Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыялёг ЭЗ з уладамі асобна, з грамадзянскай супольнасьцю асобна?


У Брусэлі ў Эўрапарлямэнце адбываецца дыскусія «Дыялёг па мадэрнізацыі зь беларускім грамадзтвам». Пра яе хаду расказвае Франак Вячорка, які прысутнічае на абмеркаваньні.

Вячорка: Дыскусія арганізавана Эўрапейскай народнай партыяй, найбуйнейшай фракцыяй у Эўрапейскім парлямэнце. На ёй выступілі вядомыя беларускія палітыкі, а таксама эўрапейскія чыноўнікі. Павітаў усіх доктар Філіп Качмар, які цяпер узначальвае камісію па справах зь Беларусьсю ў Эўрапарлямэнце. Таксама выступілі вядомыя беларусам Яцэк Пратасевіч, Гунар Віганд, а таксама намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Ежы Памяноўскі, які нядаўна заявіў пра тое, што з Уладзімера Макея могуць зьняць санкцыі.

Радкевіч: У чым была сутнасьць іхніх выступаў?

Вячорка: Ежы Памяноўскі сказаў, што мадэрнізацыя — гэта ня проста плот пафарбаваць, і беларускія ўлады не дэманструюць жаданьня дыялёгу па мадэрнізацыі. Спадар Памяноўскі таксама адзначыў зьмены, якія адбываюцца ў беларускім грамадзтве.

Эўрадэпутат ад Польшчы Яцэк Пратасевіч у сваю чаргу, спаслаўшыся на досьвед польскай Салідарнасьці, сказаў, што неабходна супрацоўнічаць з элітамі на мясцовым узроўні, бо гэта спросьціць пераходны пэрыяд пасьля зьмены рэжыму.

А Эльмар Борк, старшыня камісіі па замежных справах Эўрапарлямэнту, які ўзначальваў першую дыскусію падчас сёньняшніх дэбатаў, сказаў, што важна камунікаваць і падтрымліваць адно аднаго. Ён сказаў, што толькі дэмакратыя забясьпечыць прагрэс мадэрнізацыі і дасьць рэальныя вынікі, і праблема ня ў тым, каб забясьпечыць грашовую дапамогу дзеля мадэрнізацыі, а праверыць як асвойваюцца гэтыя грошы.

Выступілі таксама беларускія аналітыкі. Андрэй Ягораў распавёў пра тое. як адбываецца падрыхтоўка дыялёгу па мадэрнізацыі ў працоўных групах. Аляксандар Мілінкевіч спаслаўся на досьвед лібэралізацыі 2009-2010 гадоў. Паводле яго, такая лібэралізацыя была б пасьпяховая, калі б не правакацыя замежных спэцслужбаў 19 сьнежня 2010 году. Ён таксама сказаў, што дыялёг неабходны.

Радкевіч: А якая асноўная інтанацыя што да магчымасьці мадэрнізаваць сёньняшні беларускі рэжым — аптымістычная ці пэсымістычная?

Вячорка: На пачатку дэбатаў былі прэзэнтаваныя сацыялягічныя вынікі, якія паказалі, што нібыта 25 працэнтаў беларусаў ведаюць пра дыялёг па мадэрнізацыі, распачаты эўрапейскімі структурамі. Некаторыя ўдзельнікі дыскусіі выказалі скепсіс наконт такіх лічбаў. Але, наколькі я зразумеў, ёсьць жаданьне такі дыялёг працягваць. І напрыклад, Гунар Віганд, старшыня камісіі па стасунках з Расеяй, Усходнім партнэрстве і Цэнтральнай Азіі, сказаў, што Фюле і Макей на сустрэчы ў Тбілісі дамовіліся аб далучэньні Беларусі да мадэрнізацыі. Але гэта ня значыць, што дыялёг будзе пры ўдзеле грамадзянскай супольнасьці. Так што, магчыма, дыялёг будзе весьціся асобна з уладамі і асобна з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG