Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нават калі такія каласы ўзыдуць на беларускай ніве, Лукашэнка вырве іх з коранем...»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Эфір 10 красавіка 2013 году

Гэтая тэма ня надта часта гучыць у пошце Свабоды, хоць сярод слухачоў нямала тых, якія ў свой час прайшлі праз службу ў савецкай арміі і тым ці іншым чынам былі закранутыя дзесяцігадовай вайной, якую ў апошнія гады свайго існаваньня вёў Савецкі Саюз у Аўганістане. Як сёньня жывецца ўдзельнікам той драматычнай авантуры, што пакалечыла многія маладыя лёсы? Што яны думаюць пра сёньняшнюю Беларусь, пра ўладу і пра стаўленьне гэтай улады да сваіх праблемаў?

З аднаго зь лістоў на гэту тэму пачну сёньняшнюю размову. Ліст гэты прыйшоў зь вёскі Варані Столінскага раёну і гучыць так:

«Піша вам з палескай Століншчыны Васіль Аляксандравіч Шпак — удзельнік вайны ў Аўганістане, 49-ці гадоў. На Свабоду пішу ўпершыню, хоць слухаю ваша радыё ўжо даволі даўно. Раней слухаў праз прымач, цяпер — праз спадарожнікавую „талерку“, праз тэлевізар. Афіцыйную прапаганду ня слухаю, не гляджу і не чытаю з 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Наеўся ёю напоўніцу за гады савецкай улады. Акрамя таго, пэрыядычна выпісваю газэту „Народная Воля“. Хацеў напісаць у газэту, але ня ўпэўнены ў адказе. А Свабода ўсё ж бліжэй — так бы мовіць, кожны дзень з намі.

Сутнасьць пытаньня ў наступным. Надоечы хацелі мяне пэўныя асобы ад улады зацягнуць у так званы „Беларускі саюз вэтэранаў вайны ў Аўганістане“. Я катэгарычна адмовіўся, бо калісьці, яшчэ пасьля камсамолу, даў сабе слова: ні ў якія саюзы і суполкі болей не ўступаць.

Дый дзе быў гэты „саюз“, калі кіроўная прыўладная мафія забірала ў людзей, якія прайшлі празь пекла аўганскай вайны, апошнія ільготы?

Дык што — уступаць толькі дзеля таго, каб плаціць складкі, якія невядома куды і на што пойдуць? Хопіць, наплаціліся калісьці ў камсамоле.

І цікава было б даведацца ад Свабоды, колькі чалавек уступіла ў гэты Саюз — у працэнтах ад агульнай колькасьці вэтэранаў-аўганцаў. І ці многа сродкаў ідзе празь бюджэт на гэтую арганізацыю? На якія мэты?

Пра многае яшчэ хацелася б напісаць і спытаць, але ж разумею, што Радыё — не бюро даведак. Загадзя дзякую. Да сустрэчы на хвалях Свабоды!».


Арганізацыя, пра якую вы, спадар Васіль, пытаеце, стваралася і дзейнічае пад пільнай апекай улады. Мяркуючы па ўсім, чыноўнікі ставілі задачу зрабіць яе як мага больш масавай, каб прыцягнуць для выкананьня зусім пэўных палітычных задач у інтарэсах дзейнага рэжыму. Запісваюць у гэты «саюз» ня толькі тых, хто ваяваў у Аўганістане ў 70–80-я гады, але і ўвогуле ўсіх былых вайскоўцаў, хто служыў у розных канфліктных рэгіёнах сьвету — у Віетнаме, Анголе, Мазамбіку, Этыёпіі... Дайшло да таго, што запрашаюць нават удзельнікаў расейска-чачэнскай вайны зь ліку расейцаў, якія нядаўна пераехалі ў Беларусь. Паводле мінулагодніх зьвестак кіраўніка арганізацыі генэрала Гайдукевіча, у саюзе такім чынам назьбіралася каля 10 тысяч чалавек, у той час як сярод беларусаў, паводле розных ацэнак, ад 20 да 25 тысяч удзельнікаў аўганскай вайны. Як бачыце, ня здолелі сабраць нават палову ўсіх «аўганцаў».

Увогуле, вэтэранскіх грамадзкіх арганізацый у Беларусі нямала. Вядомыя і Саюз вэтэранаў баявых дзеяньняў, і Беларускі саюз афіцэраў, і Саюз вэтэранаў МУС. Ёсьць сярод вэтэранаў-аўганцаў і людзі дэмакратычных поглядаў, якія таксама спрабуюць аб’яднацца. У свой час мы нямала пісалі пра такія ініцыятывы Аляксандра Камароўскага, Алега Гулака ды іншых... Асабліва вялікую хвалю абурэньня сярод вэтэранаў-аўганцаў выклікала рашэньне ўладаў напрыканцы 2007 году адабраць у іх сацыяльныя ільготы.

Наступны ліст — з Барысава, ад слухача, які пабаяўся называць сваё імя. Разважаючы пра сёньняшнія беларускія рэаліі, ён піша:

«Як толькі можа — выкручваецца Лукашэнка, каб ня несьці адказнасьці за зьнікненьне апазыцыйных палітыкаў. Але адказаць, я думаю, у канчатковым выніку ўсё ж давядзецца.

...Выбараў улады ў нас ужо даўно няма. Нават фармальна кандыдаты пастаўленыя ў няроўныя ўмовы. Вось у нас на запалкавым заводзе, на прахадной у вестыбюлі былі выстаўлены стэнды зь біяграфіямі кандыдатаў. А там жа прыцемак, чытаць немагчыма. Я паспрабаваў — і ня змог.

А ў арганізацыі УМ-87 падчас выбарчай кампаніі давалі бясплатна курэй — па 12 кіляграмаў на чалавека. Вось вам і агітацыя.

Я часам гляджу на прэзыдэнта і думаю: вырас жа і гадаваўся ён у Беларусі. Павінен любіць сваю краіну і свой народ. Дык і размаўляў бы па-беларуску. Можа, тады і палітыка ішла б ад роднага слова іншая, была б мякчэйшая... Але ж не — ня любіць ён ні мовы беларускай, ні каштоўнасьцяў нашых нацыянальных... А няма слова — няма і народа. Выць хочацца з усяго гэтага. І за што ты, Бог, так нас пакрыўдзіў?

Ліст напісаў — а падпісвацца баюся. Вось такая ў нас дэмакратыя»
.

Ведаю, што і многія іншыя нашы слухачы, якія пішуць на Свабоду, апасаюцца магчымага перасьледу: баяцца страціць месца працы альбо вучобы, непакояцца, што трапяць на вока спэцслужбам. Ці абгрунтаваныя гэтыя апасеньні — цяжка сказаць. Сумнеўна, што ў КДБ ёсьць магчымасьць браць на ўлік кожнага, хто слухае кароткахвалевы прымач альбо заходзіць на апазыцыйныя сайты... Хоць, добра памятаючы савецкую гісторыю, мы з разуменьнем ставімся да такіх асьцярогаў нашых слухачоў.

27 сакавіка ў аглядзе пошты прагучаў ліст Леаніда Кулеша зь вёскі Сіняўка Клецкага раёну, у якім ішла размова пра тое, якімі якасьцямі павінен валодаць супернік Аляксандра Лукашэнкі на наступных прэзыдэнцкіх выбарах. Сёньня размову на гэтую тэму працягвае наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Ушачаў. У сваім новым лісьце на Свабоду ён піша:

«З жалем і смуткам вымушаны пагадзіцца з вамі ў тым, што на сёньня ў беларускім апазыцыйным асяродку няма харызматычнага лідэра, які змог бы супернічаць з Аляксандрам Лукашэнкам, адабраць у яго галасы выбаршчыкаў і перамагчы на выбарах. Але ўзьнікае пытаньне: а куды ж яны падзеліся, тыя харызматычныя асобы? Няўжо ў краіне з амаль дзесяцімільённым насельніцтвам такіх няма?

У старажытнагрэцкага гісторыка Герадота ёсьць такая прыпавесьць. Амбасадар адной дзяржавы задаў пытаньне мілецкаму дыктатару Фрасібулу: якімі сродкамі належыць утрымліваць уладу і падтрымліваць парадак у краіне? Фрасібул, нічога не адказаўшы, павёў амбасадара на засеянае поле і пачаў вырываць самыя высокія, буйныя каласы. І рабіў ён гэта да тае пары, пакуль ня зьнішчыў усе самыя лепшыя каласы на ніве. Амбасадар вярнуўся ў сваю краіну, распавёў пра гэта свайму цару, і той усё зразумеў: трэба караць самых выбітных людзей.

Ня ведаю дакладна, ці чытаў Аляксандар Лукашэнка Герадота, але ён робіць акурат такім чынам: карае сваіх супернікаў і не дапускае да ўлады людзей, якія хоць бы ўяўна маглі б стаць ягонымі канкурэнтамі. Рыгоравіч прызначае на ключавыя пасады ў дзяржаве пасрэдных памагатых, ад якіх не выпадае чакаць непрыемнасьцяў. Прыгледзьцеся да бліжэйшага атачэньня нашага беларускага дыктатара. Пэнсіянэры Мясьніковіч з Пракаповічам. Адыёзная Ярмошына, таксама пэнсіянэрка. Бляклая шэранькая мышка Ермакова. Сумнеўны і незаменны майстар на ўсе рукі Шэйман. Доўгі пералік сілавікоў нават узгадаць цяжка, іх Лукашэнка перабраў шмат, і сярод іх — аніводнай годнай асобы.

Такое ўражаньне, што Лукашэнка не прызначае на ключавыя пасады дзяржаўных асобаў, а абірае фон, на якім ён глядзіцца найбольш прывабна.

Ну, а што тычыцца апазыцыі — мы ўсе добра ведаем, які лёс спасьцігае тых яе прадстаўнікоў, якія спрабуюць супрацьпаставіць сябе Лукашэнку. Як пісаў Пушкін, «иных уж нет, а те далече». Таму разважаць пра харызматычнага лідэра ці то наогул, ці то з шэрагаў апазыцыі можна толькі тэарэтычна: нават калі такія каласы і ўзыдуць на беларускай ніве, Лукашэнка проста вырве іх з коранем«
.

Сапраўды, спадар Кастусь, мэтады ўтрыманьня аўтарытарнай улады з часоў антычнасьці мала зьмяніліся. На пачатку і ў сярэдзіне 90-х гадоў, у кароткі пэрыяд беларускай дэмакратыі, на палітычнай сцэне было прынамсі паўдзясятка яркіх, адметных, пазнавальных палітыкаў, кожны зь якіх мог скласьці дастойную канкурэнцыю Лукашэнку. Карпенка, Ганчар, Захаранка, Чыгір, Грыб, Булахаў... І гэты пералік можна працягваць. Лёсы амаль усіх іх — трагічныя. Калі не загадкавае зьнікненьне — дык турма, апала, альбо цяжкавытлумачальная заўчасная сьмерць...

Усё гэта схіляе да адной простай высновы: той палітык, які адважыцца кінуць выклік Лукашэнку, павінен быць ня толькі яркім харызматычным лідэрам, але і асабіста мужным чалавекам, гатовым да жорсткіх выпрабаваньняў лёсу.

І на заканчэньне — фрагмэнт зь ліста Алеся Літвінчыка зь вёскі Дашкевічы Зэльвенскага раёну. Наракаючы на тое, што ня ўсе ягоныя папярэднія лісты прагучалі ў эфіры, слухач піша:

«З майго першага ліста вы зачыталі некалькі выразаў, а другога я зусім ня чуў. Відаць, не спадабалася. Нічога страшнага я ў гэтым ня бачу: усё роўна хоць адзін чалавек яго прачытаў, а гэта ўжо нямала. І ўсё ж пытаньні ў гэтай сувязі да вас застаюцца. Атрымліваецца, вы ня любіце праўды?»

Далей спадар Літвінчык выказвае сваё стаўленьне да некаторых адметных асобаў з нацыянальнай гісторыі і сучаснай беларускай палітыкі. Аднаго называе «крыважэрнай малпай-бабуінам» і «паскудай», другога — «палякам-шавіністам, засланым спэцслужбамі, каб разваліў апазыцыйную партыю», трэцяга — «гнюснай шантрапой, якую называюць палітвязьнем»....


Характарыстыкі ў такім стылі, спадар Літвінчык, гэта — не выказваньне асабістай думкі, ня крытыка і не дыскусія. Гэта — лаянка і асабістыя абразы. Гучаць у эфіры яны ня будуць, паколькі абражаюць гонар і годнасьць людзей. Калі хочаце, каб вашы лісты цытаваліся — паспрабуйце выказвацца ў спакойнай і стрыманай манеры, бяз лаянкі і зьнявагаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG