Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Кіпру Нікас Анастасіядзіс заяўляе, што будзе прасіць Эўрапейскі зьвяз аб дадатковай дапамозе для сваёй краіны. Паводле яго, ён падрыхтаваў ліст да старшыні Эўракамісіі Жузэ Мануэла Барозу і прэзыдэнта Эўрапейскай Рады Германа ван Ромпэя.

У лісьце гаворыцца пра «неабходнасьць зьмены палітыкі Эўразьвязу па Кіпры шляхам выдзяленьня яму дадатковай дапамогі». Ён не ўдакладніў, пра якую менавіта дапамогу ідзе гаворка. Сёньня ў ірляндзкім Дубліне сустракаюцца міністры фінансаў краінаў зоны эўра. Тэмай перамоваў будзе кіпрскае пытаньне.

Кіпр быў першай краінай у зоне эўра, якая ўвяла жорсткія, але супярэчлівыя захады для напаўненьня бюджэту, паводле якіх, у прыватнасьці, панясуць значныя страты буйныя фундатары двух найбуйнейшых камэрцыйных банкаў краіны.

Таксама былі ўведзеныя часовыя валютныя абмежаваньні. Дзякуючы гэтым захадам, Кіпр пазьбег фінансавага дэфолту і магчымага выключэньня з зоны эўра, атрымаўшы 10 мільярдаў эўра ад Эўразьвязу, Эўрапейскага цэнтральнага банку і Міжнароднага валютнага фонду.
XS
SM
MD
LG