Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рамблер» аштрафавалі за адмову здаць паштовую скрыню кліента


Фэдэральная служба фінансавых рынкаў Расеі (ФСФР) аштрафавала партал «Рамблер» на паўмільёна рублёў за адмову даць інфармацыю з электроннай паштовай скрыні аднаго са сваіх карыстальнікаў.

ФСФР запрасіла ў «Рамблера» рэгістрацыйныя дадзеныя карыстальніка, якога западозрылі ў неправамерным выкарыстаньні карпаратыўнай інфармацыі, а таксама інфармацыю пра адрасы, зь якіх ён зьбіраў і на якія перанакіроўваў лісты. Інтэрнэт-кампанія падала ведамству базавую інфармацыю, але адмовілася без судовага рашэньня раскрываць зьвесткі аб адрасах, палічыўшы гэта парушэньнем таямніцы перапіскі.

Дырэктар па бясьпецы аб’яднанай кампаніі «Рамблера» і «Афішы» Аляксандр Рылік заявіў газэце, што рашэньне ФСФР будзе абскарджана. Ён падкрэсьліў, што ўсе праваахоўныя органы дамагаюцца судовых рашэньняў для атрыманьня зьмесьціва перапіскі карыстальнікаў, і незразумела, чаму ў дадзеным выпадку павінна быць інакш.

Раней у Mail.Ru Group таксама падалі ў ФСФР запытаную інфармацыю аб карыстальніку, але адмовіліся паведамляць службе інфармацыю аб адрасах, зь якімі ён вёў перапіску. Ня гледзячы на гэта, кампанія не была аштрафаваная. Прадстаўнікі «Яндэксу» пацьвердзілі, што для атрыманьня інфармацыі аб адрасатах перапіскі сапраўды трэба ўскрываць саму пошту.

Патрабаваньні ФСФР зьвязаныя з праверкай магчымасьці інсайду і маніпуляваньня акцыямі кампаніі «Праектныя інвэстыцыі». Прадстаўнік ведамства Сьвятлана Швецова запэўніла, што служба і раней штрафавала інтэрнэт-кампаніі за адмову даваць інфармацыю аб інсайдэрах. Пра гэта паведамляе партал Lenta.ru са спасылкай на газэту «Ведомости».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG