Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошнім часам у адносінах паміж Беларусьсю і ЭЗ выявіўся відавочны трэнд да пацяпленьня. Яго ініцыятарам можна лічыць афіцыйны Менск, які правёў шматлікія дыпляматычныя перамовы. Канфэрэнцыя па Беларусі ў Эўрапарлямэнце 9 красавіка засьведчыла, што і эўрапейскія палітыкі дэманструюць гатоўнасьць да пераменаў.

Гэтая новая тэндэнцыя абвастрыла ў беларускім дэмакратычным асяродзьдзі супярэчнасьці, якія пагражаюць нават сур’ёзным расколам у пытаньні стаўленьня да дыялёгу паміж Беларусьсю і ЭЗ. Лідэры руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч, кампаніі «Гавары праўду» — Уладзімер Някляеў і Партыі БНФ — Аляксей Янукевіч выступілі з заявай, што трэба аднавіць дыялёг паміж Эўразьвязам і Беларусьсю. У адказ лідэр грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Андрэй Саньнікаў і лідэр Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк абвінавацілі аўтараў заявы ў імкненьні легітымізаваць рэжым Лукашэнкі.

Сытуацыя ня новая. Падчас дыялёгу 2008–2010 гадоў таксама назіраліся падобныя рознагалосьсі. Цяпер дадаўся новы чыньнік: павялічылася вага палітычнай эміграцыі. Відавочна, што гэтае пытаньне яшчэ больш абцяжарыць магчымасьць выпрацоўкі адзінай стратэгіі апазыцыі на прэзыдэнцкую кампанію 2015 г.

Пазыцыі ўсіх бакоў у гэтай дыскусіі можна аспрэчыць. Вось лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч, выступаючы на канфэрэнцыі ў Брусэлі, заявіў: «Санкцыі ЭЗ не вызваляюць палітвязьняў, павялічваюць антызаходнія настроі, зьмяншаюць уплыў дэмакратаў, паскараюць эканамічную анэксію з боку Расеі». Тут можна спрачацца па кожным пункце.

Але большую важнасьць мае іншы тэзіс — на мой погляд, галоўны ў заяве трох лідэраў: дыялёг паміж Беларусьсю і ЭЗ — інструмэнт дэмакратызацыі, эўрапеізацыі, мадэрнізацыі краіны. («Толькі вяртаньне да паўнавартаснага дыялёгу і супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Эўрапейскім Зьвязам істотна пашырыць магчымасьці нашай краіны і грамадзтва для мадэрнізацыі і пабудовы дэмакратычнага ладу»). Менавіта гэтае цьверджаньне было прадметам найбольшых дыскусіяў у 2008–2010 гадах. Такім жа яблыкам разладу яно стане і цяпер.

З аднаго боку, сапраўды, падчас дыялёгу з ЭЗ беларускія ўлады вымушаныя стрымліваць рэпрэсіі супраць палітычных апанэнтаў, увесьці нейкую дэкаратыўную лібэралізацыю. І нават цяпер, каб размарозіць адносіны з Эўразьвязам, рэжым зрабіў у гэтым пляне пэўныя захады. Спынена крымінальная справа ў адносінах да Андрэя Пачобута, прыпынены рэпрэсіі адносна часопіса «Аrche». Платай за гэта становіцца міжнародная легітымізацыя рэжыму. І ў апанэнтаў Мілінкевіча ўзьнікае пытаньне: ці не занадта высокая цана за невялікія палёгкі ў палітычнай атмасфэры?

Таксама лідэры трох арганізацыяў умовай пачатку дыялёгу бачаць вызваленьне палітычных вязьняў. То бок тут няма такога патрабаваньня, як рэабілітацыя палітзьняволеных, чаго дамагаецца ЭЗ у якасьці ўмовы аднаўленьня палітычных адносін з афіцыйным Менскам. Сапраўды, пытаньне рэабілітацыі, з прычыны яе нерэальнасьці ва ўмовах цяперашняга палітычнага рэжыму, можа быць прадметам кампрамісу. Але аўтары заявы вылучаюць гэтае пытаньне ў якасьці пачатковай перамоўнай пазыцыі, што няправільна з гледзішча тэорыі перамоў.

Варта зьвярнуць увагу на адну праблему, якую, магчыма, выпускаюць з-пад увагі апазыцыйныя палітыкі. Досьвед дыялёгу 2008–2010 гадоў паказвае, што ў гэты пэрыяд палітычная вага беларускай апазыцыі як суб’екта адносін Беларусі і ЭЗ значна ўпала, яна страціла кантрольны пакет акцыяў у гэтых дачыненьнях. Бо ў Эўропы зьявіўся новы і больш уплывовы партнэр перамоваў — афіцыйны Менск. Узгадайце, як напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча прымалі ў эўрапейскіх краінах на вышэйшым узроўні, ён езьдзіў па краінах ЭЗ амаль як кіраўнік дзяржавы. А падчас дыялёгу, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, лідэры апазыцыі аказаліся ў Эўропе мала каму патрэбныя. Эўрапейскія лідэры найперш імкнуліся сустрэцца з Лукашэнкам і ягонымі прадстаўнікамі.

І з гэтай прычыны таксама ў апазыцыйным асяродзьдзі абвастраецца канкурэнцыя за статус. Невыпадкова замежная апазыцыя стаіць за больш радыкальны падыход. Бо калі адновіцца дыялёг паміж ЭЗ і Беларусьсю, яна страціць найбольш у сваім статусе.

Галоўная ідэя, зь якой А. Саньнікаў зьвязвае магчымасьць пераменаў у Беларусі, — гэта ўвядзеньне Эўразьвязам гандлёвых санкцыяў супраць Беларусі. Але такая тактыка відавочна нерэалістычная, Эўразьвяз да паўнавартасных эканамічных санкцыяў не гатовы.

Ня менш нерэалістычная пазыцыя Анатоля Лябедзькі, які на той жа канфэрэнцыі ў Брусэлі заявіў: «Па-ранейшаму застаюцца тры ўмовы: вызваленьне палітвязьняў і іх рэабілітацыя, правядзеньне свабодных і празрыстых выбараў, а потым — дыялёг аб мадэрнізацыі. І толькі ў такім парадку, ніякім іншым». Няўжо лідэр АГП усур’ёз разьлічвае, што Лукашэнка пагодзіцца на свабодныя выбары? Калі не, то ягоны тэзіс у перакладзе на звычайную мову гучыць так: спачатку зьмена рэжыму ў Беларусі і толькі потым — дыялёг з ЭЗ. І калі гэта будзе? І ці на карысьць Беларусі (не рэжыму) такая працяглая ізаляцыя ад Эўропы?

Але ўявім, што беларускія ўлады пайшлі на вызваленьне ўсіх палітвязьняў, дыялёг пачаўся. І вось тут узьнікне нечаканая для ўсіх праблема: а які парадак дня гэтага дыялёгу? Бо аўтаматычнага вяртаньня ў 18 сьнежня 2010 году не адбудзецца. Ілюзіі эўрапейскіх палітыкаў наконт магчымасьці дэмакратызаваць рэжым Лукашэнкі з дапамогай дыялёгу разьбіліся аб дубінкі спэцназу 19 сьнежня. Невядома, што рабіць з праектам «Дыялёг дзеля мадэрнізацыі». А што замест гэтага? Які сэнс, мэта дыялёгу?

Падобная праблема ўзьнікае і з боку афіцыйнага Менску. Што ён можа атрымаць рэальнага ад Эўразьвязу ўзамен за вызваленьне палітвязьняў? Гэта не Расея, субсыдыяў за геапалітычную ляяльнасьць адсюль ня будзе. Крэдыты МВФ? Але для гэтага патрэбныя эканамічныя рэформы, на якія беларускія ўлады не гатовыя. Тады што?

Ці не падаецца вам, што пераадольваньне канфлікту, размарожваньне адносін паміж Беларусьсю і ЭЗ спараджае ня менш праблемаў, чым разьвязвае?
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG