Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Белавежы пахавалі заснавальніка «Нівы»


Адпяваньне Георгія Валкавыцкага

Адпяваньне Георгія Валкавыцкага

На Падляшшы разьвіталіся з Георгіем Валкавыцкім, заснавальнікам тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва» і літаратурнага аб’яднаньня «Белавежа».

Як паведамляе Радыё Рацыя, пахавалі спадара Валкавыцкага ў яго роднай Белавежы. На праваслаўныя могілкі прыйшлі родныя, сябры, калегі, аднавяскоўцы.

Прафэсар Яўген Мірановіч зазначыў на пахаваньні, што беларусы Падляшша страчваюць чалавека-эпоху. Іншыя беларусы казалі пра значнасьць асобы Георгія Валкавыцкага для захаваньня беларускай сьвядомасьці і культуры. У прыватнасьці, Яўген Вапа зазначыў:

«Мы, беларусы, удзячныя за тое, што маем такіх сыноў нашай зямлі, якія ўпісалі сваё імя залатымі літарамі ня толькі ў нашай беларускай культуры, але і ў польскай, і ў сусьветнай».

Георгі Валкавыцкі нарадзіўся 13 сакавіка 1923 году ў Белавежы. Пісаць стаў яшчэ ў школьныя гады. У вайну змагаўся на фронце, трапіў у нямецкую няволю. Пасьля вайны скончыў унівэрсытэцкія курсы і пайшоў вучыцца ў Акадэмію палітычных навук у Варшаве, але пасьля першага курсу паступіў у Літаратурны інстытут імя Горкага ў Маскве, які скончыў у 1954 годзе. Вярнуўся ў Беласток, дзе кароткі час працаваў журналістам у «Газэце беластоцкай», а потым атрымаў заданьне скамплектаваць рэдакцыйны калектыў і наладзіць выданьне беларускамоўнага тыднёвіка ў Польшчы.

Георгі Валкавыцкі кіраваў рэдакцыйным калектывам «Нівы» 31 год — ад 4 сакавіка 1956 году, калі зьявіўся першы нумар тыднёвіка, да выхаду на пэнсію ў 1987 годзе. Зрабіў велізарны ўклад у разьвіцьцё беларускага літаратурнага руху ў Польшчы, гуртуючы вакол тыднёвіка літаратараў-пачаткоўцаў і мастакоў, якія ў 1958 годзе ўтварылі Беларускае літаратурна-мастацкае аб’яднаньне «Белавежа». Кожны месяц у «Ніве» пад ягоным кіраўніцтвам зьяўлялася літаратурная старонка «Белавежы».

Апублікаваў, сярод іншага, зборнікі вершаў «Разнагодзьдзе» (1989) і «Міжчасьсе» (2003), кнігі ўспамінаў «Віры. Нататкі рэдактара» (1991) і «Ў каменным крузе» (2000), кнігу сатырычных вершаў «Макатразмы» (1997).
XS
SM
MD
LG