Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Радэк Сікорскі: Тэтчэр — анёл халоднай вайны


Радаслаў Сікорскі

Радаслаў Сікорскі

Місіс Тэтчэр была маральным натхненьнем у барацьбе за вызваленьне Польшчы ад камунізму і панаваньня Савецкага Саюзу, піша міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў брытанскім выданьні The Daily Telegraph.

Для маладых эўрапейцаў цяжка ўявіць сабе рутынныя нястачы, якія існавалі за «жалезнай заслонай», калі Маргарэт Тэтчэр прыйшла да ўлады. Як уцякач у Лёндане ў васьмідзясятыя гады я павінен быў перапраўляць неабходныя рэчы для маёй сям’і ў Польшчу: зубную пасту, шампунь, пральны парашок і схаваныя ў пасылках мініятурныя выданьні забароненых кніг. Часам іх знаходзілі і канфіскоўвалі — у тым ліку, раман Оруэла «1984».

Ролю спадарыні Тэтчэр у зьмене ўсяго гэтага нельга пераацаніць. Для тых, хто быў за «жалезнай заслонай», яна ўваходзіла ў антыкамуністычную «сьвятую троіцу», што складалася зь Яна Паўла II, Роналда Рэйгана і яе, — якая зьмяніла лёс Захаду і, разам з тым, лёс тых, хто жыў за яго межамі.

Яна зрабіла на Захадзе тое, што Салідарнасьць зрабіла на Ўсходзе. Салідарнасьць быў рухам рабочых супраць камуністычнага дзяржавы... Спадарыня Тэтчэр аналягічным чынам зьмяніла хаду падзеяў: пакуль яна не ўступіла ў бойку, меркавалася, што капіталізм урэшце будзе канвэргіравацца з камунізмам і што ўсё большая роля дзяржавы непазьбежная. Яна паклала гэтаму канец...

Нас, палякаў, натхніла больш за ўсё тое, што разам з Рэйганам і Янам Паўлам II, яна была глыбока маральным палітыкам. Тэтчэр верыла ў справядлівасьць і маральнасьць свабоднага грамадзтва. Паводле яе камунізм быў ня толькі злом, але і антрапалягічнай памылковасьцю. Паводле яе, людзі гатовыя шмат працаваць дзеля сваёй сям’і і сваёй краіны, пакуль плён іх працы скіраваны наперш для сябе. Гэта было простай супрацьлегласьцю таму, што мы вучылі пра камунізм, а менавіта, што толькі праз прымусовы альтруізм можна пабудаваць квітнеючае грамадзтва.

Я лічу, што яе візыт у Польшчу ў 1988 годзе стаў важным фактарам для рашэньня Камуністычнай партыі пачаць перамовы з апазыцыяй... На самай справе, калі вы паглядзіце на шокавую тэрапію нашага першага міністра фінансаў Лешэка Бальцаровіча, то стане ясна, што ён быў натхнёны радыкалізмам спадарыні Тэтчэр. Гэтыя рэформы былі горкай пілюляй, зьнішчылі ашчаднасьці і прывялі да беспрацоўя напачатку. Але яны прывялі да свабоднага рынку і ў выніку пост-камуністычная дэпрэсія Польшчы была самай кароткай і неглыбокай ў постсавецкай сьвеце...

Моцная пазыцыя ў замежных справах займала цэнтральнае месца ў яе сьветапоглядзе. Я ніколі не забуду, як наведаў яе ў якасьці намесьніка міністра абароны ў 1992 годзе, калі наш урад спрабаваў прымусіць вывесьці савецкія войскі з Польшчы. Яна дала мне надзвычай карысную рукапісную запіску з падтрымкай, і яна ў мяне ўвесь час у рамцы на сьцяне.

... Калі б місіс Тэтчэр стала прэзыдэнтам Эўрапейскай камісіі, яна магла б пераўтварыць Эўропу, і Эўропа ня мела б справу з такімі глыбокімі запазычанасьцямі і магла б быць на шляху да ператварэньня ў звышдзяржаву...

Яна стаяла на баку анёлаў у халоднай вайне і трымала лідэрства да тых часоў, пакуль Савецкі Саюз стаяў перад выклікам пераменаў. Яна таксама мела мудрасьць, каб прызнаць, што Міхаіл Гарбачоў меў патэнцыял, каб дасягнуць гістарычныя перамены.

Місіс Тэтчэр была сымбалем агульначалавечых каштоўнасьцяў: устойлівасьць у складаных умовах, упэўненасьць у сабе, посьпех празь цяжкую працу. Яна ўвойдзе ў гісторыю як знакавая фігура таго, што мы прывыклі называць Захадам. Мы ў былой Усходняй Эўропе, тым часам, будзем па-ранейшаму памятаць яе з падзякай як таго, хто прысьпешыў той дзень, калі мы далучыліся да сям’і дэмакратычных краінаў.
XS
SM
MD
LG