Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 красавіка на канфэрэнцыі ў Брусэлі па мадэрнізацыі Беларусі прадстаўнікі эўрапейскіх структураў выказаліся за неабходнасьць узнаўленьня дыялёгу зь беларускімі ўладамі. Частка беларускай апазыцыі падзяляе такі падыход, іншая частка выступае супраць.

Лідэр партыі БНФ Аляксей Янукевіч станоўча ставіцца да спробы прадстаўнікоў Брусэлю арганізаваць дыялёг зь беларускімі ўладамі. А папрокі, што такі дыялёг дапамагае легалізаваць дзейны рэжым, спадар Янукевіч называе «сьмешнымі»:

«Таму што фактычна рэжым прызнаецца даўным-даўно як беларускімі грамадзянамі, так і міжнароднай супольнасьцю як тая сіла, якая кантралюе сёньня ўладу ў Рэспубліцы Беларусь. Мы абсалютна ня можам рабіць выгляд, што жывем у нейкім паралельным грамадзтве. На сёньняшні дзень краінай кіруе Аляксандар Лукашэнка. І гэта — факт.

Іншая справа, ці мы ў сваёй дзейнасьці павінны стварыць найбольшыя нязручнасьці для яго, ці якім чынам мы можам забясьпечыць рэалізацыю і абарону нацыянальных інтарэсаў і найлепшыя стратэгічныя пэрспэктывы для нашай краіны. І калі мы будзем чакаць, што рэжым памяняецца, і ня будзем нічога рабіць сёньня дзеля будучыні, то мы можам апынуцца ў сытуацыі, калі Беларусі ня стане як сувэрэннай, незалежнай краіны. І тады нешта рабіць будзе ўжо позна. Вось менавіта клопат пра тое, каб краіна захавалася, каб для нашага народу захаваліся эўрапейскія пэрспэктывы, і ёсьць асноўнае ў нашай дзейнасьці».

Супрацьлеглае стаўленьне да магчымага аднаўленьня дыялёгу паміж Эўрапейскім Зьвязам і афіцыйным Менскам — у былога палітвязьня, каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Аляксандра Атрошчанкава:

Аляксандар Атрошчанкаў

Аляксандар Атрошчанкаў

«Чамусьці так атрымліваецца, што кожны раз, калі Лукашэнка трапляе ў складаную сытуацыю, нехта працягвае яму руку дапамогі. Калісьці гэта была Расея. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году чамусьці ўзрос аб’ём гандлю паміж Беларусьсю і Эўразьвязам.

Сёньня, калі ў Лукашэнкі ня ўсё добра ні на ўсходнім, ні на заходнім кірунку, людзі, якія чамусьці працягваюць называць сябе апазыцыянэрамі, вырашылі дапамагчы яму наладзіць стасункі з Захадам. Гэта выглядае вельмі цынічна, паколькі палітзьняволеныя надалей знаходзяцца за кратамі ў абсалютна жудасных умовах. І ў такі час заклікаць да дыялёгу з Лукашэнкам!? Я лічу, што гэта па-за межамі маралі. Выглядае, што гэтым людзям абсалютна абыякавы лёс палітзьняволеных».

Афіцыйныя ўлады Беларусі неаднаразова заяўлялі пра сваю гатоўнасьць да дыялёгу з рознымі міжнароднымі структурамі, у тым ліку і з Эўразьвязам. Але толькі пры ўмове, што гэта будзе дыялёг паважлівы, канструктыўны — сказаў сёньня Свабодзе старшыня міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Мікалай Самасейка:

Мікалай Самасейка

Мікалай Самасейка

«Ва ўсясьветнай практыцы ёсьць мноства прыкладаў таго, што палітыка санкцыяў, палітыка ціску, палітыка ўльтыматумаў да нічога добрага не прыводзіла. Нездарма ж гавораць, што лепш благі мір, чым добрая сварка. І мы неаднаразова казалі пра тое, што Беларусь гатовая да супрацоўніцтва зь любымі краінамі, любымі структурамі, зь любымі арганізацыямі. Але толькі на грунце раўнапраўнага дыялёгу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG