Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Менску пакуль не сьпяшаюцца ўводзіць у дзеяньне пагадненьне зь Літвой аб малым памежным руху.

Афіцыйны Менск спачатку хоча прааналізаваць вынікі дзеяньня пагадненьня аб малым памежным руху з Латвіяй. І толькі пасьля гэтага плянуе вярнуцца да пытаньня аб уступленьні ў сілу такога ж дакумэнту для Літвы.

Пра гэта заявіў на прэс-канфэрэнцыі ў Менску начальнік упраўленьня Эўропы Міністэрства замежных спраў Беларусі Сяргей Маліноўскі, паведамляе Інтэрфакс.

Беларусь падпісала пагадненьні аб малым памежным руху з Латвіяй, Польшчай і Літвой, аднак на сёньняшні дзень уступіў у сілу толькі беларуска-латвійскі дакумэнт. 10 красавіка на сустрэчы ў Віцебску кіраўнікі МЗС Беларусі і Латвіі абмяркоўвалі першыя вынікі дзеяньня гэтага дакумэнту.

«Бакі канстатавалі пасьпяховае яго функцыянаваньне, аднак ёсьць некаторыя пытаньні, якія патрабуюць удасканаленьня гэтага дакумэнту. Я думаю, што пытаньне ўступленьня ў сілу пагадненьня зь Літвой — гэта пытаньне, да якога нашы краіны вернуцца ў самы бліжэйшы час», — сказаў Маліноўскі.
XS
SM
MD
LG