Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Тыран памёр у Тыране — і так бывае... 11 красавіка 1985 году ў сталіцы Альбаніі ад кровазьліцьця ў мозг на семдзесят сёмым годзе жыцьця аддаў богу душу Энвэр Ходжа, камуністычны лідэр маленькай краіны, якую ён ператварыў у вялікі запаведнік сталінізму. У Тырану паляцелі афіцыйныя спачуваньні — але Энвэр памёр, а справа ягоная працягвала жыць: тэлеграмы з Масквы, Бялграду і Пэкіну альбанскае кіраўніцтва адаслала назад. Ад здраднікаў тут спачуваньняў не чакалі. І ўсё ж пасьля сьмерці Энвэра нешта зьмянілася ў самім паветры — усім стала страшна і цікава. Няўжо і безь яго — можна жыць?..

Разам з усімі чакаў пераменаў і пісьменьнік Ісмаіль Кадарэ — цяпер самы вядомы ў сьвеце альбанскі аўтар. Але Альбанія прачыналася марудна. Мінулае ляжала на краіне, як магільная пліта.

«Parti! Enver! Jemi gati kurdoherë!» — так тут прынята было выказваць любоў правадыру. То бок, у перакладзе на савецкую: таварышы альбанцы, да барацьбы за справу Энвэра і партыі будзьце гатовы! — Заўжды гатовы! Альбанія пры Ходжу ператварылася ў такі сабе піянэрскі канцлягер: на ўзьбярэжжы двух цёплых мораў, сярод цудоўных краявідаў і гор людзей муштравалі, як пажыцьцёвых рэкрутаў, вынішчалася рэлігія, культывавалася нянавісьць да прыватнай уласнасьці (можна было мець ровар, а вось аўтамашыну або нерухомасьць — не), была абвешчаная забарона джазу і рок-музыкі, касмэтыкі і джынсаў, усяго нянаскага, заходняга, а значыць прагнілага і шкоднага. Адбываліся няспынныя паказальныя працэсы і рэгулярныя расстрэлы іншадумцаў: мясцовае КДБ, сігурымі, пільна сачыла за тым, каб усе радаваліся, дзякавалі і весела пяялі камсамольскія і партызанскія песьні. Здавалася, альбанскія грошы часоў Энвэра, гэтыя лекі ды кіндаркі з партрэтамі шахцёраў, даярак і партызанаў, вось-вось будуць адмененыя праз сваю відавочную непатрэбнасьць. Гэта быў амаль камунізм: усё агульнае, натуральны тавараабмен замяніў эканоміку — праўда, тавараў было як у вясковай перасоўнай крамцы. А Энвэр замяніў сабой сонца.

Сталінскі аазіс у пустэльні рэвізіянізму. Зь сярэдзіны шасьцідзясятых Альбанія перастала існаваць для Савецкага Саюзу. Яе проста замоўчвалі: магчыма, таму, што яна была ня самай вялікай, але вельмі балючай паразай СССР: як гэта камуністы, марксісты — і жывуць самі па сабе, ды яшчэ паводле састарэлых сталінскіх запаветаў. Савецкія людзі пры Хрушчове і Брэжневе ў параўнаньні з альбанцамі і праўда мусілі пачувацца жыхарамі прыстойнай дэмакратычнай дзяржавы... Ісмаіль Кадарэ у 1959-61 гадах вучыўся ў Літаратурным інстытуце ў Маскве і нават пасьпеў выдаць там кніжку вершаў — а ўжо праз год Альбанія пакінула СЭУ, а потым адмовілася ад даўгоў і абвясьціла ўсіх былых сяброў здраднікамі камунізму. Новым сябрам зрабіўся Кітай — але ненадоўга: як толькі там памяняўся курс, у ворагі запісалі і кітайцаў. Даўжэй за ўсіх у прыяцелях пратрымаліся румыны пад кіраўніцтвам Чаўшэску. А наогул, у сьвеце была толькі адна краіна, якую можна было параўнаць з Альбаніяй. Паўночная Карэя. А ў наш час з КНДР ужо й няма каго параўноўваць...

І ўсё ж пэўныя аналёгіі напрошваюцца і цяпер. Справа Энвэра жыве. Часам, калі назіраеш сутаргавыя рухі ўладаў РБ, якія шукаюць сабе сяброў на адну ноч у далёкіх марах і аазісах, здаецца, што ягоная Альбанія — гэта месца, куды ідзем мы. Даўно і мэтанакіравана. Зь песьнямі і скокамі, гордыя блякаднікі ў пустэльні. Праўда, нават Энвэру не прыходзіла ў галаву геніяльная думка распрадаваць сваю краіну суседзям. Недалёкі быў чалавек, што й казаць.
XS
SM
MD
LG