Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музыка — гэта тое, што нельга выказаць словамі. Калі ты не Максім Горкі, вядома. Максім Горкі мог выказацца словамі нават там, дзе іншыя саромеліся або апускалі рукі — пра Салаўкі, пра Беламорскі канал, напрыклад, пра тое, як на ягоным будаўніцтве «праўда калектыўнай працы пахіснула ў гэтых паўлюдзях, ідалапаклоньніках прыватнай уласнасьці, Заалягічнае індывідуальнае».

А вось можна пра джаз, Аляксей Максімавіч?

Отчего ж нельзя, ізволь, голубчік.

18 красавіка 1928 году ў газэце «Праўда», № 90, выйшаў вялікі артыкул вялікага пралетарскага пісьменьніка «Пра музыку тоўстых». Артыкул не артыкул, хутчэй — эсэ, хаця такімі словамі тады ня надта раскідваліся. Першы савецкі тэкст, дзе вуснамі спэцыяліста патлумачана, што такое джаз, і дзе рэцэпт схудненьня для ягоных слухачоў.

Пачынаўся ён словам «Ноч». Ноч была італійская — Горкі пісаў сваё эсэ ў Сарэнта, даволі далёка і ад «Праўды», і ад першай пяцігодкі, і ад ОГПУ. І вось там, пад італійска-фашыстоўскім начным небам, у цудоўнай цішыні, сядзіць вялікі пралетарскі пісьменьнік і гартае лісты, дасланыя яму захопленымі чытачамі. Гартае і думу думае: дум, дум, дум... Пра Вавілава, пра Мічурына, пра Паўлава і Рэзэрфорда... І тут суседзі, а трэцяй гадзіне ночы, без абвяшчэньня вайны, раптам уключаюць радыё — і ночы няма, як не было, і цішыні больш няма, і наогул — быццам бы нябёсы адчыніліся, і адтуль проста на галаву вялікага пралетарскага пісьменьніка звалілася бомба, мацнейшая за Фаўста Гётэ.

«...раптам у чулую цішыню пачынае суха стукаць нейкі ідыёцкі малаточак — раз, два, тры, дзесяць, дваццаць стукаў, і ўсьлед за ім, быццам кавалак гразі ў чыстую, празрыстую ваду, падае дзікі віскат, сьвіст, грукат, енк, роў, трэск, прарываюцца нечалавечыя галасы, што нагадваюць конскае ржаньне, чуецца рохканьне меднай сьвіньні, лямант аслоў, любоўнае крумканьне вялікай жабы, увесь гэты абразьлівы хаос шалёных гукаў падпарадкаваны рытму ледзь улоўнаму... паслухаўшы гэты лямант хвіліны дзьве-тры, пачынаеш міжволі ўяўляць, што гэта грае аркестар вар’ятаў, якія зьехалі з глузду на сэксуальнай глебе, а дырыжорам у іх нейкі чалавек-жарабец, які махае агромністым фаласам».

Спачатку Горкі ня піша: джаз, ён піша «факстрот». Факстрот і «сутаргі чарльстону». Але потым зьяўляецца і «джаз-банд». «Джаз-банд нэграў, якія сьмяюцца», назіраючы, як іхныя белыя ўладары эвалюцыянуюць у дзікуноў. Джаз — гэта тое, што супраць Бэтговэна і Моцарта, гэта сэкс замест любові:

«Нечалавечы бас раве ангельскія словы, аглушае нейкая дзікая труба, нагадваючы крыкі раззлаванага вярблюда, верашчыць дрэнненькая дудачка, разьдзіраючы вушы, крэкае і гугнява гудзе саксафон. Раскачваючы тлустыя сьцёгны, шаргочуць і тупаюць тысячы, дзясяткі тысяч тлустых ног. Нарэшце музыка тоўстых канчаецца аглушальным грукатам... Зноў сьветлая цішыня, і думкі вяртаюцца дадому, адкуль селькор Васіль Кучаравенка піша мне...»

Селькор піша пра старую, якая хоча запісацца ў камсамолкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG