Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Законапраект, накіраваны супраць байкоту выбараў, перададзены на экспэртызу.

Праект закону аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў у Выбарчы кодэкс Беларусі падрыхтаваны і накіраваны на экспэртызу. Пра гэта Інтэрфаксу паведаміў сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік:

«Сваю частку працы мы зрабілі, падрыхтаваўшы сумесна з Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых дасьледаваньняў праект закону. Далей ідзе этап экспэртных дасьледаваньняў, праект накіроўваецца розным суб’ектам — органам прадстаўнічай і выканаўчай улады, у навуковыя інстытуты. Зьбіраюцца прапановы, заўвагі. Што на дадзены момант зроблена, сказаць не магу, далейшае праходжаньне дакумэнту мы не кантралюем».

Сакратар ЦВК таксама не раскрыў сутнасьці падрыхтаваных прапаноў.

Раней распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі распрацоўка законапраекту па зьмене выбарчага заканадаўства была ўключаная ў плян законапраектнай дзейнасьці на бягучы год. У канцы студзеня пытаньні зьмены заканадаўства па правядзеньні выбараў абмяркоўваліся на нарадзе ў Лукашэнкі.

У прыватнасьці, тады разглядалася мэтазгоднасьць унясеньня ў выбарчае заканадаўства зьмяненьняў, якія выключаюць магчымасьць агітацыі за байкот выбараў.

«Удзельнікі нарады пагадзіліся з прапановамі ЦВК аб тым, што дадзеная дзейнасьць, накіраваная на зрыў выбараў, павінна быць выведзена з выбарчага заканадаўства і зь перадвыбарнай дзейнасьці як такой і весьціся асобна, але не кандыдатамі ў дэпутаты», — заявілі тады ў прэсавай службе Лукашэнкі па выніках нарады.

Кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына тады таксама паведаміла, што была падтрыманая прапанова аб пераходзе да прынцыпу адноснай большасьці на парлямэнцкіх выбарах ужо ў першым туры:

«Гэта дазволіць спрасьціць выбарчую кампанію і скараціць выдаткі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG