Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На Захадзе заўсёды знойдзецца чалавек, гатовы ўступіць у дыялёг»


Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі
10 красавіка ў Віцебску адбылася сустрэча міністраў замежных спраў Беларусі і Латвіі Ўладзімера Макея і Эдгарса Рынкевічса. Ці можна сказаць, што пачаўся працэс дыялёгу паміж Эўразьвязам і афіцыйным Менскам? На якіх умовах павінен праходзіць гэты працэс і да якіх вынікаў правесьці? Чаму беларуская апазыцыя настолькі неадназначна ўспрымае працэс дыялёгу, і ці магчыма пераадолець гэты разлом сярод дэмакратычных сілаў? На гэтыя пытаньні адказвае палітычны аглядальнік газэты «Белорусы і рынок» Паўлюк Быкоўскі.

— Ці можна сказаць, што апошнія падзеі (сустрэчы Макея ды іншых беларускіх чыноўнікаў з заходнімі дыпляматамі, канфэрэнцыя ў Брусэлі) сьведчаць пра пачатак новага дыялёгу паміж афіцыйным Менскам і Эўразьвязам? Ці павінны стаць вынікам гэтых працэсаў пэўныя саступкі беларускага кіраўніцтва ў галіне свабоды СМІ, выбарчага заканадаўства, і галоўнае — вызваленьне палітвязьняў?

— Безумоўна, пра гэта пакуль заўчасна казаць. Мы пакуль бачым толькі першыя крокі насустрач, якія пакуль ніяк ня сьведчаць, што нешта памянялася. Бо, як яшчэ казаў міністар замежных справаў СССР беларус Андрэй Грамыка, трэба шукаць на Захадзе чалавека, які захоча весьці дыялёг, і такі чалавек заўсёды знойдзецца. Таму заўсёды можна разьвіваць агульны фронт, знайсьці таго, хто захоча ўзяць на сябе ролю пасярэдніка.

Сёньня ніхто ня мае дакладнага адказу і зразумелай мэтодыкі, як выйсьці з гэтага тупіку. Беларуская сытуацыя ніяк не разьвіваецца пасьля сьнежня 2010 году, акрамя гісторыі з прыездам міністра замежных спраў Баўгарыі Младэнава, калі было зроблена некалькі крокаў да вызваленьня палітзьняволеных. З таго часу мы не назіралі нічога, што магло б вывесьці сытуацыю з тупіку.

Апошнія тыдні ідуць актыўныя сустрэчы беларускіх чыноўнікаў зь Міністэрства замежных спраў з заходнімі дыпляматамі, але ці прынясе гэта нейкі плён — пакуль сказаць складана.

— За апошнія дні беларуская дэмакратычная грамадзкасьць вельмі радыкальна падзялілася па пытаньні стаўленьня да гэтак званага «дыялёгу». Адны кажуць, што менавіта гэты працэс прымусіць Менск пайсьці на саступкі, іншыя сьцьвярджаюць, што Менск на сур’ёзныя саступкі ніколі ня пойдзе і «дыялёг» толькі прывядзе да легітымізацыі рэжыму. Ці магчыма пераадолець гэты раскол?

— Мы ведаем, што падчас «лібэралізацыі» дыхаецца крышачку вальней тым, хто зьяўляецца «вітрынай»: палітыкам, некаторым СМІ. Разам з тым, гэта не азначае, што падчас лібэралізацыі цалкам спыняюцца рэпрэсіі. Таму той, хто крытыкуе дыялёг і кажа, што гэта легітымізацыя рэжыму, — таксама мае пэўную рацыю.

Зь іншага боку, цяжка адназначна з маральнага гледзішча ацаніць працэс, які прывядзе да вызваленьня палітзьняволеных. Калі працэс можа праходзіць ня самым этычным чынам, і яго называюць «гандлем», але ён прыводзіць да канкрэтных вынікаў, вызваленьня паліьзьняволеных — то ў гэтага заўсёды будуць свае прыхільнікі.

І зараз якраз мы назіраем такую сытуацыю. Ёсьць людзі, якія перакананыя, што іхнія дзеяньні дадуць пэўны плён і палепшаць сытуацыю. А ёсьць людзі, якія лічаць, што наадварот гэта прывядзе да ўмацаваньня рэжыму. Хто зь іх мае рацыю — магчыма, можна будзе сказаць толькі праз шмат гадоў.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG