Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Варламаву далі моцны антыбіётык


Саша Варламаў

Саша Варламаў

Сястра мадэльера Сашы Варламава сустрэлася 10 красавіка з начальнікам турэмнай мэдчасткі.

Варламава трымаюць у турме на вуліцы Валадарскага ў Менску. Сёньня паседжаньня ў Ленінскім судзе Менску не было, а 8 і 9 красавіка працягваўся допыт сьведак.

Спадарыня Рыма распавяла карэспандэнту Свабоды, што ў яе прынялі ўсе лекі ад прастуды, а таксама абязбольвальныя ўколы ад болю ў хрыбетніку. Хоць раней іншы раз прымалі ня ўсе мэдыкамэнты.

«Сёньня прынялі ўсё, нават „Антыфлу“. У яго здароўе ня вельмі добрае. Яму хочуць рабіць нейкае абсьледаваньне, бо ў яго моцны кашаль. Але пакуль суды не даюць дазволу. Начальнік мэдчасткі сказаў, што яму далі адзін вельмі моцны антыбіётык у панядзелак».

Аднак ніякіх падрабязнасьцяў адносна стану здароўя Варламава сваякам пакуль не паведамілі. У тым ліку пра тое, ці будуць яму рабіць апэрацыю на хрыбетніку. Адвакат на свой запыт таксама пакуль адказу не атрымаў.

«Тое, што ў яго нешта адбываецца зь лёгкімі, то гэта лекары ведаюць і кажуць. Ці гэта прастуда, ці што, — будуць яго абсьледаваць. Гэта ўжо трэці месяц пайшоў, як у яго кашаль. Магчыма, уплывае і тое, што ён у камэры, дзе ўсе кураць. А ён ня курыць. Магчыма, яшчэ і ад гэтага кашаль. Але некуды перавесьці яго з гэтай камэры няма магчымасьці. Магчыма, ён прастыў моцна, бо казаў, што ў шапцы сьпіць. Там вакно ўвесь час адчынена, бо дым слупом стаіць. Рэчы, якія я забіраю мыць, вельмі сьмярдзяць дымам, я іх у трох водах вымочваю, перш чым памыць», — распавяла спадарыня Рыма.

Варламаву выклікалі хуткую дапамогу ў суд 4 красавіка, бо яму стала дрэнна. Лекары аказалі яму дапамогу, і ў гэты дзень пасьля абеду паседжаньня не было.

Раней Варламаў заявіў, што ў суд былі пададзеныя недакладныя зьвесткі пра вынікі магнітна-рэзананснай тамаграфіі. Насамрэч у яго заблякаваныя 4 пазванкі, яму цяжка дыхаць. Але, нягледзячы на кепскі стан, ён сказаў, што зьбіраецца трываць і ўдзельнічаць у працэсе далей.

Варламаву прад’яўлена абвінавачваньне паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх махлярства і крадзёж у асабліва буйным памеры. Саша Варламаў прызнаў сваю віну толькі ў нясплаце падаткаў.

Сьведкамі і пацярпелымі ў справе праходзяць 800 чалавек.

Былога кіраўніка фэстывалю «Млын моды» арыштавалі ў траўні 2011 году і з таго часу ўтрымліваюць пад вартай.
XS
SM
MD
LG