Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Варламаў дабіраўся ў Бэрлін на электрычках


Аляксандар Варламаў

Аляксандар Варламаў

Былы амбасадар у Нямеччыне Ўлазімер Скварцоў часткова зьмяніў свае паказаньні. Уладзімер Скварцоў быў дапытаны ў якасьці сьведкі на працэсе над мадэльерам Аляксандрам Варламавым, які праходзіць у Кастрычніцкім судзе Менску.

Уладзімер Скварцоў распавёў пра эпізоды 2007 году, калі ў Бэрліне Тэатар моды пад кіраўніцтвам Сашы Варламава паказваў беларускія моды у Galeries Lafayette. Уладзімер Скварцоў заявіў у судзе, што амбасада Беларусі не аплачвала фуршэт пасьля паказу, а хто аплачваў, яму невядома. Пасьля гэтага пракурор, Антон Загароўскі, зачытаў пратакол допыту сьведкі падчас сьледзтва, дзе ён выказаў меркаваньне, што фуршэт аплачвала Galeries Lafayette. «Чаму Вы зьмянілі паказаньні?» — спытаў пракурор. Былы амбасадар у Нямеччыне Ўлазімер Скварцоў спаслаўся на тое, што прайшло шмат часу і што ў яго няма пэўных дакумэнтаў, каб нешта казаць канкрэтна, але пацьвердзіў, што зь бюджэту амбасады аніякай аплаты за фуршэты не праводзілася. Таксама Ўладзімер Скварцоў пацьвердзіў, што Аляксандар Варламаў падчас паездак у Бэрлін, напярэдадні паказаў моды, эканоміў грашовыя сродкі, у прыватнасьці, ён даяжджаў праз Польшчу на электрычках да Бэрліну. Таксама Ўладзімер Скварцоў сказаў, што такое сур’ёзнае мерапрыемства, як паказ моды, часткова фінансавалася зь бюджэту, а часткова ў фінансаваньні і маглі ўдзельнічаць спонсары.

Другім сьведкам быў Сяргей Маліноўскі, былы супрацоўнік амбасады ў Нямеччыне, цяпер — загадчык управы Эўропы МЗС Беларусі. Сяргей Маліноўскі сказаў, што фуршэты пасьля паказу ў Galeries Lafayette фінансаваліся самой гэтай арганізацыяй і што ў Galeries Lafayette ёсьць свой гастранамічны аддзел. Ён узгадаў пра паказ моды ў арганізацыі «Амбасада Бэрліну». Паводле Сяргея Маліноўскага, гэты паказ праводзіўся без арэнднай аплаты. Пры гэтым сьведка ня выключыў, што ў Аляксандра Варламава маглі быць дадатковыя грашовыя страты за дадатковыя плошчы і за рассылку запрашэньняў.

Сьведка Леанід Заруба працаваў супрацоўнікам амбасады ў Аўстрыі. У 2010 годзе ён дапамагаў Аляксандру Варламаву ў паказе моды. Паводле Леаніда Зарубы, фуршэту пасьля паказу не было. Некалькі чалавек, у тым ліку амбасадар і арганізатары мерапрыемства, выпілі па кілішку віна, ня больш за тое.

Чацьверты сьведка, Андрэй Шупляк, былы саветнік у амбасадзе ў Аўстрыі, цяпер намесьнік начальніка ўправы МЗС Беларусі. Ён засьведчыў. Што ў 2007 годзе падчас паказу ў Вене аплату за тэхнічнае забесьпячэньне паказу ня бралі, памяшканьне прадаставілі бясплатна. Фуршэт быў аплачаны амбасадай Беларусі. Ад Варламава былі толькі некалькі кіляграмаў цукерак. Фуршэт пасьля паказу 2008 году напалову аплаціла амбасада Беларусі, напалову — арганізатары мерапрыемства, ад Варламава таксама былі толькі цукеркі. Пры гэтым сьведка Андрэй Шупляк ня выключыў, што за тэхнічнае забесьпячэньне Варламаў мог нешта даплачваць, але пацьвердзіў, што спачатку, калі дамаўляліся з арганізатарамі пра паказ, гаворкі пра аплату за памяшканьне і за тэхнічнае забесьпячэньне не было.

Пасьля абеду працягнецца допыт дыпляматаў.
XS
SM
MD
LG