краме прадае хлеб, малако. Кажу, Люда, трэба аб’яднацца і падпісацца ўсяму пасёлку. „Не, там жа побач бэнзазапраўка і так прыгожа абсталявалі!“ Кажу, што яна наверсе, а перапрацоўка ўнізе. Бачу, што не кумекае нічога…»

Сьвятлана: «У будынку, дзе быў бар у цэнтры, зьбіраюцца казіно зрабіць, паколькі чыгунка і хуткасныя цягнікі побач — вунь Пугачова ж прайграла зараз 20 гадзін у Менску! За бар заплацілі 440 мільёнаў — 50 тысяч даляраў. І ў расейцаў абслуга атрымлівае вельмі вялікія грошы. У Маскве нашым маладзенькім дзяўчаткам, якіх запрасілі афіцыянткамі, заплацілі за 10 дзён працы па 8,5 тысячы даляраў. Таму ўсе пачнуць нас скупляць. Лясны масіў быў абалдзенны — з грыбамі, ягадамі! Людзі абураліся, пісалі — бачыце, сасна адна ў нас тырчыць. Вецер моцны стаў дзьмуць — раней такіх не было. Сьсеклі клёны, якія бралі на сябе ўсе цяжкія мэталы…»

Карэспандэнт: «А чаму ўсё-ткі станцыя Крупкі — такі прынадны кавалак?»

Сьвятлана: «Таму што чыгуначны вузел, а дзе была вадакачка — дарога на Оршу, Барысаў…»

Карэспандэнт: «У чым галоўная верагоднасьць таго, што „гэта“ з Кіпра можа ўзарвацца?»

Сьвятлана: «Атруты нам увядуць добрай, таму што будзе і камбінат па перапрацоўцы плястмасы, тут усё будзе дыміць, курэць, неба чорнае. Між іншым, Вішнеўская, суседка, з маёй сястрой ішлі, калі прывезьлі мошчы сьвятой Матрёны. І над нафтабазай убачылі вогненную апушчаную руку. Кажа, відаць, нейкі знак падае…»

Марыя Станіславаўна на тле сказанага распавядае пра тутэйшы штодзённы побыт.

Ніковіч: «Ніхто нічога не гаворыць пра пасёлак. Лазьні няма, камбінат бытавога абслугоўваньня перанесьлі ў Крупкі. А дзе пілу нагастрыць — старому чалавеку дужа вялікая праблема…»

Ізноў вандрую па вёсцы. Побач зь вясковым клюбам — крама «Надзея», палову будынка якой займае сямейства 31-гадовага Марата Занямонца. Высокі, плячысты хлопец сустрэў мяне на двары.

Карэспандэнт: «А як атрымалася, што з аднаго боку ты жывеш, а з другога — крама „Надзея“?»

Занямонец: «Раней была вялікая сталоўка аж да таго дома. Вялізны пажар быў, а з таго, што засталося, краму і дом зрабілі. Я купіў палову дома 3 гады таму, а крама ўжо была. Былыя гаспадары прадалі. Тут не шумяць, ціха, „чарнільшчыкаў“ няма. Куды пайсьці ў нас няма, сельсавет у Крупках…»

Карэспандэнт: «А старэйшыну вашага ведаеш?»

Занямонец: «А ў нас няма такога…» (Сьмяецца.)

Карэспандэнт: «А ты б хацеў, каб нешта для цябе ўлада зрабіла?»

Занямонец: «Ну, дом ужо купіць дапамаглі — у мяне чацьвёра дзяцей, шматдзетная сям’я. А жонка ў дэкрэце — прыбіральшчыца ў краме. Бацькі зь цешчай дапамагаюць, а жывёлы не трымаем, бо гумна няма і пасьвіць няма дзе. Ныркі хворыя, так што цяжкае падымаць нельга…»

У самой краме людзі гучна наракаюць на кошты.

Спадарства: «Адкуль капуста? З Магілёва? Ну, цэны!.. Цэны ў нашым Крупскім раёне завышаныя! Прыедзь у Барысаў, там цана меншая — еду на „Эўраопт“, набіраюся, і ўсё…»

Прадавачка, спадарыня Валасач, насьцярожана пазірае на мяне.

Карэспандэнт: «Вы Тамара Вітальеўна, а я, каб мяне не баяліся, таксама Віталь…»

Валасач: «Баімся, бачу, што штосьці ня так убачылі…»

Карэспандэнт: «А як вы выжываеце — мала ж пакупнікоў?»

Валасач: «Прыходзяць чыгуначнікі, лясгас, дрэваперапрацоўшчыкі. У лепшыя дні мо 50 і 100. Ведаеце, хоць і глухмень, нявыгадна — ніхто б не працаваў. Хоць на станцыі 7 крамаў, і ніхто ж не закрываецца! Там у іх больш купляюць, бо магістраль…»

Карэспандэнт: «У вашай „Надзеі“ найменш надзеі?»

Валасач: «Можна і так сказаць…» (Сьмяецца.)

Спадар: «Я выбачаюся — вядзецца запіс размовы? А дазвол ёсьць у вас?»

Карэспандэнт: «У мяне камандзіроўка — а вы хто? Я так разумею, гутару з гаспадаром крамы?»

Так мы пазнаёміліся з 27-гадовым жвавым прадпрымальнікам Алегам Кушняруком. Натуральна, адразу папрасіў адкамэнтаваць пачутае.

Кушнярук: «Людзі, якія заможныя, едуць закупляцца на 400 тысяч у Барысаў, у аптовыя крамы — „Бігзы“, „Алмі“, „Эўраопт“. Але транспартныя выдаткі вялікія на паліва, час лішні. У нас іх таксама хочуць адчыніць. Але ўдар які будзе па Крупскім раёне! Яны ж плацяць падаткі па месцы рэгістрацыі, а мы — у бюджэт раёну. Палове нашых прадпрымальнікаў давядзецца закрыцца…»

Алег кажа, што, як ні круці, вялізную долю прыбытку прыносіць сьпіртное.

Кушнярук: «Было дзьве забароны віна. Спачатку — калі павысіўся попыт на піва, пасьля сталі вазіць нелегалы з Талачына. Грошы ішлі па-за бюджэтам. Хтосьці да кагосьці з чымсьці прыехаў — усе ведаюць, што ў гэтай хаце даюць! Пасьля хутка падцягнуліся самагоншчыкі. Хто цярпіць — людзі, дзяржава. Грошы каб заставаліся, трэба добра працаваць АБЭПу. А ў нас змагаюцца з намі, бо нам нікуды не падзецца, мы на адным месцы. Лягчэй даць штраф за які перац, калі пратэрмінаваны на дзень…»

Карэспандэнт: «У вас 7 кропак у пасёлку — як вы выжываеце?!»

Кушнярук: «Цэнамі! У нас самыя нізкія. Сьвежую кілбасу, садавіну заказваем пакрысе, але 3–4 разы на тыдзень — у нас няма склада, дзе б хутка псавалася!»

Карэспандэнт: «А ўсё ж якія пэрспэктывы — маскоўская шаша абмінула Крупскі…»

Кушнярук: «У нас самае няўдалае месца. У мяне 2 крамы — адна ўласная, другая ў арэндзе, маці, сястра, дзіця. Мне 27 і працую адзін. Бізнэсам стаў займацца ў 18 гадоў, дзякуючы знаёмым маці. Са мной вельмі не пазмагаесься, таму што ўсе тавары бяром наўпрост у пастаўшчыкоў. Выдаткі вялізныя — электраэнэргія, падаткі, заробкі….»

Карэспандэнт: «А рэальны чысты прыбытак крамы „Надзея“?»

Кушнярук: «Рэальныя лічбы не магу назваць з-за канкурэнцыі. Але каб я і мая сям’я ўладкаваліся на дзяржаўную працу, у нас не было б столькі праблем, а былі б тыя ж грошы. З-за таго, што я прызвычаіўся працаваць на сябе, я не змагу падпарадкоўвацца! Мяне клічуць усе сябры ў Маскву — зарабляюць добрыя грошы. Я не хачу! Мне падабаецца Беларусь — я яе люблю! Я не магу казаць, што люблю ўладу, яе законы — людзей! У мяне зараз рэканструкцыя, і хоць няма грошай, але пачну яе рабіць…»

Ідучы да чыгункі, ізноў думаў пра сытуацыю з нафтабазай. Узгадаў, як спадарыня Марыя Насовіч расказала пра тое, чым скончылася яшчэ адно замежнае прышэсьце ў Крупскі.

Ніковіч: «Гадоў 10 таму немец хацеў заснаваць прадпрыемства па перапрацоўцы драўніны. І каб мэблю рабіць тут таннымі працоўнымі рукамі. Спалілі — і ніхто нічога не знайшоў…».

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG