Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Учора — Чарнобыль, заўтра — Астравец


Георгій Лепін, Ганна Красуліна, Дзяніс Садоўскі, Тацяна Новікава
Георгій Лепін, Ганна Красуліна, Дзяніс Садоўскі, Тацяна Новікава
Пачалася падрыхтоўка да Чарнобыльскага шляху. Заяўку на правядзеньне традыцыйнай акцыі ў Менгарвыканкам падалі прадстаўнікі руху «За свабоду», АГП, аргкамітэту БХД, Партыі БНФ, БСДП (Грамада), грамадзкай арганізацыі «Экадом». Як сёлета будзе адбывацца «Чарнобыльскі шлях».

Асноўная мэта Чарнобыльскага шляху, на думку прадстаўніцы «Экадому» Тацяны Новікавай, — данесьці праўдзівую інфармацыю пра Чарнобыль і пра будоўлю беларускай АЭС у Астраўцы:

«На жаль, з кожным годам беларускае грамадзтва становіцца ўсё больш талерантным да праблемаў Чарнобыля. Мы ведаем, што нават на іншым кантынэнце Чарнобыль застаецца актуальным. У Эўропе праводзяць дасьледаваньні. То бок дзе заўгодна гавораць пра Чарнобыль, толькі не ў Беларусі».

Але раз на год тэма Чарнобыля гучыць. Сёлета зноў на 26 красавіка, у 27-ю гадавіну аварыі на ЧАЭС, будзе праводзіцца Чарнобыльскі шлях. Апавядае адзін зь лідэраў БХД Дзяніс Садоўскі:

«У 18:00 ён пачнецца са збору на пляцоўцы каля кінатэатру „Кастрычнік“. Шэсьце па праспэкце Незалежнасьці, потым па Сурганава да парку Дружбы народаў, дзе адбудзецца мітынг. Потым усе ахвотныя могуць прайсьці да Чарнобыльскай капліцы, каб ускласьці кветкі, запаліць зьнічкі. Мы таксама просім дазволіць ісьці па адной паласе праезнай часткі на вуліцы Сурганава. Таксама мы асобна адзначылі ў заяўцы наконт гарантыяў прадстаўленьня гукаўзмацняльнай апаратуры».

Падчас самога Чарнобыльскага шляху пачнецца збор подпісаў супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС. Удзельнікам акцыі арганізатары прапануюць падпісаць зварот з такімі патрабаваньнямі: даць праўдзівую і поўную інфармацыю пра наступствы катастрофы на ЧАЭС; аднавіць дзеяньне закону «Аб сацыяльнай абароне грамадзянаў, якія пацярпелі ад аварыі», прынятага ў 1991 годзе; даць грамадзянам рэальную магчымасьць дазымэтрычнага кантролю прадуктаў і навакольнага асяродзьдзя.

Актывістка АГП Ганна Красуліна нагадала, што Чарнобыльскі шлях — гэта найперш даніна памяці тым людзям, якія ахвяравалі сабой. І дзяржава брала на сябе пэўныя абавязкі:

«І цяпер вельмі горка, што дзяржава ўсе свае абавязаньні перад гэтымі людзьмі і іх сем’ямі адклікала самым цынічным чынам. Ліквідатары засталіся без ільготаў, без кватэр, без санаторнага лячэньня. Нават пасьведчаньні ў іх адабралі. І ў гэтых умовах яны будуюць нам новую атамную станцыю».

Георгі Лепін
Георгі Лепін
Прафэсар, ліквідатар Георгі Лепін выказаў істотную ўвагу да прапанаванага дакумэнту і папрасіў дапоўніць яго:

«У ім ні слова не сказана пра Орхускую канвэнцыю. А дзяржава гэты дакумэнт падпісала. І мы павінны абавязкова адзначыць, канстатаваць, што Орхуская канвэнцыя не выконваецца цалкам, ніводзін пункт яе не выконваецца. І мы павінны запатрабаваць выканаць канвэнцыю».

На пытаньне журналістаў, ці задавальняе арганізатараў, што акцыі кшталту Чарнобыльскага шляху, Дзядоў, Дня Волі сталі нешматлюднымі, звычайна ходзяць на іх максымум паўтары-дзьве тысячы, прадстаўніца «Экадому» Тацяна Новікава адказала так:

«Зыходзячы з таго, што галоўная мэта Чарнобыльскага шляху — гэта ўсё ж такі напамін пра экалягічныя праблемы, пра праблемы Чарнобыля, часта даводзіцца чуць, што людзі ня ходзяць, бо страцілі цікавасьць да Чарнобыля. Я хачу сказаць, што гэта ня так. А тое, што 10 гадоў таму выходзіла 10 тысяч, а цяпер — 2 тысячы, дык гэта рэпрэсіі дзяржавы даюць свой вынік. Людзі зьяжджаюць, людзі баяцца. Але, нягледзячы на гэта, людзі ўсё адно выходзяць».

Акрамя шэсьця і мітынгу, на 19 і 20 красавіка заплянаваныя круглыя сталы «Чарнобыль — Астравец: эвалюцыя катастрофаў».

25 красавіка лідэры Аб’яднанай грамадзянскай партыі, БХД зьбіраюцца ў Чарнобыльскую зону, а 26 красавіка — у Астравец.

На самім Чарнобыльскім шляху будуць зьбіраць ахвяраваньні на лячэньне анкалягічна хворых дзетак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG