Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Надзеі Дударэнкі забралі прыёмных дзяцей


Сьветлагорскі раённы суд пакінуў без разгляду пазоў жыхаркі мястэчка Парычы Надзеі Дударэнкі на рашэньне мясцовага райвыканкаму наконт вызваленьня яе ад абавязкаў прыёмнай маці пяцёх дзяцей.

Дзьвюх дзяўчатак і трох хлопчыкаў Надзея Дударэнка гадавала каго амаль восем гадоў, каго крыху меней. І яшчэ нядаўна Надзею Іванаўну ставілі ў прыклад, заахвочвалі рознымі прызамі і нават паказвалі пра яе фільмы на дзяржаўным тэлебачаньні. Глядзіце: узорная сям’я — пяцёх дзетак жанчына прытуліла пад сваім дахам, ды яшчэ двух хлопчыкаў усынавіла. Да таго ж выгадавала чатырох родных дзяцей!

Дударэнка: «Канфлікт усчаўся, калі хлопчык паскардзіўся, што яго настаўніца пабіла й прыгразіла адправіць назад у дзіцячы дом. Я ледзьве супакоіла дзіця, спрабавала разабрацца ў школе. Там і слухаць не схацелі: неахайна піша — і ўсё тут. З заявай дайшла да начальніцы раённага аддзелу адукацыі Людмілы Вялічкі. Яна прыехала, мяне выклікалі ў школу „на дыван“ і сталі, як школьніцы, даваць чосу».
Надзея Дударэнка

Надзея Дударэнка


Стаўленьне да «ўзорнай» прыёмнай маці пасьля гэтага выпадку зьмянілася. А калі ў мінулым верасьні «фізычнае выхаваньне» першаклясьнікаў паўтарылася, Дударэнка стала на абарону дзяцей: стаўце двойкі, але не распускайце рукі! Урэшце — перавядзіце хлопчыкаў у іншую клясу.
Андрэй і Альберт

Андрэй і Альберт


Чатыры дні трое хлопчыкаў-першаклясьнікаў не хадзілі ў школу. Надзея кажа, што да яе пасьля гэтага зачасьцілі праверкі, падобныя да налётаў. Прыяжджаў нават намесьнік старшыні райвыканкаму.

На адрас маці пасыпаліся розныя абвінавачаньні — і палічка для зубных шчотак у доме высока, і ручнікі не ўва ўсіх дзяцей асобныя, і пасьцельная бялізна шэрая, і ў лядоўні мала прадуктаў, і ў дзіцячы садок дзеці не хадзілі.
Надзея з прыёмнымі сынамі

Надзея з прыёмнымі сынамі


«Гэта дзяржаўныя дзеці!» — даводзілі прыёмнай маці чыноўнікі ў прысутнасьці дзяцей.

Першаклясьнік Альберт, якога з аднагодкам Андрэйкам Надзея Іванаўна ўсынавіла, па-дзіцячы шчыра апавядае: «Тамара Пятроўна нас пабіла, кулакамі па сьпіне й галаве — непрыгожа пісалі».

У Сьветлагорскім судзе прысутнічалі трое прадстаўнікоў райвыканкаму й яго аддзелу адукацыі — Тацяна Акуліч, Ірына Ермалаева, Алена Ціхамірава. Аднак даць якія-кольвечы камэнтары наконт канфлікту яны наадрэз адмовіліся.
Сьветлагорскі раённы суд

Сьветлагорскі раённы суд


Сама Надзея Дударэнка, падаючы скаргу ў суд, спадзявалася, што будзе судовае сьледзтва і падчас яго выкрыецца, як яна лічыць, уся абсурднасьць рашэньня райвыканкаму № 1809 п.7 і загаду начальніцы раённага аддзелу адукацыі на скасаваньне зь ёю доўгатэрміновай дамовы на выхаваньне прыёмных дзяцей.
У залі суду

У залі суду


Аднак разбору ў судзе не было. Праз сваіх прадстаўнікоў райвыканкам падаў хадайніцтва: пакінуць скаргу Дударэнкі без разгляду. На той падставе, што паводле пункту 4 артыкула 59 Закону «Аб мясцовым кіраваньні й самакіраваньні ў Рэспубліцы Беларусь» суд ня мае права адмяніць рашэньне райвыканкаму. Гэта можа зрабіць вышэйшы вэртыкальны орган альбо прэзыдэнт сваім указам. Апрача таго, у справе Дударэнкі ўтрымліваецца й працоўная спрэчка, якая патрабуе падачы адмысловага пазову.

Судзьдзя Ўладзімер Сьцяпанаў, які разглядаў справу, задаволіў хадайніцтва райвыканкаму — абвясьціў вызначэньне, што пакідае скаргу Надзеі Дударэнкі без разгляду.

Дударэнка: «Парушаны правы дзяцей на нармальнае жыцьцё, і гэтыя правы нават праз суд аднавіць немагчыма. Усё павязана, а дзеці — пакутуюць. Чыноўнікаў гэта не хвалюе. У некаторых дзяцей я — першая мама, і яны мне паверылі. Гэта прыхамаць! Каб пакараць мяне, забралі ў мяне й дзяцей».

Падтрымаць Надзею Дударэнку ў Сьветлагорскі суд прыехалі людзі з Парыч, Рагачова, Мазыра, Менску.

Сталага ўзросту мянчук Мікалай Хайноўскі, які моцна замаркоціўся лёсам прыёмных дзяцей, сам прыехаў у Сьветлагорск, каб выказаць Надзеі Іванаўне сваё шанаваньне.
Мікалай Хайноўскі

Мікалай Хайноўскі


Хайноўскі: «Надзеі трэба ордэн уручыць, прысвоіць званьне „Маці-гераіня“ — разам са сваімі адзінаццаць дзяцей выгадавала! Гэта сорам так паступіць з жанчынай. Я пісаў нават ліст у райвыканкам. Тыя, хто так робіць, не паважаюць ні сябе, ні сваю працу, ні ўсіх нас. Інтэрнатаўскіх дзяцей выцягваюць з балота, з наркаманіі, куды яны, пакінуўшы казённыя сьцены, звычайна трапляюць. А чыноўнікі — назад іх у прытулкі. Гэта кашмар!»


Тым часам Гомельская ўправа Сьледчага камітэту распачала крымінальную справу ў дачыненьні да бухгальтэра цэнтралізаванай бухгальтэрыі аддзелу адукацыі Сьветлагорскага райвыканкаму — за крадзеж, учынены арганізаванай групай. Высьветлілася, што праз злоўжываньне службовым становішчам зь верасьня 2010 да сьнежня 2011 году скрадзена 77,3 мільёна бюджэтных грошай, якія прызначаныя былі на фінансаваньне дзіцячых садкоў і школ раёну.
XS
SM
MD
LG