Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янукевіч: «Нельга называць вяртаньне швэдзкай амбасады саступкай Менску»


Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

Лідэр БНФ Аляксей Янукевіч пракамэнтаваў вяртаньне швэдзкай амбасады ў Менск.

Янукевіч: «Безумоўна, гэта сталася прыемнай нечаканасьцю — тое, што гэтае пытаньне вырашылася гэтак хутка. Але агулам мы ведалі, што вядуцца такія кансультацыі, і вельмі важна, што яны дасягнулі пазытыўнага выніку. Той фон, на якім прыйшла гэтая навіна — а менавіта пэўнае асьцярожнае наладжваньне адносінаў афіцыйнага Менску зь некаторымі краінамі Эўразьвязу — на маю думку, аказаў спрыяльнае ўзьдзеяньне.

У цэлым я лічу, што гэта зьяўляецца вельмі вялікім плюсам для стратэгічных пэрспэктываў разьвіцьця нашай краіны, у тым ліку і для дэмакратыі і свабоды ў Беларусі».

Цыганкоў: «На думку многіх беларускіх дэмакратычных актывістаў, галоўнай перашкодай для паляпшэньня ў адносінах Менску і Брусэля застаецца наяўнасьць палітвязьняў. Таму многія заклікаюць Эўропу не рабіць ніякіх крокаў насустрач Менску, пакуль ня вызваленыя палітвязьні. Ці можна меркаваць, што вырашэньне пытаньня з швэдзкай амбасадай ускосна сьведчыць, што палітвязьні хутка выйдуць на волю?»

Янукевіч: «Так, і гэта было заяўлена ў сумеснай заяве БНФ, руху „За свабоду“ і кампаніі „Гавары праўду“, што дыялёг можа аднавіцца толькі пасьля таго, як палітвязьні выйдуць на волю. Аднак пытаньне наяўнасьці швэдзкай амбасады ў Беларусі — гэта не пытаньне нейкіх саступак беларускай уладзе.

Я думаю, што ёсьць спадзяваньні на тое, што палітвязьні выйдуць на волю досыць хутка. Аднак, паўтаруся, нават калі такая магчымасьць і бралася пад увагу швэдзкім бокам, то я не лічу, што яна была вырашальнай. Бо адна справа — гэта нейкія крэдыты, інвэстыцыі, прэфэрэнцыі. Гэтыя пытаньні ўвязваюцца з праблемай палітвязьняў.

І зусім іншае — праца амбасады, магчымасьці для швэдзкіх дыпляматаў знаходзіцца ў Беларусі, бачыць, што тут адбываецца, даносіць інфармацыю да свайго ўраду. Мне здаецца, гэтыя пытаньні знаходзяцца па-за дужкамі, па-за тэмай палітвязьняў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG