Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 14 красавіка: зьезд «Маладых дэмакратаў», дзень памяці Ўсяслава Чарадзея і народзіны Язэпа Дылы і Сымона Рак-Міхайлоўскага


Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.


ПАДЗЕІ ДНЯ

Вэнэсуэла. Прэзыдэнцкія выбары.

Менск. У офісе партыі БНФ на вуліцы Чарнышэўскага, 3 адбудзецца зьезд арганізацыі АГП «Маладыя дэмакраты». Пачатак а 10.00

Менск. У ДК МТЗ пройдзе штогадовы канвэнт аматараў японскай, карэйскай і кітайскай культураў «Аматэрасу», які зьбірае ня толькі грамадзянаў Беларусі, але і з краінаў СНД і Азіі.

Менск. У клюбе «Графіці» на вуліцы Калініна, 16 адбудзецца канцэрт гурту Recha. «Як заўсёды вас чакаюць песьні, сьпевы і сюрпрызы. Сустрэнем вясну разам!» — сказана ў адной з абвестак. Пачатак а 19.00

Менск. У TNT Rock Club на вуліцы Рэвалюцыйнай, 9 выступае гурт Re1ikt. «Re1ikt у сваёй музыцы спалучаюць такія кірункі, як progressive rock, post rock, art rock и alternative rock. Гурт мае ўнікальнае гучаньне, пры гэтым падчас запісу і выступаў выкарыстоўваецца толькі стандартны склад „жывых“ інструмэнтаў (2 гітары, бас, барабаны) і вакал», — сказана ў адной з абвестак.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1101 — памёр полацкі князь Усяслаў Чарадзей, адзін з галоўных пэрсанажаў беларускай гісторыі

1347 — памёр Антоній, адзін з трох віленскіх пакутнікаў, павешаны

1432 — пачаў валадарыць Жыгімонт Кейстутавіч, вялікі князь літоўскі

1707 — памёр Тодар Абуховіч, дзяржаўны і вайсковы дзеяч Вялікага княства Літоўскага, мэмуарыст

1754 — нарадзіўся расейскі граф Мікалай Румянцаў. Яму імпэратырыца падаравала Гомель, дзе Румянцаў сабраў бібліятэку, якая была перавезена ў Маскву і дагэтуль застаецца галоўнай бібліятэкай Расеі

1835 — нарадзіўся Валяр’ян Вільчэўскі, лекар, удзельнік паўстаньня 1863–1864 гг.

1880 — нарадзіўся Язэп Дыла, грамадзкі дзеяч, пісьменьнік.

1885 — нарадзіўся Сымон Рак-Міхайлоўскі, грамадзка-палітычны дзеяч, чалец Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, публіцыст, заснавальнік і дырэктар настаўніцкай сэмінарыі ў Барунах (1920–1922).

1894 — Менская губэрнская ўправа дала дазвол графу Карлу Чапскаму на будаўніцтва каменнага піваваранага заводу на вуліцах Аляксандраўскай і Рыгораўскай. Так пачынаецца гісторыя бровару «Аліварыя», будынак якога да сёньня дзівам захаваўся ў беларускай сталіцы.



1912 — Карабель «Тытанік», на якім, як цяпер пішуць, былі і беларусы, сутыкнуўся з айсбэргам і затануў

1917 — памёр наш зямляк лекар Людвік Замэнгоф, які прыдумаў штучную мову эспэранта

1920 — нарадзіўся Аляксей Карпюк, пісьменьнік, грамадзкі дзеяч.

1923 — у Вільні скончыўся зьезд пэдагогаў беларускіх гімназій

Зора Кіпель
Зора Кіпель


2003 — памерла Зора Кіпель, бібліёграф, літаратуразнаўца, публіцыстка, грамадзка-культурны дзеяч эміграцыі ў ЗША

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

І тым ня менш, вера ў мітычную краіну, дзе плывуць малочныя рэчкі, якой кіруе вялікі Чалавек, жаданьне хоць ілюзорнага шчасьця сабе, дзецям і ўнукам у нашых сялян заглушалі здаровы мужыцкі розум.

Усе сумненьні былі кволымі. Людзей агарнуў дзіўны энтузіязм якойсьці паслухмянасьці, ён прытупляў у іх нават чалавечнасьць. Гіпноз новай улады быў настолькі моцным, што людзі, зьведзеныя да нявольнічага падпарадкаваньня і бяздумнага захапленьня, адчувалі сябе нават і праўда шчасьлівымі. У іх усё мацней гаварыла чужое іхняму выхаваньню і традыцыям продкаў. Яны й не заўважылі, калі пасталі здольнымі на подласьць.


Аляксей Карпюк аб часах далучэньня Заходняе Беларусі да БССР
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG