Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт умяшаецца ў справу Тэрэсы Стшэлец


Беларускага амбасадара ў Варшаве зноў выклікалі ў МЗС Польшчы ў справе Тэрэсы Стшэлец.

Віцэ-прэзыдэнт Эўрапарлямэнту Яцэк Пратасевіч выказаў занепакоенасьць адмовай уладаў Беларусі выпусьціць з тэрыторыі краіны грамадзянку Польшчы.

Эўрапарлямэнт плянуе інтэрвэнцыю ў справе полькі Тэрэсы Стшэлец, якая галадае на тэрыторыі генэральнага кансуляту Польшчы ў Берасьці. Больш за месяц яе не выпускаюць дадому, патрабуючы сплаціць з машыны мыта, якое яна не прызнае законным.

Як інфармуе Польскае радыё, Яцэк Пратасевіч заявіў у Брусэлі, што зьбіраецца размаўляць на гэтую тэму з амбасадарам Эўразьвязу ў Беларусі:

«Гэтая полька — грамадзянка Эўразьвязу, і ўсялякае бяспраўе, незразумелыя дзеяньні ў адносінах да яе абцяжваюць ня толькі адносіны Беларусі і Польшчы, але і Беларусі з Эўразьвязам, якія беларускім уладам асабліва важныя з эканамічных меркаваньняў».

Справай спадарыні Стшэлец актыўна займаецца польскае МЗС. Сёньня туды выклікалі амбасадара Віктара Гайсёнка.

Аднак нічога канкрэтнага ён не сказаў, зазначыўшы, што «яе справай займаюцца МЗС Польшчы і Беларусі», перадае ПАП.
XS
SM
MD
LG