Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інфармацыя пра паступовае ўрэгуляваньне беларуска-швэдзкага дыпляматычнага канфлікту, вяртаньне дыпляматаў, хуткі прыезд у Менск Часовага паверанага ў справах Швэцыі выклікала шмат камэнтароў. Галоўны прадмет дыскусіяў — хто каму пайшоў на саступкі.

У гэтым сэнсе вельмі паказальны рэдакцыйны артыкул у газэце «Советская Белоруссия» (№ 66, 10.04.2013 г.) пад назвай «Швэды ўтаймавалі гордасьць і хочуць вярнуцца ў Менск». Прэзыдэнцкае выданьне выклала сваю вэрсію канфлікту, які здарыўся летам мінулага году:

«Нельга ўзгадваць бязь сьмеху, як у швэдзкім МЗС успрынялі руцінную ўвогуле працэдуру — непрацяг акрэдытацыі амбасадару Эрыксану. На той час швэдзкі амбасадар прабыў у Менску нашмат больш, чым патрэбна, а паводле дыпляматычнага этыкету гэта не зьяўляецца добрым тонам. Стакгольм быў карэктна апавешчаны, што надышоў час мяняць Эрыксана на іншага дыплямата... І ў поўнай адпаведнасьці з канонам чарговую акрэдытацыю не працягнулі. Падкрэсьлім: ня выслалі з краіны, не прызналі пэрсонай нон грата, не разарвалі дыпляматычныя адносіны, а, выказваючыся больш зразумелай мовай — папросту не працягнулі ўзаемапрыняты працоўны кантракт, прычым на падставах, пацьверджаных міжнародным заканадаўствам... Эрыксану ў адпаведнасьці з агульнавядомымі дамоўленасьцямі не працягнулі акрэдытацыю».

Цікава, што ананімны аўтар фактычную высылку швэдзкага амбасадара тлумачыць некалькімі прынцыпова рознымі юрыдычнымі падставамі. Ён адначасова спасылаецца на «міжнароднае заканадаўства», «дыпляматычны этыкет», нейкі «канон», «дамоўленасьці» і нават на «працоўны кантракт». Апошняе асабліва дзівіць, бо які можа быць «працоўны кантракт» у швэдзкага амбасадара зь беларускай дзяржавай?! Тэзіс пра тое, што Эрыксан «прабыў у Менску нашмат больш, чым патрэбна», не вытрымлівае ніякай крытыкі. Бо міжнароднае заканадаўства ніяк не рэглямэнтуе тэрмін працы амбасадараў. Вырашаць, колькі павінен працаваць пасол, — гэта выключнае права краіны, якая яго пасылае. Стэфан Эрыксан прабыў кіраўніком швэдзкай дыпляматычнай місіі ў Беларусі 7 гадоў, зь іх на пасадзе амбасадара — 4 гады. Вось і амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў у Менску ўжо 7 гадоў. Ці значыць гэта, што беларускія ўлады і яго неўзабаве вышлюць? Хрэстаматыйны факт: амбасадар СССР у ЗША Анатоль Дабрынін займаў сваю пасаду 24 гады (1962–1986 гг.) пры шасьці амэрыканскіх прэзыдэнтах. Таму выцісканьне Эрыксана зь Беларусі — гэта не «руцінная працэдура», а гучны, скандальны дыпляматычны дэмарш афіцыйнага Менску.

Потым аўтар артыкула, насуперак самому сабе, прызнаецца, што насамрэч справа ня ў тэрмінах знаходжаньня швэдзкага амбасадара ў Беларусі, а ў ягоных няправільных паводзінах з гледзішча беларускіх уладаў:

«Настырны Эрыксан, папраўдзе кажучы, намазоліў вочы... Уявіў сябе місіянэрам. Эрыксан практыкаваўся то ў публічных палітычных маралізаваньнях, то запрашаў у амбасаду менскіх апазыцыянэраў, дзе адкрыта інструктаваў іх, як спрытней арганізаваць «каляровую рэвалюцыю».

Адразу ўзьнікае пытаньне: адкуль «Советская Белоруссия» ведае, пра што гаварылі ў швэдзкай амбасадзе?

Прэзыдэнцкая газэта хоча ўпэўніць, нібыта цяпер Стакгольм прызнаў, што ня меў рацыі ў гэтым канфлікце, памяняў сваю пазыцыю ў беларускім пытаньні:

«Давялося спадару Більту (міністар замежных спраў Швэцыі. — Аўт.) астыць, супакоіцца і абвясьціць сьвету, што швэдзкі ўрад пераацаніў свае падыходы і цяпер гатовы да супрацоўніцтва». То бок вынікае, што Беларусь прымусіла Швэцыю да дыпляматычнай капітуляцыі. Хоць малая, але перамога.

Але насамрэч узаемнае аднаўленьне працы амбасадаў нельга лічыць чыёйсьці перамогай. Гэта кампраміс. З аднаго боку, гэта саступка Менску, які фактычна выслаў усіх швэдзкіх дыпляматаў, а цяпер дазваляе ім вярнуцца. Зь іншага боку, Швэцыя не настойвае на вяртаньні свайго амбасадара Стэфана Эрыксана — кіраўніком швэдзкай дыпляматычнай місіі ў Беларусі пакуль будзе Часовы павераны ў справах.

Таксама лічу няправільным зьвязваць вяртаньне швэдзкіх дыпляматаў у Менск з пытаньнем палітзьняволеных, як гэта робяць некаторыя экспэрты. Маўляў, вязьні сядзяць, а дыпляматы тым ня менш вяртаюцца. Швэдаў можна было б папракаць у непасьлядоўнай пазыцыі, калі б яны зьехалі зь Беларусі ў знак пратэсту супраць наяўнасьці ў краіне палітзьняволеных. Але ж швэдзкіх дыпляматаў выціснуў беларускі бок. Цяпер, дэманструючы жаданьне палепшыць адносіны з ЭЗ, афіцыйны Менск робіць крок насустрач Швэцыі. Думаю, у любым выпадку гэта добра для ўсіх. Як за швэдзкім сталом, пачаставацца могуць усе.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG