Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеці вайны — двойчы пакрыўджаныя

абноўлена

Мэмарыял на месцы лягеру сьмерці «Азарычы»
Мэмарыял на месцы лягеру сьмерці «Азарычы»

11 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень вызваленьня вязьняў фашысцкіх канцлягераў. У Магілёве з гэтай нагоды адбыўся мітынг ля помніка «Дзецям вайны».

На ім гаварылі пра пакуты, празь якія давялося прайсьці тым дзецям, але ня казалі, што ў Беларусі былыя малалетнія вязьні канцлягераў пазбаўленыя льгот, хоць ва Ўкраіне і Расеі такія льготы замацаваныя адмысловымі законамі.

Сярод тых хто ня мае льгот і былыя малалетнія вязьні лягеру сьмерці «Азарычы».

Сёньня былыя малалетнія вязьні лягера сьмерці «Азарычы» — гэта ўжо людзі сталага веку. Год ад году іх усё меней. Да скасаваньня ільготаў Палатай прадстаўнікоў у 2009 годзе яны былі прыроўненыя да вэтэранаў Другой усясьветнай вайны. Мелі палёгкі ў аплаце камунальных паслугаў, лячэньня, набыцьці мэдычных прэпаратаў, мелі бясплатны праезд у грамадзкім транспарце.

«Пастанавілі, што мы не зьяўляемся ўдзельнікамі вайны, і нас пазбавілі ўсіх ільготаў. І мы цяпер практычна ніякімі ільготамі не карыстаемся. Мы ў адміністрацыю прэзыдэнта і нашу палату пісалі неаднаразова. Атрымлівалі стандартны адказ зь Міністэрства сацыяльнага забесьпячэньня, што «ільготамі вы не карыстаецеся і пастановай такой і такой вы іх пазбаўленыя», — тлумачыць сытуацыю адзін з былых вязьняў «Азарычаў» Міхаіл Кушняроў.

На Магілёўшчыне жыве каля паўтысячы малалетніх вязьняў канцлягераў. У самім Магілёве — каля паўсотні. Сродкі, якія меліся быць накіраваныя на ільготы малалетнім вязьням, як тлумачаць афіцыйныя крыніцы, выкарыстоўваюцца на іншыя сацыяльныя патрэбы.
Мэмарыял «Дзецям вайны» ў Магілёве
Мэмарыял «Дзецям вайны» ў Магілёве

«Частку гэтых грошай, якія выдаткоўваліся б на нас, накіравалі для маці, якія гадуюць бяз бацькі дзяцей. Гэта нам так тлумачаць. Гэта каб пыл нам у вочы пусьціць. Гэта так спэцыяльна зрабілі, бо мы ў робах не былі там, а калі не былі ў робах, то мы і ня ўдзельнікі…»

У «Азарычы» адзінаццацігадовым трапіў разам з маці, сястрой ды братам Міхаіл Кушняроў. Іхнюю вёску Ала, што ў Кіраўскім раёне, усю фашысты пагналі ў лягер. Спачатку ноч іх трымалі ў вёсцы Падасінавікі, дзе, паводле спадара Міхаіла, было каля дзесяці тысяч вязьняў. За ноч блізу паловы ня выжыла. Потым перагналі ў лягер ля вёскі Азарычы. Агароджаная тэрыторыя, кажа Міхаіл Аляксандравіч, была ў балацявіне.

«У гэтае балота загналі. І ў ім былі практычна трое сутак. За трое сутак пяцьдзясят працэнтаў людзей памерла. Яны туды яшчэ зьмясьцілі і тыфозных хворых, каб распаўсюдзіць тыфус. Недзе тысяч дваццаць там засталося. У мяне загінулі сястра і брат. Сястры было восем год, а брату — пяць год. З маёй радні там засталося сем чалавек. А я выйшаў толькі з маці».

Няпроста складаўся лёс нявольнікаў лягера пасьля вызваленьня. Дасьледнік гісторыі лягера сьмерці «Азарычы» Ўладзімер Іваноў зазначае:
Улады лічылі, што тыя, хто жыў пад акупацыяй, былі нядобранадзейныя. Гадоў зь дзесяці ўсе былі пад каўпаком спэцслужбаў

«Пра ўсялякія там канцлягеры гадоў дваццаць таму ніхто не жадаў ведаць. Такая была палітыка ўладаў. Усё гэта замоўчвалася. Толькі ў часе перабудовы пачалі пра гэта гаварыць. Улады лічылі, што тыя, хто жыў пад акупацыяй, былі нядобранадзейныя. Гадоў зь дзесяці ўсе былі пад каўпаком спэцслужбаў. Ім асабліва не давалі нідзе прасунуцца. Спэцорганы на кожнага мелі дасье».

На месцы лягера ўзьведзены мэмарыял, дзе штогод 19 сакавіка зьбіраюцца колішнія вязьні. Сюды прывозяць піянэраў, праводзяць мітынгі. Аднак былыя нявольнікі лічаць, што іх лёсу не аддаецца належнай увагі.

«Апошні раз мы былі ў „Азарычах“ летась. Я запытаўся ў старшыні сельсавету: „Хто-небудзь з кіраўнікоў краіны ці прыяжджаў сюды?“ — „Не, — кажа, — за ўвесь час не было ніводнага“. Таксама не заўважана, каб гэтае месца наведвалі замежнікі. Чаму гэта канцлягер хаваюць, невядома. Хоць самі немцы прызналі, што гэта сапраўды быў лягер сьмерці».

Паводле афіцыйных зьвестак, у лягер сьмерці «Азарычы» з 10 па 19 сакавіка 1944 году было сагнана 50 тысяч чалавек. Зь іх ацалелі меней за 33 з паловай тысячы. Лягер нацысты стварылі, каб адгарадзіцца жывой сьцяной перад наступам савецкіх войскаў. Шмат вязьняў было заражана тыфусам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG