Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітры Строцаў: Беларусы павінны сустрэцца самі з сабою


Дзьмітры Строцаў

Дзьмітры Строцаў

Дзьмітры Строцаў – беларускі расейскамоўны паэт. Выдаў паэтычныя кнігі «38» (1990), «Виноград» (1997), «Лишние сутки: Роман в стихах» (1999), «Остров Це» (2002), «Бутылки света» (2009), «Газета» (2012). Жыве ў Менску.


РАСЕЙСКАЯ СЯМ’Я

Ян Максімюк: Нядаўна, адказваючы на пытаньне, ці істотная для вас нацыянальная прывязка вашай паэзіі, вы сказалі, што ў залежнасьці ад кантэксту і сытуацыі называеце сябе або расейскім, або беларускім паэтам. Хацелася б пачаць размову якраз ад гэтых кантэкстаў і сытуацый. Што для вас значыць беларускі кантэкст? Калі ён для вас зьявіўся і ў якім выглядзе?

Дзьмітры Строцаў: Трэба сказаць, што мае адносіны да гэтага пытаньня фармаваліся на працягу гадоў і ўсё яшчэ фармуюцца. Рэч у тым, што я нарадзіўся ў сям’і расейцаў, спэцыялістаў у галіне электронікі, якіх у пачатку 1960-х Дзяржплян БССР запрасіў у Беларусь. Я нарадзіўся ў Менску, так што паводле нараджэньня я беларус. Натуральна, у сям’і я выхоўваўся ў рамках расейскай культурнай традыцыі, паколькі сям’я гэтую традыцыю падтрымлівала. Я хадзіў у менскую школу, дзе вучыліся дзеці вайскоўцаў, якіх можна было вызваліць ад вывучэньня беларускай мовы. У школе беларускай мовы я не вывучаў. Так склалася мая рэальнасьць. З другога боку, я сустракаўся з той рэальнасьцю, якая мяне атачала. Паколькі я рана, так сказаць, зрабіў рух у бок літаратуры і зьвярнуў большую ўвагу на мову, дык, натуральна, я стаў зьвяртаць увагу і на гэтую дыхатамію, на праблему, якая існуе ў грамадзтве і ў краіне, дзе я жыву. Мае адносіны да яе зьмяняліся, таму што ў мяне зьяўляліся сябры, беларускія паэты, творчасьць якіх для мяне мела значэньне. Мой паэтычны сьвет, сьвет маіх прыхільнасьцяў, паступова рабіўся дзьвюхмоўным. Я не адмаўляўся ад прасторы рускай літаратуры, якая была для мяне адкрытая, але я паступова адкрываў для сябе і сьвет беларускай культуры і літаратуры.

БЕЛАРУСКІ КАНТЭКСТ

Максімюк: Вы пачыналі пісаць вершы ў часы Савецкага Саюзу, калі ўсе яшчэ, незалежна ад сваёй нацыянальнасьці, прыналежалі, так сказаць, да агульнай савецкай сям’і. Вы тады ўжо адчулі беларускі кантэкст ці, можа, вы тады былі выключна расейскім паэтам, і ніякі іншы нацыянальны кантэкст вас не турбаваў?

Строцаў: Па-першае, была любоў да роднай зямлі. Былі такія зьявы, якія вельмі моцна ўключалі беларускі кантэкст. Натуральна, гэта быў такі савецкі ўзровень. Вось зьявіліся «Песьняры» – і зьявілася такая агульная савецкая любоў да гэтай музыкі, да гэтага мэлясу, да гэтай асаблівай паэтыкі. Так што не было нейкага супрацьстаяньня ці адарванасьці ад кантэксту. Але для мяне не было нейкага мастка. І ня толькі, здаецца, для мяне аднаго. Тое, што савецкая ўлада пасьпела зрабіць, яна зрабіла вельмі грунтоўна. Гэта значыць, адчуваньне і перажываньне нацыянальнай аўтэнтычнасьці ды павага да іншых каштоўнасьцяў – гэта ўсё было вельмі моцна разбурана. І гэта, можна сказаць, тады не станавілася ні ў які каштоўнасны шэраг. То бок, гэта была традыцыя, гэта была вельмі прыгожая традыцыя, але – яна ўжо ў мінулым і ня вельмі дапасоўвалася да новага, індустрыяльнага, прагрэсіўнага жыцьця...

Максімюк: Значыць, было такое адчуваньне, што тое, што стваралася на беларускай мове, да вашага жыцьця ня мела наўпроставага дачыненьня... Я вас добра зразумеў?

Строцаў: Так. Гэта быў такі зыходны пункт. Гэта існавала недзе на пэрыфэрыі. Але паколькі я ўваходзіў у літаратурную прастору, гэтая пазыцыя мусіла зьмяніцца. Узьнікаў канфлікт. Я разумеў, што мая руская мова – гэта ня тая руская мова, на якой гавораць у Расеі, у Маскве. Яна была іншай. Я гэта пачаў разумець, калі спрабаваў сам нешта ствараць. Я разумеў, што мая моўная экспрэсія ўжо крыху іншая. Я гэтага ня мог сабе тады растлумачыць, але гэта было зьвязана з уплывам асяродзьдзя, у якім я жыў. Хай сабе людзі ў Менску і гаварылі на расейскай мове, але гэта была ня тая мова, на якой гаварылі ў цэнтральнай Расеі.

«МЕНСКАЯ ШКОЛА»

Максімюк: Чым вам запомнілася 1980-я – так сказаць, апошняе савецкае дзесяцігодзьдзе ў літаратуры? 1980-я былі пэрыядам цікавага браджэньня ў беларускамоўнай культуры і літаратуры, тады ўзьніклі «Майстроўня», «Тутэйшыя»... А чым гэтае дзесяцігодзьдзе было адметнае для асяродзьдзя расейскамоўных літаратараў у Менску?

Строцаў: Гэта вельмі важны час і для мяне, і для расейскамоўнай літаратуры Менску і Беларусі. Рэч у тым, што тады ў Менску склалася зусім унікальнае літаратурнае асяродзьдзе. На расейскай мове ў Беларусі загаварылі ня толькі беларусы, але і габрэі. На расейскай мове загаварылі прадстаўнікі тых нацый, якія да Другой сусьветнай вайны гаварылі на сваіх нацыянальных мовах і мелі такую магчымасьць. Гэтая магчымасьць пасьля Другой сусьветнай вайны была страчаная. І значная частка расейскамоўнай літаратуры ў Беларусі пасьля вайны – гэта габрэйская літаратура. Што істотна для мяне, я ў пачатку 1980-х трапіў у кола вельмі важнага дзеяча нонканфармісцкага руху, якім быў Кім Іванавіч Хадзееў. Гэта была вельмі значная фігура, і складаная. Ён пачынаў як дысыдэнт, сядзеў у савецкіх турмах, але ў пачатку 1980-х яго пратэстны настрой зьмяніўся на нешта іншае. Ён стварыў вакол сябе цэнтар свабоднай, незалежнай культуры. Да яго прыходзілі самыя розныя людзі, каб сустракацца і абменьвацца інфармацыяй – і драматургі, і музыканты, і літаратары. Там я сутыкнуўся і з расейскамоўнымі, і зь беларускамоўнымі паэтамі і пісьменьнікамі...

Максімюк: Можаце назваць нейкія імёны?

Строцаў: Магу. Напрыклад, Грыгоры Трэстман, які да майго зьяўленьня ў Кіма напісаў раман у вершах «Сказ аб Іове». Для мяне, чалавека, выхаванага ў атэістычным асяродзьдзі, раман напісаны на біблейскім матэрыяле – гэта была проста бомба. Гэта было нешта зусім немагчымае. Прыходзіў туды Мікола Захаранка, беларускамоўны паэт і драматург. Прыходзілі рэжысэр Уладзімір Рудаў, кампазытар Аркадзь Гураў, паэт Андрэй Хадановіч... Прыходзілі і Валеры Мазынскі, і Валеры Раеўскі, і маладая дзяўчына, Ірына Халіп... І Мікола Раманоўскі... І людзі, зь якіх потым вырасьлі вельмі сур’ёзныя будысцкія прапаведнікі. Сам Кім быў чалавекам імпэрыі, чалавекам вялікай краіны. Але ён дазваляў расьцьвітаць вакол сябе самым розным кветкам.

Максімюк: Як я разумею, гэта было кола людзей незалежнай культуры, якія, калі пісалі свае вершы, дык у афіцыйных выдавецтвах наогул не публікаваліся?

Строцаў: Тое, чаму галоўным чынам вучыў Кім – гэта пісаць свабодна, пісаць тое, што ты хочаш, і не клапаціцца пра тое, ці гэта будзе надрукавана. Гэта была агульная ўстаноўка, якую разьдзялялі ўсе людзі з кола Кіма Хадзеева, хоць ня ўсе яны сябравалі адзін з адным. Я гэтую зьяву называю «менскай школай». Зразумела, ні Грыгоры Трэстман, ні Аляксей Жданаў, ні сам Кім Хадзееў наогул ня мелі магчымасьці друкавацца... Час ад часу зьяўляліся нейкія іхныя крытычныя артыкулы ў маскоўскай прэсе, нешта публікавалася ў «ЛіМ-е», Кім часам публікаваўся пад чужым імем, бо сябры давалі яму такую магчымасьць, але наогул усё пісалася ў стол.

НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ДЗЯРЖАВА

Максімюк: А што з гэтай «менскай школай» сталася ў 1990-я, калі распалася савецкая імпэрыя і ўзьніклі нацыянальныя дзяржавы? Як тады склаліся адносіны расейскамоўных і беларускамоўных пісьменьнікаў у Беларусі?

Строцаў: Гэта быў вельмі складаны пэрыяд, таму што пэрыяд «перабудовы» быў часам вялікай спакусы для мастакоў і пісьменьнікаў нонканфармістаў. Усе аказаліся ў той ці іншай ступені не падрыхтаванымі да гэтых пераменаў. Па-першае, пэўная частка гэтага кола, якую складалі габрэі, выехала. Іншая частка пастаралася рэалізавацца ў нейкіх сумежных галінах – нехта пайшоў у бізнэс, нехта ў палітыку. Гэтае кола распалася безадносна да дыхатаміі «расейскамоўны-беларускамоўны».

Што было важна для мяне? Тая мова, якая фармавалася ў 1980-я гады, – наогул, пратэстная мова – вычарпала сябе. Неабходна было шукаць новыя грані, новыя формы, і лавіць новыя сэнсы ды фармаваць іншыя зносіны. Таму што супрацьстаяньне сыстэме здавалася вычарпаным – імпэрыя развалілася, і горкае стала салодкім. У той момант я ў пэўным сэнсе перажываў расчараваньне. Я быў маладым чалавекам, які адчуў, што той сьвет, які для мяне быў склаўся, цяпер рассыпаўся.

З другога боку адбыўся моцны зрух у асяродзьдзі беларускіх пісьменьнікаў. Паколькі ўзьнікла новая дзяржава – Беларусь – дык натуральнай стала ідэя ўбачыць гэтую дзяржаву, гэтую краіну, беларускамоўнай. Уздым нацыянальнай ідэі быў вельмі моцны. А паколькі я ня меў наўпроставых адносін да гэтага руху, я, зразумела, аказаўся дзесьці на пэрыфэрыі, хоць гэта не было дыстанцыяваньнем з майго боку. Я ўжо недзе пра гэта згадваў: калі пад канец 1980-х Зянон Пазьняк пачаў публічна гаварыць пра Курапаты, то я і мае сябры бралі актыўны ўдзел у шэсьцях на Курапаты. І паколькі я тады прыналежаў да групы выканаўцаў аўтарскай песьні і ў нас былі магчымасьці ладзіць канцэрты на вялікіх пляцоўках, то падчас гэтых канцэртаў мы сыходзілі са сцэны і давалі мікрафон Зянону Пазьняку, які распавядаў нашай аўдыторыі пра Курапаты. Значыць, з нашага боку была адкрытасьць і гатоўнасьць да ўзаемадзеяньня. Але ў пачатку 1990-х здарылася, як я лічу, даволі драматычная рэч. Зразумела, што ў былых рэспубліках, якія атрымалі незалежнасьць, узьніклі моцныя антырасейскія настроі, жаданьні адштурхнуцца ад расейскага як ад імпэрскага. Тады зьявілася такое выказваньне, што ўсе расейскамоўныя ў Беларусі – гэта пятая калёна...

Максімюк: Магчыма, нейкае такое меркаваньне тады тыражавалася, але я сёньня зь нікім канкрэтным такога выказваньня не магу зьвязаць...

Строцаў: Я гэтага не правяраў... Але гэтае выказваньне ўплывала на адносіны, яно фармавала асяродзьдзе... І наступіла пэўнае дыстанцыяваньне. Але я лічу, што гэта было непазьбежна. Гэта была такая зона росту, у якой намацвалася разуменьне таго, якой будзе новая Беларусь. Калі тут пераскочыць адразу 20 гадоў, то можна сказаць, што цяпер сытуацыя вельмі зьмянілася. Грамадзтва дасьпела да новых поглядаў, да новых зрухаў, да новых учынкаў. Сёньня зусім відавочна ідзе збліжэньне беларускамоўнай і расейскамоўнай галінак беларускай літаратуры. Ёсьць ўзаемная ўвага, жаданьне слухаць адзін аднаго, перакладаць, і нейкі недавер пераадольваецца. Гэта маё адчуваньне. Яно заснаванае на асабістых кантактах.

Я – БЕЛАРУСКІ АЎТАР

Максімюк: Дык вось, мяркуючы па сваіх асабістых кантактах, у вас ёсьць адчуваньне, што вы прыналежыце да адной літаратуры зь беларускамоўнымі літаратарамі? Ці такога адчуваньня ў вас няма?

Строцаў: Для мяне, безумоўна, яно ёсьць. Маю пазыцыю падзяляюць ня ўсе расейскамоўныя аўтары, але я не адказваю за ўсіх. Я ведаю толькі нейкае кола літаратараў, і магу сказаць, што разуменьне такой агульнай пазыцыі ў гэтым коле расейскамоўных літаратараў расьце.

Мне важна адказаць на наступнае пытаньне: які сэнс расейскамоўнай паэзіі ў Беларусі? Навошта яна? У кожнай зьявы павінен быць нейкі свой сэнс. Гэты сэнс для мяне ў тым, каб даць шанец расейскай літаратуры і культуры сфармаваць неімпэрскую пазыцыю. Разумееце?

Максімюк: Патлумачце крыху болей...

Строцаў: Ёсьць расейская літаратура, якая асацыюецца з гістарычнай Расеяй – Расеяй, якая на працягу стагодзьдзяў была і застаецца імпэрыяй. Але расейская літаратура, як і кожная іншая, прадстаўленая ў пэрсаналіях. То бок, ёсьць аўтары, якія нейкім чынам рэфлектуюць гэтую імпэрскасьць, нейкім чынам спрабуюць выбудоўваць свае адносіны да яе. Са зьяўленьнем незалежных дзяржаваў, у якіх жывуць носьбіты расейскай мовы, зьяўляецца прэцэдэнт, калі ў гэтых краінах, у гэтых культурных супольнасьцях можа сфармавацца расейскамоўная літаратура, якая асэнсавана не атаясамлівае сябе з імпэрскай ідэяй.

СУСЬВЕТНЫ ДОСЬВЕД

Максімюк: А як вы наогул гледзіце на фэномэн расейскамоўнай літаратуры па-за Расеяй, скажам, у Латвіі, Украіне, Беларусі? Можна сказаць, што ў Беларусі ўзьнікае беларуская літаратура на расейскай мове, ці гэта contradictio in adjecto?

Строцаў: Я думаю, тут проста трэба паглядзець на сусьветны досьвед. Ёсьць багатыя лацінаамэрыканскія літаратуры, якія ўспрынялі мовы імпэрый. Пасьля аддзяленьня гэтых краінаў ад імпэрый гэтыя мовы і гэтыя культуры перасталі несьці імпэрскую ідэю. То бок, гэтыя мовы пачалі выказваць сваю, самастойную ідэю, нацыянальную ідэю.

Я разумею, што ў нашым выпадку ёсьць боязь, ёсьць трывога, што расейская культура, расейская мова, якая цяпер так татальна прадстаўленая ў Беларусі, нават у неімпэрскай якасьці выцісьне і заменіць беларускую мову. Я думаю, што гэта зусім апраўданая боязь і трывога. Але мне здаецца, што тут магчымая наступная дыялектыка: па меры ўсьведамленьня дзяржаўнай незалежнасьці і культурнай самастойнасьці беларусаў, лік этнічных беларусаў і наогул жыхароў гэтай краіны, якія захочуць вярнуцца да роднай мовы або перайсьці на беларускую мову, будзе расьці. Мне здаецца, што ў нейкі момант прысутнасьць расейскай і беларускай моваў у беларускай культурнай прасторы пачне зьмяняцца на карысьць беларускай. Больш таго, я думаю, што ў недалёкай пэрспэктыве нават улада, якая яна ні была б, убачыць у гэтай зьмене сваю выгаду. Важна толькі адно: каб не паўтараўся нэгатыўны досьвед пачатку 1990-х. Каб не паўтараліся валюнтарысцкія спробы вырашыць гэтую праблему, каб не паўтараліся спробы навязаць этнічным беларусам любоў да роднай мовы і прымусіць іх любіць родную мову.

ШТО РАБІЦЬ?

Максімюк: Наколькі такія творцы як вы, якія жывуць у Беларусі і пішуць па-расейску, маглі б дапамагчы такому разуменьню моўнай праблемы ў краіне? Што трэба было б зрабіць, каб, па-першае, не было пачуцьця адчужанасьці паміж беларускамоўнымі і расейскамоўнымі аўтарамі, і па-другое, каб усё ж уратаваць беларускую мову ад пагібелі?

Строцаў: Тут трэба рабіць тое, што цяпер насамрэч робіцца вельмі мала. Тут патрэбныя адаптацыйныя праграмы, калі можна так сказаць. Неабходна рознымі спосабамі і якасна даносіць беларускую літаратуру да беларусаў, якія карыстаюцца расейскай мовай. Мы цяпер маем шмат цікавых беларускіх аўтараў, сучасных аўтараў. Іх неабходна перакладаць на расейскую мову. Неабходна, каб гэтым перакладам спадарожнічаў крытычны матэрыял. Неабходна вельмі ўважліва разгледзець гэтую зону і актыўна распрацоўваць яе. Каб паступова павышаць цікавасьць да беларускай культуры, каб павышаць зацікаўленасьць у актуалізацыі беларускай літаратуры.

Бо цяпер мы маем вельмі дзіўную і парадаксальную рэч. Заходнія інстытуцыі падтрымліваюць літаратуру на беларускай мове і цалкам ігнаруюць літаратуру на расейскай мове ў Беларусі. Зразумела, што гэта робіцца таму, каб стымуляваць беларускамоўную літаратуру ў Беларусі. Але вынік атрымліваецца дзіўны, таму што гэта разьдзяляе культурную супольнасьць Беларусі на тых, хто – як казалі ў савецкі час – «пры кармушцы», і на тых, хто пакінуты без апекі. Беларускамоўная супольнасьць успрымаецца як прывілеяваная. А расейскамоўныя аўтары Беларусі аказваюцца непатрэбнымі; Расеі яны таксама не патрэбныя.

КАНЬЮНКТУРА, У ЛІТАРАТУРЫ

Максімюк: Значыць, ёсьць адчуваньне нейкай крыўды ці дыскамфорту сярод расейскамоўных аўтараў, якое аддзяляе іх ад беларускамоўных з увагі на фінансаваньне літаратурнага працэсу, праўда?

Строцаў: Так, гэта ёсьць. Але, разумееце, калі ў другой палове 1990-х гэткая сытуацыя перажывалася вельмі балюча, то цяпер яна пераадольваецца. Я тут ня вельмі характэрны прыклад, бо ў мяне больш-менш пасьпяховы лёс. Я ўдзельнічаю ў эўрапейскім літаратурным працэсе, я ўдзельнічаю ў расейскім літаратурным працэсе, і ў Беларусі ў мяне шматгадовыя кантакты зь беларускамоўнымі і расейскамоўнымі аўтарамі. У мяне больш-менш камфортная сытуацыя. Але побач са мной ёсьць маладыя аўтары, якія хочуць неяк рэалізавацца, і яны з гэтым сутыкаюцца, гэта значыць, зь нейкім такім ціскам – пяройдзеш на беларускую мову, у цябе будзе кніжка. То бок, табе прапануюць каньюнктурны ход – тое, што было ў савецкі час. Беларуская мова пачынае асацыявацца ня з тым, што мае сваю вартасьць, а з тым, за чым стаіць нейкая каньюнктура. Гэта вельмі небясьпечная сытуацыя.

Максімюк: Калі я вас разумею, дык тут патрэбны крок і з боку беларускамоўных аўтараў, каб яны не дзялілі грантаў адно паводле моўнай прыкметы, а выдавалі зборнікі таленавітых аўтараў безадносна да мовы, на якой яны напісалі. Гэта так?

Строцаў: Так яно цяпер і пачало адбывацца. Я, напрыклад, ведаю, што цяпер Саюз беларускіх пісьменьнікаў рыхтуе зборнік вельмі таленавітай паэткі Тацяны Скарынкінай. Яна сама з Смаргоні, але па волі жыцьцёвых абставінаў пераехала ў Партугалію. У асноўным яна піша на расейскай мове, але, як я разумею, яна таксама вельмі добра валодае беларускай. Яна менавіта адчуваецца як беларускі аўтар. Значыць, такія працэсы ідуць. Яны былі цалкам замарожаныя ў 1990-х, а цяпер мы маем нейкія зрухі. І гэты зрух у самой Беларусі большы, чым разуменьне ў эўрапейскіх інстытуцыях, якія грантамі падтрымліваюць тыя ці іншыя праекты.

ДАВЕР ДА ПРЫМУСУ

Максімюк: На заканчэньне хацелася б вам паставіць пытаньне палітычнага характару. Відаць, мы, беларусы, пакуль што інакш ня можам – пачынаем з паэзіі, а заканчваем Лукашэнкам. Што вы думаеце пра Аляксандра Лукашэнку – гэта палітык, які ажыцьцяўляе, так сказаць, беларускі нацыянальны выбар ці, як лічаць іншыя, агент чужога ўплыву?

Строцаў: Я думаю, усім нам неабходна прызнаць, што і Лукашэнка, і людзі, якія яго акружаюць – гэта беларусы. Лукашэнка, Мясьніковіч, Пракаповіч і іншыя – гэта беларусы. І што мы, беларусы, – я сябе сюды ўключаю – да канца сябе ня ведаем. У палітычнай гісторыі Беларусі мы цяпер маем новую паласу. Да нейкага моманту можна было гаварыць – мы так жывём, бо нас прыгнятаюць з правага боку або зь левага. Цяпер краіна незалежная ўжо больш за 20 гадоў. Трэба разумець, што тая ўлада, якую мы маем – гэта шмат у чым выбар беларусаў. І што сярод беларусаў, як постсавецкага грамадзтва, існуе моцны давер да прымусу як інструмэнту самарэгуляцыі. Адсюль вэртыкаль улады. У дадзеным выпадку Лукашэнка і яго атачэньне – гэта індыкатар. Гэты палітык атрымаў падтрымку ў свой час і стаіць да гэтага часу так моцна таму, што дзесьці ў глыбіні беларус давярае такой палітыцы, давярае такаму інструмэнту, як прымус.

Я выступаю за тое, каб беларусы сустрэліся з сабою і пазналі сябе ў асобе сваіх уладных прадстаўнікоў. Чаму гэта важна? Можа так здарыцца, што раптам, па волі выпадковых або невыпадковых абставінаў, зьменіцца ўлада. Калі ня будуць зроблены глыбінныя высновы ў адносінах да сябе, то мы будзем мець новы аўтарытарны рэжым, выбудаваны нейкім іншым чынам.

Мне здаецца, што гэта хвароба грамадзкага росту. Прыгадайце, што калі пасьля Першай сусьветнай вайны ад Расейскай імпэрыі аддзялілася Літва, там таксама быў аўтарытарны рэжым. То бок, грамадзтву неабходна прайсьці праз аўтарытарызм. Але праз аўтарытарызм трэба праходзіць асэнсавана. Пакуль мы будзем ківаць на Расею ці на Польшчу, мы ня вырасьцем, мы не зразумеем, што нам трэба пераадолець гэтыя рэчы ў сабе. Нам непрыемна, што нехта цісьне на нас. Але мы самі гатовыя ціснуць на кагосьці іншага. Вось гэта – самая нашая «неэўрапейскасьць». На гэтым шляху магчымы салідарны рух і расейскамоўных, і беларускамоўных аўтараў Беларусі. То бок, на шляху, на якім дэмакратыя не будзе атаясамлівацца з той ці іншай нацыянальнай ідэяй.

Мне здаецца, што ў самых глыбокіх традыцыях нашай краіны гэтае зерне заўсёды было. Тут суіснавалі размаітыя этнічныя групы. І гэтае суіснаваньне тут заўсёды наладжвалася лепшым чынам, чым на ўсход ад нас.

НАДЗЕЯ

Максімюк: Як вам бачыцца палітычная будучыня Беларусі на шляху да такой эўрапейскасьці? Ёсьць сьвятло ў канцы тунэлю ці не? І зь якой сілай ці групай у грамадзтве можна зьвязваць надзею на перамены?

Строцаў: На жаль, тыя палітычныя групы, якія мы цяпер бачым, у той ці іншай ступені адпрацоўваюць нейкія стэрэатыпы. Геніяльных прапановаў няма. Але я бачу маладое пакаленьне, якое цяпер падрастае, і яно мне страшна падабаецца. Скажам, у кампаніі майго сына ўсе маладыя людзі размаўляюць на беларускай мове. Яны адкрытыя на беларускую культуру, на расейскую культуру, на тыя ці іншыя эўрапейскія культуры. Гэтыя тэндэнцыі вельмі моцныя. Нам цяпер вельмі важна не падвесьці іх, ня здрадзіць ім. Даць ім магчымасьць зьдзейсьніцца, дасьпець. Мы павінны не дазволіць уцягнуць Беларусь у нейкую інтрыгу, якая паламае ім лёсы. Я ў гэтае пакаленьне вельмі веру.

На здымках Дзьмітры Строцаў. Аўтар Барыс Лявіцкі
XS
SM
MD
LG