Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юлія Цімашэнка: Жалезная лэдзі як вызваліцель


Зьняволеная ад 2011 году былая прэм’ер-міністар Украіны Юлія Цімашэнка з харкаўскай турмы піша пра Маргарэт Тэтчэр.

Яе артыкул друкуе інтэрнэт-партал Project Syndicate.

«Турма — гэта заўсёды месца жалобы. Але, мабыць, вестка аб сьмерці Маргарэт Тэтчэр у гэтым змрочным месцы прымусіла мяне ўспомніць пазбаўленае свабоды грамадзтва маёй маладосьці, і менавіта Тэтчэр так шмат зрабіла, каб даць яму свабоду.

Для многіх з нас, хто вырас у Савецкім Саюзе і яго сатэлітах ва Ўсходняй Эўропе, Маргарэт Тэтчэр заўсёды будзе гераіняй. Яна ня толькі падтрымлівала справу свабоды, у прыватнасьці, эканамічнай свабоды, у Вялікабрытаніі і на Захадзе, абвясьціўшы Міхаіла Гарбачова чалавекам, зь якім «мы можам мець справу», яна адыграла жыцьцёва важную ролю ў вызваленьні нашага грамадзтва ад ГУЛАГу.

Сапраўды, для ўсіх у былым камуністычным сьвеце, хто імкнецца пабудаваць свабоднае грамадзтва з абломкаў таталітарызму, «жалезная лэдзі» стала нецаркоўным абразам. Яе мужнасьць і ўпартасьць — гэта для нас жывы прыклад лідэрства, калі ня мяняюць курсу ў моманты палітычнай небясьпекі...

Адна з сапраўдных радасьцяў майго жыцьця ў палітыцы была магчымасьць мець спакойны абед з Тэтчэр у Лёндане некалькі гадоў таму і выказаць сваю падзяку ёй за прызнаньне нашых шанцаў на свабоду і дыпляматычныя намаганьні ў дапамозе іх рэалізаваць. На працягу ўсяго майго прэм’ерства я абапіралася на яе прынцыпы: «Я не палітык кансэнсусу, я палітык перакананьняў.» Гэты жорсткі зьмест абавязкаў палітыка дазваляў мне адчуваць сябе камфортна ў палітычнай барацьбе, бо абавязак палітыка не займаць пасады, але выкарыстаць уладу для паляпшэньня жыцьця людзей і пашырэньня іх свабоды.

Калі Тэтчэр ўпершыню выказала сваю веру ў патэнцыял дэмакратычных рэформаў Гарбачова, я была 24-гадовай нядаўняй выпускніцай унівэрсытэту на пачатку маёй кар’еры. Была кволая надзея, што маё жыцьцё будзе лепшым, чым у маёй маці, не такім прыгнечаным, і нават яшчэ менш надзеі было, што я буду ў стане пабудаваць лепшае жыцьцё для маёй маленькай дачкі...

... Яна наважылася ўвайсьці ў палітыку, дзе была выключная прэрагатыва мужчынаў. Калі яна стала першай жанчынай прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі, яна распаліла амбіцыі незьлічоных маладых жанчын ва ўсім сьвеце (у тым ліку і мае). І мы змаглі марыць аб вялікім, таму што яна дала прыклад.

І, як жанчына, Тэтчэр ведала, што яна прынесла нешта ўнікальнае ў калідоры улады. Вось што яна сказала пры ўступленьні ў пасаду ў 1979 годзе: «Любая жанчына, якая разумее праблемы, што здараюцца дома, будзе нашмат прасьцей вырашаць праблемы ў краіне». Гэтая мудрасьць стала прыкладам для кожнага абранага лідэра, які рушыў усьлед за ёй.

Вядома, я добра разумею, што многія ў Вялікабрытаніі адчувалі наступствы эканамічнай і сацыяльнай рэвалюцыі, якую разьвязала Тэтчэр. Але ўсёй сутнасьцю тэтчэрызму, як я зразумела здалёку, было стварэньне ўмоваў, у якіх кожны мог працаваць і рэалізаваць свае мары. Гэта тое, што я — і ўсё дэмакраты Ўкраіны — хочам для нашай краіны: грамадзтва магчымасьцяў, вяршэнства закону, а не пад абцасам кампаньёнаў і алігархаў, і ў адкрытай Эўропе...»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG