Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы за мір, вайны ня нужна, вось дэвіз атраду «Дружба». Мелася на ўвазе, што там, па той бок заслоны, яны ўсе за вайну: стаяць гэткімі скаўтамі дзесьці ў сваёй Оўклагоўме і скандуюць:

«За вайну! Прэч fucking peace, вось, Саветы, наш дэвіз!»

...Аўтарства выразу «халодная вайна» прыпісваюць дарадцы прэзыдэнта Трумэна Бэрнарду Баруху, які 16 красавіка 1947 году ўжыў яго ў сваёй прамове ў Паўднёвай Караліне. «Давайце не дазволім нас падманваць, — сказаў ён. — Мы знаходзімся ў стане халоднай вайны». Фраза спадабалася, яе падхапілі.

Той Бэрнард Барух быў асобаю прыкметнай. Палітык і фінансіст, а паводле савецкай тэрміналёгііі, спэкулянт: «спэкулянт — гэта чалавек, які назірае за будучыняй і дзейнічае яшчэ да таго, як яна надыдзе», казаў Барух і меў рацыю, бо ў Амэрыцы за спэкуляцыю не расстрэльвалі, а рабілі дарадцам прэзыдэнта. Яшчэ ў трыццатых ён пісаў: «Кожны ўзяты асобна чалавек дастаткова разумны і разважлівы. Але калі ён робіцца часткай натоўпу, дык адразу ператвараецца ў ідыёта. Сьвет ведаў натоўпы лінчавальнікаў і крыжовыя паходы, наплывы людзей у банкі з патрабаваньнем вярнуць уклады і пажары, якія, калі б людзі не панікавалі, маглі б абысьціся без ахвяраў. А нядаўна ўзьнік цэлы культ натоўпу — моладзь вучыцца танцаваць ва ўнісон, як лемінгі».

Танцаваць і сьпяваць: «мы за мір, вайны ня нужна»...

Хаця існаваў чалавек, які памераў новай вайне тэмпэратуру раней за Баруха. Гэтым чалавекам быў Джордж Оруэл, які ў кастрычніку 1945-га апублікаваў эсэ «Вы і атамная бомба». Але да пісьменьнікаў прыслухоўваюцца радзей, чым да спэкулянтаў. Ня вераць, і правільна робяць. Зь імі кашы ня зварыш. І вайны не разагрэеш.

Кожны савецкі чалавек — вэтэран халоднай вайны. Нават той, каму пажыць пад сярпом і молатам давялося нядоўга. Нам, па вялікім рахунку, усім пасьведчаньні трэба выдаць і пуцёўкі бясплатныя ў Турцыю, малако наліваць бясплатнае і мэдалі на грудзі начапіць: «За абарону тылу». Нас трэба піянэрам паказваць, пакуль мы ня вымерлі, каб мы сядзелі ў сьветлых і прасторных клясах, пілі буржуйскую гарбатку і задуменна глядзелі ў чыстыя дзіцячыя вочы: «А вось яшчэ быў на фронце выпадак...»

Бо той тыл фактычна і быў фронтам. Палітінфармацыі, «Міжнародная панарама», шпіёнаманія, грамадзянская абарона, «Зарніца», першыя савецкія баевікі, дзе ворагам быў нязьменны амэрыканец. Дзядзя Сэм. Забі амэрыканца. Мішэні мелі сылюэты чалавека «адтуль». Усе гарэлі халодным полымем у гэтым інфэрнальным савецкім танку: і дзеці таксама.

...На паўночнакарэйскім дзяржаўным сайце nаenara.com.kp заўжды можна было знайсьці нямала займальных матэрыялаў, а цяпер дык і пагатоў. Галоўны інжынэр Пхэньянскай шкарпэтачнай фабрыкі Хан Сон Хо ганарыцца, што ён грамадзянін наймацнейшай дзяржавы пад гэтым небам. А Чвэ Гён Хо, начальнік электрапечы першага цэху сталеліцейнага аб’яднаньня «Чхоліма», заклікае закінуць у сваю печку ўсіх маньякаў ядзернай вайны. «Галоўным зачыншчыкам стварэньня цяперашняй суворай сытуацыі ёсьць адміністрацыя Белага дому і ваяўнічыя элемэнты Пэнтагону, якія шалеюць з мэтай зь пірацкай лёгікай пасягнуць на наш сувэрэнітэт і разбурыць нашую дастойную сыстэму!» — піша ён «у газету». — «Няма ў сьвеце тых, хто здольны перамагчы наш народ і нашае войска, якія магутным поступам крочаць наперад пад кіраўніцтвам вялікай партыі!»

Печка таварыша Хо занятая тым, што разаграе «халодную вайну», як вымененая ў кітайцаў мікрахвалёўка. Праўда, ягоную «наймацнейшую дзяржаву» да звышдяржаваў неяк рука не падымаецца аднесьці. Бомба — гэта яшчэ ня ўсё. А нам вось у свой час пашанцавала.
XS
SM
MD
LG