Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскага актывіста вінавацяць у ілжэсьведчаньні на міліцыянтаў


Пётар Іваноў
Пётар Іваноў
Актывіст і праваабаронца Пётар Іваноў быў выкліканы ў абласную службу ДАІ, бо перад тым ён пісаў скаргу на парушэньне супрацоўнікамі міліцыі правілаў дарожнага руху. Але ў міліцэйскай структуры яго абвінавацілі ў тым, што ён падае паклёпніцкія зьвесткі.

Інцыдэнт, з прычыны якога Пётар Іваноў склаў скаргу ў ДАІ, адбыўся 16 лютага. Іваноў стаў сьведкам затрыманьня актывістаў аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Аляксея Кішчука і Станіслава Лаўрэнава, якія выйшлі ў цэнтар Віцебску з расьцяжкай «Свабоду палітвязьням».

Паводле Пятра Іванова, міліцэйская машына заехала на ходнікі, што стварыла небясьпеку для мінакоў і, у прыватнасьці, для яго асабіста. Гэта і было напісана ў скарзе. Аднак у ДАІ не пагадзіліся прыцягнуць супрацоўнікаў Кастрычніцкага РАУС да адказнасьці за парушэньне правілаў дарожнага руху. Затое Іванова абвінавацілі ў ілжэсьведчаньні.

Са складзеным пратаколам актывіста проста з ДАІ павезьлі ў Першамайскі райсуд. Але не давезьлі: міліцэйская машына разьвярнулася, і актывіста даставілі ў Першамайскі РАУС. Як яму патлумачылі, для нейкіх удакладненьняў у пратаколе пра адміністрацыйнае правапарушэньне або нават для складаньня новага пратаколу.

Па прыезьдзе ў пастарунак з актывістам перарвалася тэлефонная сувязь. Праваабаронцы мяркуюць, што яго могуць завезьці ў ізалятар часовага ўтрыманьня ды пакінуць там да панядзелка, каб потым судзіць. Такое ў Віцебску практыкуецца ўжо некалькі гадоў: калі кагосьці з актывістаў затрымліваюць у пятніцу, то дахаты ўжо не адпускаюць і ў суд не вязуць — адкладаюць гэта да наступнага тыдня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG