Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рабочыя дзяржаўных прадпрыемстваў наракаюць на рэзкае зьніжэньне заробкаў і пагрозу скарачэньня. Прадукцыя, неканкурэнтаздольная ні па цане, ні па якасьці, затаварваецца на складах, у выніку чаго зьмяншаюцца і даходы. Прыкладам, на «Гарызонце» цягам паўгода сярэдні заробак з 500–600 даляраў у эквіваленце зьнізіўся ўдвая. Апроч таго, не выключаюцца звальненьні — прадпрыемству аб’ектыўна не патрэбна столькі людзей.

Супрацоўнікі «Гарызонту» неахвотна ідуць на кантакт, баючыся за месца працы. Але адна з работніц кажа, што яшчэ леташняй восеньню яна мела пад 5 мільёнаў рублёў — якраз абяцаныя дзяржавай 500 даляраў. А цяпер заробкі скараціліся ў 1,5–2 разы, залежна ад сфэры занятасьці.

«Магчыма, дзесьці па афіцыйных зводках заробак у 500 даляраў усё яшчэ праходзіць. Але пакажыце мне таго чалавека, які сапраўды атрымлівае такія грошы. Вельмі хацела б паглядзець. На якой пасадзе могуць столькі плаціць? Калі ты дырэктар, то яшчэ можа быць. А на якую яшчэ пасаду могуць столькі нацягнуць? Цяпер, калі чалавек атрымлівае 200 эўра, то гэта ўжо вельмі добры заробак для Менску».

Іншы гарызонтавец гаворыць пра істотнае зьніжэньне загружанасьці цэхаў і, як вынік, пераход на скарочаны графік працы. У адсутнасьць заказаў на тэлевізары ды бытавую тэхніку некаторыя канвэеры ўжо пераведзеныя на чатырохдзёнку. За месяц прастояў набягае амаль на тыдзень:

«Максымум, што напрацоўваем, — гэта чатыры дні на тыдзень. І так адпачываць, мяркуючы па ўсім, будзем як мінімум два месяцы. А што будзе летам — увогуле цяжка ўявіць. На дапамогу прафсаюзаў ніякага спадзяваньня, яны заўсёды былі слабенькія, ніякага ад іх толку. Таму паралельна шукаю нейкае больш надзейнае месца. Ня тое, што дзесьці на іншым дзяржаўным прадпрыемстве, а спрабую розныя вакансіі разгледзець».
Максымум, што напрацоўваем, — гэта чатыры дні на тыдзень. І так адпачываць, мяркуючы па ўсім, будзем як мінімум два месяцы

Некаторыя рабочыя асьцерагаюцца, што неўзабаве могуць трапіць пад скарачэньні. Адпаведны сыгнал ужо пададзены: некалькім дзясяткам чалавек не працягнулі кантракты, якія сканчаліся ў першым квартале 2013-га. Праўда, намесьнік старшыні камітэту Беларускага прафсаюзу работнікаў прамысловасьці Леанід Хаванскі пераконвае: нікога звальняць не зьбіраюцца:

«Пакуль там нічога падобнага не намячаецца. Пакуль гэта толькі словы, ніякага афіцыйнага пацьверджаньня няма».

Карэспандэнт: «А можаце пацьвердзіць, што заробкі з 5 мільёнаў зьнізіліся напалову?»

«Ня ведаю, бо я, на жаль, ня маю апошніх дадзеных па заробнай плаце».

Самі рабочыя кажуць, што адчулі ўдар па кішэнях пасьля таго, як тэлевізары «Гарызонт» зраўняліся коштам з мадэлямі непасрэдных канкурэнтаў і перасталі каціравацца найперш на расейскім рынку. Не дапамагла нават загараджальная мера ў выглядзе мыта на імпартаваную тэлевізійную тэхніку на тэрыторыі Мытнага зьвязу — тыя ж карэйскія вадкакрышталічныя тэлевізары маюць больш прывабныя кошты пры нашмат навейшых тэхналёгіях.

Паводле некаторых зьвестак, да 50% фінансавых паступленьняў «Гарызонт» атрымлівае не ад рэалізацыі прадукцыі, а ад здачы плошчаў у арэнду камэрсантам. Паступова завод пераўтвараецца ў зборачны цэх іншых брэндаў, скарачаючы ўласную вытворчасьць. У структуры холдынгу нават існуюць адмысловыя падразьдзяленьні рэалізацыі гандлёвых марак Wexler, Zelmer, BBK, Binatone.

Адмыслоўцы перакананыя: «Гарызонту» даўно трэба было каапэравацца з больш прасунутай профільнай кампаніяй. Прынамсі, партнэры маглі б забясьпечваць ноў-хаў, дзякуючы якому вытворчасьць у зьменлівай тэхналягічнай прасторы магла б мабільна рэагаваць на патрэбы спажыўцоў. Аналягавае тэлебачаньне, пад якое «заточана» гарызонтаўская вытворчасьць, ня мае пэрспэктываў, бо паўсюль на зьмену ідзе лічбавае. Але ў той час, як нават усясьветна вядомыя кампаніі заяўляюць пра нерэнтабэльнасьць телевытворчасьці і пераарыентацыю на іншыя сфэры (сярод апошніх прыкладаў — японскі «Панасонік»), беларускі гігант працягвае чапляцца за старыя тэхналёгіі і прадукаваць кінэскопныя тэлевізары.

Ад прапаноў пэрспэктыўнага супрацоўніцтва Менск ўхіліўся па ўласнай волі. У 1990-я на «Гарызонт» паклаў вока галяндзкі гігант «Філіпс». У Беларусь прыяжджалі эмісары кампаніі, прайшло шмат перамоваў з урадавымі чыноўнікамі, але справа зь месца так і ня зрушылася. Прадстаўнік галяндзкай фірмы Марцін Ван дэн Брук некалькі гадоў пражыў у Менску, спрабуючы інтэграваць савецкі па сваёй сутнасьці завод у эўрапейскую вытворчую мадэль. Але, згадваў ён у дакумэнтальнай стужцы рэжысэра Ўладзімера Коласа «Крызіс у раі», бакі размаўлялі на абсалютна розных мовах. І ня толькі ў літаральным сэнсе:
Калі мы прапаноўвалі новы дызайн, у адказ чулася: не, людзі ня будуць гэта купляць

«Нават размаўляць пра новы дызайн тэлевізараў з гэтымі начальнікамі было сапраўдным жахам. Калі мы прапаноўвалі новы дызайн, у адказ чулася: не, людзі ня будуць гэта купляць. Чаму не, калі купляюць „Філіпс“? — „Не, Марцін, у нас рускія традыцыі, у нас руская культура. Ты нічога не разумееш, бо ты з Захаду, а мы гэта робім па-свойму“. Увесь час адно і тое ж. І ў выніку вы маеце ўсё гэтае паскудзтва.

Я доўга імкнуўся зразумець: у чым прычына? Чаму ўсё ідзе ня так? Праз Лукашэнку? Можа. Празь міністраў? Можа. Гэта глябальная праблема ўсяго народа. Я ведаў Кебіча ў тыя часы. Калі б гэты чалавек застаўся пры ўладзе, гэта была б катастрофа. Бо тады б вы мелі ў кіраўніцтве шэфаў буйной прамысловасьці. І гэта пытанне — што лепей: мець ва ўладзе ў Менску селяніна ці кіраўнікоў прамысловасьці? Гэта добрае пытаньне. Але ня ўпэўнены, што кіраўнікі прамысловасьці былі б лепшымі, бо яны б распрадалі краіну за тыдзень. Ня буду нават казаць, каму».

Тым часам «Гарызонт» можа ўвогуле зьнікнуць з мапы Менску. Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму пацьвердзіў, што сёлета ў кастрычніку пачнецца маштабная перабудова прамысловага кварталу ў межах вуліц Куйбышава — Машэрава — Чырвонай — Кісялёва, дзе месьцяцца карпусы тэлезаводу. Абяцаюць, што за некалькі гадоў на гэтым месцы вырасьце дзелавы цэнтар. Некаторыя цэхі «Гарызонта» ўжо пераехалі ў прамысловую зону на паўднёвым захадзе сталіцы, а новым месцам прапіскі заводу, мяркуецца, стане Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк блізу Смалявічаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG