Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
9 красавіка стала вядома, што завялі крымінальную справу ў дачыненьні да генэральнага дырэктара Менскага мясакамбінату Ўладзімера Лазоўскага. Яго падазраюць у атрыманьні хабару. Якія сфэры беларускай эканомікі зьяўляюцца найбольш карумпаванымі? Як уплывае дзяржаўная ўласнасьць на ўзровень карупцыі ў краіне? На гэтыя пытаньні адказвае кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін.

— Не праходзіць і тыдня, каб мы не пачулі пра нейкія гучныя крымінальныя справы, зьвязаныя з карупцыяй. А якія галіны беларускай эканомікі, на вашу думку, найбольш карумпаваныя?

— Карупцыя квітнее, насамрэч, ва ўсіх галінах. Можа, у лідэрах ідуць будаўніцтва, традыцыйна — гандаль. Можа, гэта і рэстаранны бізнэс, бо там шмат наяўных грошай, і шмат абмежаваньняў. Таксама гэта і вытворчасьць харчовых прадуктаў, нездарма затрымалі дырэктара мясакамбінату.

Ведаеце, карупцыя ў Беларусі мае дзьве галавы. З аднаго боку, калі прадпрымальнікі даюць хабар чынавенству, якое рэгулюе і дае дазволы. Зь іншага боку, карупцыя квітнее на дзяржаўных прадпрыемствах, калі яно вырабляе тавар, на які ёсьць вялікі попыт. Напрыклад, той самы мясакамбінат вырабляе прадукцыю, якая карыстаецца попытам у суседняй Расеі. І каб узяць гэтую прадукцыю па-за чаргой, па лепшых цэнах, то трэба дамаўляцца з кіраўніцтвам камбінату. І адпаведна, «падзякаваць» яму.

— У Беларусі змагаюцца з карупцыяй у тых сфэрах, дзе ў іншых краінах карупцыі ня можа быць у прынцыпе. Напрыклад, у мэдыцыне, дзе змагаюцца з кожнай шакалядкай і бутэлькай шампанскага. Але гэта немагчыма ў той большасьці краінаў у сьвеце, дзе платная страхавая мэдыцына, дзе дактары самі зацікаўленыя, каб да іх больш прыходзілі пацыенты. Як на ўзровень карупцыі ўплывае вялікая прысутнасьць дзяржавы ва ўсіх сфэрах?

— Чым болей дзяржавы, тым болей карупцыі. І гэта цалкам натуральна, бо кожнаму чалавеку ўласьціва дбаць пра сваю ўласную кішэню. І калі ён займае добрую пасаду, ад якой шмат хто залежыць, то ён, натуральна, будзе імкнуцца працаваць найперш на сябе.

Калі браць прыклад той самай мэдыцыны, то правакуюць карупцыю й вельмі нізкія заробкі нашых мэдыкаў. Аднак кваліфікацыя ў іх даволі высокая, і паслугі іх вельмі запатрабаваныя. Таму ў многіх рэгіёнах Беларусі мэдыкі зьяжджаюць за мяжу, часта ў Расею, дзе яны атрымліваюць нашмат большыя грошы.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG