Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ заклікае КДБ адчапіцца ад фатографаў


Фота з альбому "Прэс-фота Беларусі"

Фота з альбому "Прэс-фота Беларусі"

Праўленьне Беларускай асацыяцыі журналістаў заклікала начальніка УКДБ па Гарадзенскай вобласьці Івана Каржа адклікаць заяву ў суд Ашмянскага раёну.

Іван Корж жадае, каб суд прызнаў экстрэмісцкім фотаальбом «Прэс-фота Беларусі 2011». Разгляд заявы ў судзе заплянаваны на 17 красавіка.

«Мы лічым, што сам факт судовага разгляду пытаньня пра „экстрэмізм“ у фатаздымках зьяўляецца абсурдным. Фатаздымкі гэтага альбома ня ўтрымліваюць заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасьці і не прапагандуюць яе. Фатаздымкі не ствараюць, а толькі адлюстроўваюць рэчаіснасьць», — гаворыцца ў заяве.

Фатаздымкі па вызначэньні ня могуць «утрымліваць сьвядома скажоных, не адпаведных рэчаіснасьці домыслаў пра жыцьцядзейнасьць Рэспублікі Беларусь», як сьцьвярджае спадар Корж.

Паводле БАЖ, тое, што прэтэнзіі экспэртнай групы выклікала «падборка матэрыялаў фотаальбома ў сукупнасьці», сьведчыць пра перадузятае стаўленьне саміх экспэртаў, а не стваральнікаў альбома.

«Прэс-фота Беларусі» — гэта адкрыты незалежны конкурс прэс-фатаграфіі. Ён праводзіцца ў Беларусі штогод, пачынаючы з 2010 году. Фатаздымкі-фіналісты конкурсу друкуюцца ў выглядзе альбома ці календара.

Фотаальбом «Прэс-фота Беларусі 2011» свабодна прадаваўся ў Беларусі. Фатаздымкі з альбома публікаваліся ў беларускіх пэрыядычных выданьнях і зьяўляліся ў стужках інфармацыйных агенцтваў — як недзяржаўных, так і дзяржаўных, бо пераможцамі конкурсу бывалі журналісты розных СМІ.

«Якім чынам сукупнасьць тэматычна разнастайных фатаздымкаў можа прывесьці да высновы пра іх „экстрэмісцкую“ скіраванасьць?» — пытаюцца аўтары заявы.

У журы гэтага конкурсу ўваходзяць знакамітыя фатографы — уладальнікі прэстыжных міжнародных прэмій, кіраўнікі вядучых усясьветных інфармацыйных агенцтваў. Менавіта яны выбіраюць фатаздымкі-пераможцы, кіруючыся жаданьнем вызначыць самыя прафэсійныя творы. А не адлюстраваць, як сьцьвярджае спадар Корж, «толькі нэгатыўныя аспэкты жыцьцядзейнасьці беларускага народа» ці «прынізіць нацыянальную годнасьць і гонар грамадзян Рэспублікі Беларусь».

Менавіта суд па такой абсурднай справе, а ня зьмест альбома, здольны «падарваць давер да органаў улады з боку замежных дзяржаў, замежных альбо міжнародных арганізацый».
XS
SM
MD
LG