Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У затопленыя кіпнем хаты гарадзенцам не вярнуцца


Жыхары затопленых у сьнежні кіпнем дамоў на Татарскай вуліцы ў Горадні па-ранейшаму жывуць у падменных кватэрах.

Яны чакаюць: што вырашаць улады. Тыя абяцаюць зруйнаваць не прыдатных для жыцьця пяць дамоў, збудаваць на іх месцы адзін вялікі і даць пацярпелым у ім кватэры. Але калі гэта будзе — ніхто ня ведае.

Сёньня Сафія Якімовіч з Татарскай дастала з паштовай скрынкі ліст з Кастрычніцкай раённай адміністрацыі Горадні. Наконт будучага жытла і «абмеркаваньня пытаньня аб кампэнсацыі за маёмасьць у выпадку зносу дамоў». У ім паведамляецца, што «ў сакавіку ў гарвыканкаме былі арганізаваныя сустрэчы з уласьнікамі жылых памяшканьняў, гэтая інфармацыя перададзена ў „Гроднажылбуд“ для далейшай работы», подпіс: кіраўнік адміністрацыі С. Пацэвіч».

Спадарыня Сафія кажа: хадзілі раней да намесьніка старшыні аблвыканкаму Дзяшко, ён сказаў, што пытаньне разглядаецца, але яшчэ няма праекту, а калі будзе, дамы, якія затапіла, разбураць. Так што ў сёньняшнім лісьце з выканкаму, можна сказаць, нічога новага.

Домам на Татарскай Сафія Якімовіч валодае напалам з братам Сяргеем Белайцам. Збудаваны ён быў яшчэ «за польскім часам» іхнім бацькам. Яны прызналіся, што пасьля аварыі па страхоўцы за страты дому атрымалі дванаццаць мільёнаў рублёў.

Сяргей Белайц паказвае, што вада на вуліцы ўзьнялася да 87 сантымэтраў. Зразумела, што затапіла пакоі і кухню. Тэмпэратура была 95 градусаў, кажа ён, сын нават апёк ногі. Усе спалі, была зімовая ноч.

Гаспадары запрасілі ўнутр, прабачыліся за гармідар: усе рэчы, мэбля, пабытовая тэхніка — электрапечка, мясарубка, сокавыціскалка, пыласос, кампутар — сапсаваныя. Канечне, спадзяюцца атрымаць кампэнсацыю. Прыходзяць сюды ў выходныя, каб праветрыць, нацепліць грубку, але нічога ня сохне. Праўда, частку грошай за зьнішчаную маёмасьць ім вярнулі, прызнаўся Сяргей Белайц.
Сапсаваная маёмасьць у хаце
Сапсаваная маёмасьць у хаце

На разьвітаньне ён прызнаўся: хацелася б пэўнасьці — дадуць ці не кватэру, «каб ведаць — на якім сьвеце жывеш». Затопленыя дамы старыя зусім, новая кватэра з выгодамі была б вельмі жаданай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG