Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзяне Расеі едуць па мясьцінах Паўстаньня безь перакладчыкаў


Музэй ва ўрочышчы Мерачоўшчына каля Косава Івацэвіцкага раёну

Музэй ва ўрочышчы Мерачоўшчына каля Косава Івацэвіцкага раёну

Турыстычнае агенцтва «Дэльфін груп» распрацавала маршруты, прысьвечаныя 150-годзьдзю паўстаньня супраць расейскай імпэрыі 1863–1864 гадоў. Пра гэта ды пра іншае мы пагаварылі з нашым госьцем — дырэктарам «Дэльфін груп» Алесем Дуко.

Знаткевіч: Алесь чыя гэта была ідэя — зрабіць такія экскурсіі?

Дуко: Гэтая ідэя, напэўна, лунала ў паветры. Гэта значная падзея, яе ўсе ўшаноўваюць, і мы вырашылі таксама спрычыніцца.

Знаткевіч: Гэта разьлічана выключна на аматараў гісторыі ці чалавеку без такіх зацікаўленьняў будзе што паглядзець на маршруце?

Дуко: Магу сьмела сказаць, што гэта будзе цікава кожнаму беларусу. Паўстаньне — гэта ня проста параграф у падручніку гісторыі, гэта сапраўды значная падзея, апатэоз нацыянальна-вызваленчай барацьбы народаў Рэчы Паспалітай у ХІХ стагодзьдзі. Гэта пачатак уласна беларускага нацыянальнага руху.

Да таго ж, мы апрача месцаў. зьвязаных з Паўстаньнем, наведваем помнікі гісторыі і культуры — палацы, сядзібы, цэрквы, касьцёлы, якія сустракаюцца на нашым шляху.

Знаткевіч: А на якой мове адбываюцца экскурсіі? Разьлічана выключна на беларусаў?

Дуко: На экскурсію, якая адбудзецца ў найбліжэйшую суботу, з намі едуць і грамадзяне Расеі. І хоць мы праводзім экскурсіі на беларускай мове, тыя людзі казалі, што ім нават ня будзе патрэбны пераклад. Мы зьбіраемся запрашаць у нашыя маршруты і палякаў, якія, магчыма, больш увагі надаюць гэтай падзеі.

Знаткевіч: Вы рабілі першую экскурсію ў канцы сакавіка — наколькі перашкаджалі халады?

Дуко: Халады, вядома, шмат народу спалохалі, але агульнай справе гэта не перашкодзіла, і тыя, хто паехаў у вандроўку, не пашкадавалі. Галоўнае — ніхто не захварэў, уражаньні засталіся выключна добрыя.

Знаткевіч: Што можна будзе пабачыць на наступнай экскурсіі 13 красавіка?

Дуко: Мы едзем вялікім аўтобусам, у нас яшчэ засталося месцаў пяць. Вандроўка каштуе 210 тысячаў.

Знаткевіч: Наколькі насычаны ў Беларусі рынак гістарычных экскурсіяў? У вас ёсьць канкурэнты?

Дуко: Гістарычныя экскурсіі становяцца асобнай галіной беларускага турыстычнага рынку. Ёсьць і іншыя турагенцтвы, якія робяць цікавыя экскурсіі. Я б не называў іх канкурэнтамі — мы робім адну добрую справу, папулярызуем гісторыю Беларусі.

Знаткевіч: Ці не чакаеце вы, што ў тых грамадзянаў Расеі, якія паедуць з вамі ў суботу, будуць нейкія пярэчаньні, зьвязаныя з рознымі гістарычнымі трактоўкамі падзеяў?

Дуко: Мы з калегамі — прафэсійныя гісторыкі, і таму не зьбіраемся казаць там нейкія высакапарныя словы, а проста хочам даць уяўленьне аб той эпосе, дапамагчы людзям перанесьціся ў той час. Ну а калі што — дык мы будзем старацца загладзіць праблемы, калі яны ўзьнікнуць.

***

Першая з экскурсій «Дэльфін груп» праходзіць па Берасьцейскім рэгіёне і ўключае ў сябе Мілавіды, Косава, Ружаны і Ласосін, дзе адбыліся знакамітыя бітвы паўстаньня, знаходзяцца шматлікія помнікі і месцы пахаваьння герояў.

Другі маршрут пралягае ў гарадзенскім кірунку. Яго асноўныя кропкі — Сьвіслач, дзе знаходзіцца гімназія, у якой вучыліся Траўгут, браты Каліноўскія, а таксама помнікі гэтым дзеячам, парк былога палаца Тышкевічаў, а яшчэ Поразава, Лыскава і Магілёўцы, дзе захавалася шмат памятных месцаў (сядзібаў).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG