Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 13 красавіка: «Машина времени» ў Менску; дзень народзінаў Сэмюэла Бэкета


Лідэр гурту «Машина времени» Андрэй Макарэвіч
Лідэр гурту «Машина времени» Андрэй Макарэвіч

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

У БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ:

У кнігарні «логвінаЎ» у Менску прэзэнтацыя кнігі вершаў Уліты Оскар «Odi et amo». Пачатак а 19.00.

У Менску ў Палацы спорту канцэрт гурту «Машина времени». Пачатак а 19.00.

Візыт прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Дэвіда Кэмэрана ў Нямеччыну.

Сустрэча міністраў фінансаў з краінаў зоны эўра ў Дубліне.

У ГЭТЫ ДЗЕНЬ:

1743 – нарадзіўся Томас Джэфэрсан, трэці прэзыдэнт ЗША (1801-1809). Джэфэрсан быў аўтарам Дэклярацыі Незалежнасьці ЗША (1776) і адным з айцоў-заснавальнікаў амэрыканскай дзяржавы (побач з Джорджам Вашынгтонам, Джонам Адамсам, Джэймсам Мэдысанам, Бэнджамінам Франклінам і інш.).

1906 – нарадзіўся Сэмюэл Бэкет, ірляндзкі драматург, празаік і паэт, прадстаўнік тэатру абсурду, нобэлеўскі ляўрэат 1969 году.

1923 – урачыстае адкрыцьцё ў Лёндане знакамітага стадыёну «Ўэмблі».

1939 – нарадзіўся Шэймас Гіні, ірляндзкі пісьменьнік, нобэлеўскі ляўрэат 1995 году.

1940 – нарадзіўся Жан-Мары Гюстаў лё Клезіё, францускі пісьменьнік, нобэлеўскі ляўрэат 2008 году.

1943 – прагучала паведамленьне бэрлінскага радыё аб знойдзеных у Катыньскім лесе масавых пахаваньнях польскіх афіцэраў. Агулам у час прасоўваньня Чырвонай Арміі углыб Польшчы ў верасьні 1939 году было захоплена ад чвэрці мільёна да паўмільёна польскіх грамадзянаў, сярод якіх былі як вайскоўцы польскай арміі, так і іншыя асобы, якіх кіраўніцтва Савецкага Саюзу палічыла «падазронымі» з-за іхняга імкненьня да аднаўленьня незалежнасьці Польшчы.

Па рашэньні Палітбюро ЦК ВКП(б) ад 3 кастрычніка 1939, шарагоўцаў і унтэр-афіцэраў, ураджэнцаў тэрыторыяў Польшчы, што адышлі да СССР, распусьцілі па дамах, а больш за 40 тысячаў жыхароў заходняй і цэнтральнай Польшчы перадалі Нямеччыне. Яшчэ прыблізна 42 тысячы вайскоўцаў былі разьмешчаныя у лягерах ці на прымусовых працах у СССР. Паводле рашэньня савецкага Палітбюро ад 5 сакавіка 1940, з пачатку красавіка да сярэдзіны траўня 1940 органы НКУС расстралялі блізка 22 тысячы палонных польскіх афіцэраў. Паводле савецкай вэрсіі, якая была афіцыйна зьняпраўджаная толькі ў 1990 годзе, расстрэлы палякаў у Катынскім лесе праводзіліся ў 1941 годзе нямецкімі акупацыйнымі войскамі.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

«8 красавіка. З 12 гадзін стаім у Смаленску на запасным шляху. 9 красавіка. Пад’ём у турэмных вагонах і падрыхтоўка на выхад. Нас некуды перавозяць у машынах. Што далей? Ад раньня дзень пачынаецца неяк дзіўна. Перавозка ў боксах «ворана» (страшна). Нас прывезьлі некуды ў лес, падобна да дачнае мясьціны. Пільны вобшук. Цікавіліся маім заручальным пярсьцёнкам, забралі рублі, папругу, сьцізорык, гадзіньнік, які паказваў 6.30…»

Апошняя занатоўка ў дзёньніку маёра Адама Сольскага, расстралянага ў Катыньскім лесе ў красавіку 1940.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG