Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Швэцыі: Беларускія дыпляматы могуць вярнуцца ў Стакгольм


Прэсавы сакратар міністра замежных спраў Швэцыі Эрык Зіга (Erik Zsiga) адказаў беларускай Свабодзе на пытаньні наконт аднаўленьня працы швэдзкай амбасады ў Менску.

Цыганкоў: «Зь якіх прычын швэдзкая амбасада вырашыла аднавіць сваю працу ў Беларусі? Яшчэ 21 сакавіка прэс-сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных, адказваючы на пытаньне пра швэдзкую амбасаду, заявіў: „Неабходны час для таго, каб сфармаваліся ўмовы, якія будуць працаваць на станоўчае рашэньне“. Дык на якіх умовах было прынята рашэньне аднавіць працу амбасады Швэцыі ў Беларусі? Ці патрабаваў беларускі бок ад Швэцыі нейкіх крокаў у адказ?»

Зіга: «Увесь гэты час мэта Швэцыі палягала ў тым, каб дыпляматычная прысутнасьць у Менску была адноўлена. Швэцыя і Эўразьвяз працягваюць выказваць сваю пазыцыю адносна непавагі да дэмакратыі і асноўных правоў чалавека ў Беларусі і падтрымліваюць патрабаваньне вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязьняў. Швэцыя надалей дзейнічае дзеля пазытыўнага разьвіцьця сытуацыі ў Беларусі праз шырокі спэктар захадаў, у тым ліку — праз дыялёг з усімі часткамі беларускага грамадзтва, а таксама дапамогу разьвіцьцю дэмакратыі ў краіне».

Цыганкоў: «Што зь беларускай амбасадай у Швэцыі? Ці могуць цяпер прыступіць да працы новы амбасадар і іншыя беларускія дыпляматы?» (У разгар дыпляматычнага канфлікту ў жніўні 2012 году швэдзкія ўлады заявілі, што новы пасол Беларусі ў Швэцыі непажаданы, і папрасілі іншых двух дыпляматаў Беларусі пакінуць краіну. — РС)

Зіга: «Калі Беларусь хоча прыслаць сваіх дыпляматаў у Швэцыю, мы гатовыя іх акрэдытаваць».

Цыганкоў: «Швэдзкая пракуратура пачала расьсьледаваньне перасячэньня літоўска-беларускай мяжы швэдзкімі грамадзянамі — гэтак званага „плюшавага дэсанту“. Ці мае гэта нейкую сувязь з аднаўленьнем працы швэдзкай амбасады ў Беларусі?»

Зіга: «Я не магу разважаць наконт матываў паводзінаў беларускага боку».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG