Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зялёныя хочуць «адвязаць» Чарнобыльскі шлях ад палітыкі


Беларуская партыя «Зялёныя» выказалася за кардынальную рэформу традыцыйнага шэсьця апазыцыі «Чарнобыльскі шлях».

Партыя «Зялёныя» зьвярнулася з адкрытым лістом да аргкамітэту «Чарнобыльскага шляху».

На думку партыі, трэба зьмяніць працэс падрыхтоўкі да акцыі, адкарэктаваць яе імідж і пасланьні, каб акцыя зрабілася больш рэзананснай у грамадзтве.

Перш за ўсё «Зялёныя» заклікалі сваіх актывістаў далучыцца да акцыі, хоць партыя і вырашыла ня браць удзелу ў працы аргкамітэту.

Гэтае рашэньне зьвязанае з тым, што «падрыхтоўчая праца па фармаваньні аргкамітэту і яго ідэалягічныя ўстаноўкі практычна такія ж, як і ў ранейшыя гады».

Асноўная праблема «Чарнобыльскага шляху», лічаць у партыі, зьвязаная з тым, што вулічная акцыя ўспрымаецца ў грамадзтве як палітычная, а не экалягічная:

«Яе ўдзельнікамі ў асноўным зьяўляюцца актыў апазыцыйных партый і прадстаўнікі моладзевых палітызаваных субкультур. Эстэтыка маніфэстацыяў хутчэй партыйна-палітычная. Эколягі, праціўнікі АЭС, якіх у грамадзтве шмат, часьцяком маюць недавер да акцыі, успрымаючы яе як праяву вузкапартыйнага і асабістага піяру», — адзначаецца ў адкрытым лісьце.
Эколягі, праціўнікі АЭС, якіх у грамадзтве шмат, часьцяком маюць недавер да акцыі, успрымаючы яе як праяву вузкапартыйнага і асабістага піяру

На думку «Зялёных», рэформа «Чарнобыльскага шляху» павінна ўключаць у сябе адмову ад прывязкі да «апазыцыйнага календара», калі аргкамітэт фармуецца пасьля Дня Волі, што «мімаволі дазваляе разглядаць шлях як працяг, рэмэйк 25 сакавіка».

«На наш погляд, аргкамітэт „Чарнобыльскага шляху“ мог бы фармавацца за некалькі месяцаў да 26 красавіка і за кошт сваёй актыўнай прысутнасьці ў СМІ надаць будучай акцыі імідж галоўным чынам экалягічнага мерапрыемства», — гаворыцца ў адкрытым лісьце, які цытуе БелаПАН.

У партыі лічаць, што ўдзельнікамі аргкамітэту павінны быць актывісты і прадстаўнікі арганізацыяў, якія пасьлядоўна стаяць на экалягічных пазыцыях, нізавыя экалягічныя грамадзянскія ініцыятывы. Партыя таксама прапануе адмовіцца ад выкарыстаньня падчас шляху партыйнай, рэлігійнай і нацыянальнай сымболікі, а таксама ад выступаў на мітынгу лідэраў палітычных партый і палітызаваных ініцыятыў.

«Зялёныя» прапануюць аргкамітэту выказацца наконт гэтых прапановаў і стварыць пляцоўку для іх абмеркаваньня.

8 красавіка ў Менгарвыканкам падалі заяўку на правядзеньне «Чарнобыльскага шляху». Арганізатары просяць гарадзкія ўлады дазволіць збор удзельнікаў акцыі 26 красавіка ў 18:00 на пляцоўцы каля кінатэатру «Кастрычнік», потым шэсьце па вуліцы Сурганава да парку Дружбы Народаў, дзе плянуецца правесьці мітынг.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG